§ 16. Развіццё гарадоў, рамёстваў, гандлю у сярэдзіне ХІІІ ст. – першай палове ХVI ст.
1. Успомніце, што такое горад.
2. Якую ролю адыгрывала права на самакіраванне ў развіцці гарадоў Заходняй Еўропы?
3. З якімі краінамі гандлявалі беларускія землі ў ІХ—ХІІІ стст.?
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XVIII ст. |
Книга: | § 16. Развіццё гарадоў, рамёстваў, гандлю у сярэдзіне ХІІІ ст. – першай палове ХVI ст. |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Четверг, 22 Май 2025, 07:59 |
1. Станаўленне гарадоў як рамесна-гандлёвых цэнтраў
У XIV — першай палове XVI ст. на беларускіх землях адбываўся значны рост гарадоў і гарадскога насельніцтва. Гэтаму садзейнічала ўмацаванне вярхоўнай улады. Вялікія князі не дазвалялі мясцовым князям парушаць цэласнасць дзяржавы. Насельніцтва гарадоў павялічвалася за кошт перасялення сялян, яўрэяў, рассялення татар, ваеннапалонных і натуральнага прыросту.
У пісьмовых крыніцах сярэдзіны XVI ст. згадваецца каля 40 гарадоў на тэрыторыі Беларусі. Самымі буйны́мі з’яўляліся Полацк, Віцебск, Слуцк, Магілёў, Пінск. У Полацку, напрыклад, пражывала каля 20 тыс. жыхароў. Але такіх гарадоў было няшмат. Пераважалі сярэднія гарады з колькасцю насельніцтва ў межах 2—4 тыс. чалавек. Да іх адносіліся Гародня, Новагародак, Менск, Берасце і іншыя пасяленні.
Прыватнаўласніцкія гарады складалі ў XVI ст. каля 40 % ад усіх гарадоў Беларусі. Да такіх гарадоў можна аднесці Нясвіж — уласнасць Радзівілаў, Ружаны — уласнасць Сапегаў, Лагойск — уласнасць Тышкевічаў.
У дзяржаўных паселішчах магнаты, царква або манастыр маглі валодаць цэлымі гарадскімі кварталамі — юрыдыкамі. На іх жыхароў не распаўсюджвалася гарадская ўлада. Утвараліся юрыдыкі ў выніку перасялення сялян на гарадскія ўчасткі ці ва ўладанні феадалаў або пераезду саміх гараджан.
Гарадское насельніцтва займалася рамяством, гандлем і нават сельскай гаспадаркай. Колькасць рамесных спецыяльнасцяў павялічылася. Найбольш пашыранымі відамі рамёстваў са значнай колькасцю прафесій былі апрацоўка скур і футра, выраб адзення, тканін, прадуктаў харчавання, апрацоўка металу і выраб зброі, дрэваапрацоўка, будаўніцтва.
Ва ўсіх гарадах у вызначаныя дні, звычайна раз-два на тыдзень, адбываліся таргі. Для іх правядзення адводзіліся спецыяльныя месцы — рынкі.
Гандаль ажыццяўляўся па суднаходных рэках і сухапутных шляхах. Асноўны паток тавараў ішоў па Заходняй Дзвіне, Нёману і Бугу ў Данію, Швецыю, Свяшчэнную Рымскую імперыю і іншыя краіны. У адным з дакументаў таго часу занатавана: «З Літвы вывозяцца цвёрдыя, сплаўленыя агнём кавалкі яловага, вязавага, ліпавага і вербнага попелу (паташу), на які вялікі попыт сярод суконшчыкаў і мылавараў, каровы і добрага вырабу скуры, пшаніца, смала, каноплі, лён, мёд, воск, сала і розныя каштоўныя футры — усё гэта дзеліцца паміж прусакамі, шведамі, датчанамі і немцамі. А прывозіць рака Дзвіна ў Літву і Маскву соль, віно, цэльныя залатыя і сярэбраныя яхімкі (манеты)». Таксама караваны рачных суднаў перавозілі жыта, ячмень, пшаніцу, попел, абчасаную драўніну, клёпкі.
Дарогі ў ВКЛ былі грунтавыя і адпавядалі асаблівасцям рэльефу мясцовасці. Для пераадолення рэк выкарыстоўваліся брады, масты і перавозы (паромныя пераправы). За станам дарог сачылі мастаўнічыя, а будаўніцтвам і рамонтам мастоў займаліся спецыяльныя людзі, якіх называлі «борці».
Развіццю гандлю садзейнічала ўдасканаленне грашовай сістэмы. Пры князю Вітаўце пачалі біць невялікую сярэбраную манету, так званы «літоўскі дэнарый» або «пенязь». Вялікі князь Аляксандр арганізаваў у Вільні ў 1492 г. манетны двор. У той час грашова-вагавая сістэма ВКЛ выглядала наступным чынам: 60 літоўскіх грошаў = 1 капá. У XVI ст. за адну капу можна было набыць чатыры каровы.
У гарадах будынкі былі пераважна драўляныя. Нават гарадскія ўмацаванні ўзводзіліся з дрэва. Толькі храмы (цэрквы, касцёлы), як правіла, будавалі з цэглы і каменю. Новым элементам гарадской архітэктуры можна назваць моцныя мураваныя замкі, пастаўленыя ў XІV—XV стст. для абароны ад набегаў крыжакоў. Прыклад — Лідскі замак, вакол якога стала актыўна развівацца гарадское паселішча.
2. Мястэчкі
У ХV ст. на беларускіх землях пачалі з’яўляцца паселішчы, якія займалі прамежкавае становішча паміж горадам і вёскай. Традыцыйна яны называліся мястэчкамі, або малымі гарадамі. Іх узнікненне было абумоўлена развіццём таварна-грашовых адносін і гандлю. Паступова сельскае насельніцтва стала ўцягвацца ў рыначнае абарачэнне, прадаваць прадукцыю, вырашчаную на палетках. Гэта прывяло да ўзнікнення таргоў. Прычым гандаль арганізоўваўся ў розных месцах: каля замкаў, храмаў, на перакрыжаваннях дарог, па берагах рэк, азёр, нават каля існуючых гарадоў. З такіх месцаў часта фарміравалася мястэчка.
Жыхары малых гарадоў, як і сяляне, займаліся сельскагаспадарчай працай. Але сярод іх нямала было рамеснікаў, гандляроў, трымальнікаў корчмаў, млыноў, бровараў, людзей, якія абслугоўвалі дарогі, феадальныя двары. У буйны́х мястэчках таксама існавалі юрыдыкі, а некаторыя з іх, напрыклад, Заслаўе, Лоск, Любча, былі значнымі цэнтрамі культурнага жыцця.
Невялікія мястэчкі ўяўлялі сабой адну вуліцу, частка якой часам адводзілася пад рынак. Буйны́я мястэчкі мелі рэгулярную забудову з сеткай вуліц, асобны рынак, пасады. Але ў большасці з іх адсутнічалі гарадскія ўмацаванні. Вучоныя прыйшлі да высновы, што найболей мястэчак утварылася ў Панямонні.
3. Магдэбургскае права
З канца ХІV ст., пасля Крэўскай уніі, гарады Беларусі пачалі атрымліваць ад вялікіх князёў літоўскіх права на самакіраванне, якое традыцыйна называецца магдэбургскім правам. Яно вызначала правы і абавязкі мяшчан.
У межах канкрэтнага горада жыхары стваралі органы мясцовага самакіравання, выбіралі свае суды, кантралявалі фінансава-гандлёвую дзейнасць насельніцтва, адказвалі за абарону.
Першым горадам ВКЛ, які атрымаў права на самакіраванне, была Вільня (1387 г.). З беларускіх гарадоў такім лічыцца Берасце (1390 г.). Пасля гэтае права атрымалі Слуцк (1441 г.), Высокае (1494 г.), Гародня (1496 г.), Полацк (1498 г.), Менск (1499 г.) і іншыя.
Згодна з магдэбургскім правам горадам кіраваў выбарны адміністрацыйны і судовы орган — магістрат, які складаўся з рады і лавы. Рада ажыццяўляла кіраванне горадам і выконвала функцыі суда па грамадзянскіх і маёмасных справах гараджан. Члены рады (радцы) выбіраліся мяшчанамі і купцамі на тры гады. Радцы штогод абіралі двух бурмістраў. Апошнія разам з войтам, які звычайна прызначаўся вялікім князем, кіравалі горадам. Лава з’яўлялася гарадскім судовым органам па крымінальных злачынствах. На пасяджэннях у лаве старшынстваваў войт або яго намеснік.
У прывілеі гораду Менску на магдэбургскае права вялікі князь літоўскі Аляксандр надаў жыхарам горада «права нямецкае … на вечныя часы». Войты павінны былі атрымліваць кожны «трэці пенязь ад усіх судоў і судовых устаноў», прыбыткі ад дзвюх мясных крам, дзвюх корчмаў. Паступленні ад астатніх крам ішлі на патрэбы ратушы. Менскія мяшчане мелі права выбіраць дванаццаць радцаў, кляйміць вытаплены воск, браць дрэва ў лесе за тры мілі ад горада, а таксама ў велікакняжацкіх лясах, пабудаваць грамадскую лазню, новы млын, ратушу з таварнай крамай, хлебнай клеццю і цырульняй. Дзяржаве Менск павінен быў штогод на Вялікдзень аддаваць 60 коп грошай, «карчомны чынш», серабшчыну (ваенны падатак), мытныя пошліны, прыбыткі ад старога млына.
Даследчыкі лічаць, што нормы магдэбургскага права ў гарадах Беларусі адрозніваліся ад падобных нормаў феадальнага права Германіі. У прыватнасці, адсутнічала дакладнае размежаванне функцый паміж радай і лавай, войты прызначаліся вялікім князем, мяшчане прымалі актыўны ўдзел у выбарах самакіравання, існавала пасада лаўніка, гараджане кантралявалі фінансавую дзейнасць рады.
Такім чынам, у сярэдзіне ХІІІ — першай палове XVI ст. гарады паступова пачалі выконваць дзве новыя функцыі — адміністрацыйную і культурную, захоўваючы статус гандлёва-рамесных цэнтраў. Але натуральная гаспадарка стрымлівала развіццё таварна-грашовых адносін. Да таго ж самавольства феадалаў і шматлікія грашовыя і натуральныя мытныя зборы перашкаджалі гандлёвай дзейнасці мяшчан.
4. Пачатак фарміравання ўнутранага рынку
З развіццём гарадского рамяства і гандлю паступова пачалі складвацца перадумовы для фарміравання ўнутранага рынку: прадукцыя рамеснікаў, якая выраблялася ў пэўным горадзе, прапаноўвалася для абмену (на продаж).
Калі большасць рамеснікаў аднаго горада або мястэчка пачынала ствараць вырабы аднаго віду, можна было казаць аб спецыялізацыі рамеснай вытворчасці. На беларускіх землях спецыялізацыя рамяства ў гарадах пачала складвацца ў XIV—XV стст. Так, у Гародні пераважалі спецыялісты будаўнічых прафесій. Там было шмат камнячосаў, брукароў, кафельшчыкаў. Капыль славіўся вырабам адзення і ткацтвам. З XVІ ст. Магілёў стаў вядомы кушнерскім рамяством, Слуцк — гарбарным, Дзісна — ганчарным, Менск — апрацоўкай металаў.
Развіццё рачного гандлю прывяло да з’яўлення буйны́х рачных прычалаў у такіх гарадах, як Віцебск, Полацк (Заходняя Дзвіна), Пінск (Піна), Бабруйск (Бярэзіна). Сфарміраваліся цэнтры кірмашовага гандлю на важных сухапутных гандлёвых шляхах, напрыклад, Нясвіж, Новагародак, Орша, Шклоў, Капыль.
Пытанні і заднні
1. Складзіце крыжаванку з выкарыстаннем наступных паняццяў: юрыдыка, мястэчка, магдэбургскае права, магістрат, гарадскі войт, гарадская рада, гарадская лава. Канкрэтызуйце гэтыя паняцці гістарычнымі з’явамі або фактамі і растлумачце сувязі паміж імі.
2. Назавіце фактары росту насельніцтва гарадоў ў сярэдзіне ХІІІ — XVI ст.
3. На падставе схемы і пункта 1 складзіце ментальную карту (схему, гекс) «Гарады ВКЛ як рамесна-гандлёвыя цэнтры».
4. Назавіце фактары, якія садзейнічалі захаванню гарадамі ў сярэдзіне ХІІІ — першай палове XVI ст. функцыі гандлёва-рамесніцкіх цэнтраў. Складзіце лагічны ланцужок, які адлюстроўвае сувязі паміж гэтымі фактарамі.
5. Вызначце асаблівасці магдэбургскага права ў беларускіх гарадах у параўнанні з такім правам у Еўропе.
6. Апішыце развіццё рамяства ў беларускіх гарадах у сярэдзіне ХІІІ — першай палове XVI ст.
7. Чым былі абумоўлены асноўныя кірункі знешняга гандлю?
8. Якія фактары ўплывалі на фарміраванне ўнутранага рынку і спецыялізацыі гаспадаркі? 9. Правядзіце даследаванне, прысвечанае мястэчкам вашай малой радзімы, іх гандлёвым зносінам, асаблівасцям развіцця.