§ 15. Развіццё феадальных адносін на беларускіх землях у сярэдзіне ХІІІ ст. — першай палове ХVI ст.

1. Аграрны характар эканомікі ВКЛ

Аснову эканомікі Вялікага Княства Літоўскага складала сельская гаспадарка, а большую частку насельніцтва — сяляне. Вядучымі заняткамі з’яўляліся земляробства, жывёлагадоўля і сельскае рамяство, а дапаможнымі — бортніцтва, паляванне і рыбалоўства.

Сяляне вырошчвалі жыта, авёс, ячмень, пшаніцу, грэчку і іншыя культуры. Ураджайнасць заставалася нізкай: ураджай быў большым за аб’ём зерня, затрачанага на пасеў, толькі ў 3–4 разы пры трохпольным севазвароце.

Прылады працы для апрацоўкі зямлі развіваліся вельмі марудна і захоўвалі свой выгляд практычна нязменным аж да пачатку ХХ ст. Саха, лёгкі плуг, драўляная барана, каса, цэп, веялка-шуфлік — такім быў асноўны сялянскі інвентар. У якасці цяглавай сілы на захадзе і на поўдні Беларусі часцей выкарыстоўвалі валоў, а на паўночным усходзе — коней.Сяляне вырошчвалі жыта, авёс, ячмень, пшаніцу, грэчку і іншыя культуры. Ураджайнасць заставалася нізкай: ураджай быў большым за аб’ём зерня, затрачанага на пасеў, толькі ў 3–4 разы пры трохпольным севазвароце.

Сялянская гаспадарка ў цэлым насіла натуральны характар. Усё неабходнае для жыцця (прылады працы, посуд, тканіны, адзенне, абутак) сем’і выраблялі самастойна.

Залежнасць сялян ад феадалаў праяўлялася ў выплаце натуральнага або грашовага аброку («дзякла» — жытам, пшаніцай, сенам; «мезлева» — прадуктамі бортніцтва і палявання; «чынш» — грашамі) і адпрацоўцы паншчыны. Да сярэдзіны XVI ст. памер сялянскіх павіннасцей не быў строга вызначаны — яны выконваліся пароўну з кожнай гаспадаркі незалежна ад колькасці зямлі.