§ 16. Развіццё гарадоў, рамёстваў, гандлю у сярэдзіне ХІІІ ст. – першай палове ХVI ст.

1. Станаўленне гарадоў як рамесна-гандлёвых цэнтраў

У XIV — ​першай палове XVI ст. на беларускіх землях адбываўся значны рост гарадоў і гарадскога насельніцтва. Гэтаму садзейнічала ўмацаванне вярхоўнай улады. Вялікія князі не дазвалялі мясцовым князям парушаць цэласнасць дзяржавы. Насельніцтва гарадоў павялічвалася за кошт перасялення сялян, яўрэяў, рассялення татар, ваеннапалон­ных і натуральнага прыросту.

У пісьмовых крыніцах сярэдзіны XVI ст. згадваецца каля 40 гарадоў на тэрыторыі Беларусі. Самымі буйны́мі з’яўляліся Полацк, Віцебск, Слуцк, Магілёў, Пінск. У Полацку, напрыклад, пражывала каля 20 тыс. жыхароў. Але такіх гарадоў было няшмат. Пераважалі сярэднія гарады з колькасцю насельніцтва ў межах 2—4 тыс. чалавек. Да іх адносіліся Гародня, Новагародак, Менск, Берасце і іншыя пасяленні.

Прыватнаўласніцкія гарады складалі ў XVI ст. каля 40 % ад усіх гарадоў Беларусі. Да такіх гарадоў можна аднесці Нясвіж — ​уласнасць Радзівілаў, Ружаны — ​уласнасць Сапегаў, Лагойск — ​уласнасць Тышкевічаў.

У дзяржаўных паселішчах магнаты, царква або манастыр маглі валодаць цэлымі гарадскімі кварталамі — ​юрыдыкамі. На іх жыхароў не распаўсюджвалася гарадская ўлада. Утвараліся юрыдыкі ў выніку перасялення сялян на гарадскія ўчасткі ці ва ўладанні феадалаў або пераезду саміх гараджан.

Гарадское насельніцтва займалася рамяством, гандлем і нават сельскай гаспадаркай. Колькасць рамесных спецыяльнасцяў павялічылася. Найбольш пашыранымі відамі рамёстваў са значнай колькасцю прафесій былі апрацоўка скур і футра, выраб адзення, тканін, прадуктаў харчавання, апрацоўка металу і выраб зброі, дрэваапрацоўка, будаўніцтва.

Ва ўсіх гарадах у вызначаныя дні, звычайна раз-два на тыдзень, адбываліся таргі. Для іх правядзення адводзіліся спецыяльныя месцы — ​рынкі.

Гандаль ажыццяўляўся па суднаходных рэках і сухапутных шляхах. Асноўны паток тавараў ішоў па Заходняй Дзвіне, Нёману і Бугу ў Данію, Швецыю, Свя­шчэнную Рымскую імперыю і іншыя краіны. У адным з дакументаў таго часу зана­тавана: «З Літвы вывозяцца цвёрдыя, сплаўленыя агнём кавалкі яловага, вязавага, ліпавага і вербнага попелу (паташу), на які вялікі попыт сярод суконшчыкаў і мылавараў, каровы і добрага вырабу скуры, пшаніца, смала, каноплі, лён, мёд, воск, сала і розныя каштоўныя футры — ​усё гэта дзеліцца паміж прусакамі, шведамі, датчанамі і немцамі. А прывозіць рака Дзвіна ў Літву і Маскву соль, віно, цэльныя залатыя і сярэбраныя яхімкі (манеты)». Таксама караваны рачных суднаў перавозілі жыта, ячмень, пшаніцу, попел, абчасаную драўніну, клёпкі.

Дарогі ў ВКЛ былі грунтавыя і адпавядалі асаблівасцям рэльефу мясцовасці. Для пераадолення рэк выкарыстоўваліся брады, масты і перавозы (паромныя пераправы). За станам дарог сачылі мастаўнічыя, а будаўніцтвам і рамонтам мастоў займаліся спецыяльныя людзі, якіх называлі «борці».

Развіццю гандлю садзейнічала ўдасканаленне грашовай сістэмы. Пры князю Вітаўце пачалі біць невялікую сярэбраную манету, так званы «літоўскі дэнарый» або «пенязь». Вялікі князь Аляксандр арганізаваў у Вільні ў 1492 г. манетны двор. У той час грашова-вагавая сістэма ВКЛ выглядала наступным чынам: 60 літоўскіх гро­шаў = 1 капá. У XVI ст. за адну капу можна было набыць чатыры каровы.

У гарадах будынкі былі пераважна драўляныя. Нават гарадскія ўмацаванні ўзводзіліся з дрэва. Толькі храмы (цэрквы, касцёлы), як правіла, будавалі з цэглы і каменю. Новым элементам гарадской архітэктуры можна назваць моцныя мураваныя замкі, пастаўленыя ў XІV—XV стст. для абароны ад набегаў крыжакоў. Прыклад — ​Лідскі замак, вакол якога стала актыўна развівацца гарадское паселішча.