Печатать книгуПечатать книгу

§ 15. Развіццё феадальных адносін на беларускіх землях у сярэдзіне ХІІІ ст. — першай палове ХVI ст.

1. Успомніце, што такое саслоўе.
2. Калі і чаму ў Заходняй Еўропе склалася прыгоннае права?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XVIII ст.
Книга: § 15. Развіццё феадальных адносін на беларускіх землях у сярэдзіне ХІІІ ст. — першай палове ХVI ст.
Напечатано:: Гость
Дата: Четверг, 22 Май 2025, 07:48

1. Аграрны характар эканомікі ВКЛ

Аснову эканомікі Вялікага Княства Літоўскага складала сельская гаспадарка, а большую частку насельніцтва — сяляне. Вядучымі заняткамі з’яўляліся земляробства, жывёлагадоўля і сельскае рамяство, а дапаможнымі — бортніцтва, паляванне і рыбалоўства.

Сяляне вырошчвалі жыта, авёс, ячмень, пшаніцу, грэчку і іншыя культуры. Ураджайнасць заставалася нізкай: ураджай быў большым за аб’ём зерня, затрачанага на пасеў, толькі ў 3–4 разы пры трохпольным севазвароце.

Прылады працы для апрацоўкі зямлі развіваліся вельмі марудна і захоўвалі свой выгляд практычна нязменным аж да пачатку ХХ ст. Саха, лёгкі плуг, драўляная барана, каса, цэп, веялка-шуфлік — такім быў асноўны сялянскі інвентар. У якасці цяглавай сілы на захадзе і на поўдні Беларусі часцей выкарыстоўвалі валоў, а на паўночным усходзе — коней.Сяляне вырошчвалі жыта, авёс, ячмень, пшаніцу, грэчку і іншыя культуры. Ураджайнасць заставалася нізкай: ураджай быў большым за аб’ём зерня, затрачанага на пасеў, толькі ў 3–4 разы пры трохпольным севазвароце.

Сялянская гаспадарка ў цэлым насіла натуральны характар. Усё неабходнае для жыцця (прылады працы, посуд, тканіны, адзенне, абутак) сем’і выраблялі самастойна.

Залежнасць сялян ад феадалаў праяўлялася ў выплаце натуральнага або грашовага аброку («дзякла» — жытам, пшаніцай, сенам; «мезлева» — прадуктамі бортніцтва і палявання; «чынш» — грашамі) і адпрацоўцы паншчыны. Да сярэдзіны XVI ст. памер сялянскіх павіннасцей не быў строга вызначаны — яны выконваліся пароўну з кожнай гаспадаркі незалежна ад колькасці зямлі.

2. Пазямельныя адносіны ў Вялікім Княстве Літоўскім

У Вялікім Княстве Літоўскім вярхоўным уласнікам зямлі лічыўся вялікі князь. Акрамя асабістых уладанняў ён кантраляваў дзяржаўныя землі, якія ў сярэдзіне ХVІ ст. складалі амаль палову тэрыторыі ВКЛ. За выкананне дзяржаўнай службы, удзел у абароне краіны вялікі князь перадаваў феадалам зямлю з сялянамі. Падобныя памесныя маёнткі яны атрымлівалі на розныя тэрміны — ​напрыклад, «на вечнасць», г. зн. з правам перадачы зямлі ў спадчыну жонцы, дзецям, або «да жывата», іначай кажучы, пажыццёва. Такая форма феадальнага землеўладання называецца ўмоўнай.

Побач з велікакняжацкімі ўладаннямі існавалі вотчынныя маёнткі, якія перадаваліся ў спадчыну і з’яўляліся прыватнай уласнасцю феадала. У канцы ХІV ст. такія землі складалі да 65 % тэрыторыі ВКЛ. У асноўным яны належалі нашчадкам князёў, якія паходзілі з дынастый Рурыкавічаў і Гедзімінавічаў, або былі царкоўнымі ўладаннямі.

На зямлі феадалаў працавалі залежныя сяляне. Сям’я селяніна з сядзібай, інвентаром і зямельным надзелам складала асобны двор, які ў той час называлі дымам. Дымы адной вёскі ўтваралі абшчыну, або грамаду. У яе агульным карыстанні меліся сенакосы, дадатковыя ворыўныя землі. Грамада несла адказнасць перед феадалам за выкананне павіннасцяў пры дапамозе кругавой парукі і копнага суда. Члены грамады на сельскім сходзе выбіралі сваё мясцовае кіраванне: старцаў, дзясяцкіх. Абшчына абараняла сялян ад самавольства феадалаў.

Часам сем’і разрасталіся і ўтвараліся дварышчы (10 і болей сваяцкіх сем’яў). Яны пераважалі на поўдні Беларусі — ​Палессі. Дварышчы карысталіся агульным інвентаром, сумесна вялі гаспадарку і пароўну дзялілі ўраджай. Яны маглі запрашаць да працы і прышлых людзей, якіх называлі «прымакамі», «сябрамі», «патуж­нікамі».

3. Асноўныя этапы запрыгоньвання сялян

Паступова ў Вялікім Княстве Літоўскім складвалася прыгоннае права — асабістая залежнасць сялян ад феадалаў.

Поўнай уласнасцю феадала з’яўлялася «чэлядзь нявольная», якая не вяла сваёй гаспадаркі і жыла ў яго маёнтку. Асноўная частка сялян да аграрнай рэформы Жыгімонта ІІ Аўгуста падзялялася на людзей «пахожых» і «непахожых». «Пахожыя» (большасць сялян) мелі права пераходзіць ад аднаго феадала да другога, іх нельга было перадаць у спадчыну. «Непахожыя» былі пазбаўлены такога права і лічыліся прыгоннымі.

Пачатак афармленню прыгоннага права паклаў прывілей Казіміра Ягайлавіча 1447 г., у якім вялікі князь загадаў феадалам не прымаць у сваіх уладаннях сялян, што збеглі з дзяржаўных маёнткаў. Таксама феадалы атрымалі права вотчыннага суда над сялянамі.

Статут ВКЛ 1529 г. увёў «земскую даўніну» — перыяд жыцця селяніна на зямлі феадала, пасля якога селянін станавіўся непахожым. «Даўніна» была вызначана 10 гадамі. Статут пакідаў для сялян магчымасць пераходзіць ад аднаго феадала да другога толькі раз у год на падставе мясцовай дамовы паміж федаламі з абавязковай выплатай пэўнай сумы грошаў — пажылога (5 коп літоўскіх грошаў).

Статут ВКЛ 1566 г. дазволіў шукаць збеглых сялян на працягу 10 гадоў і вызначыў пакаранні тым, хто іх прыняў. Статут 1588 г. павялічыў тэрмін пошуку да 20 гадоў, а памер пажылога — да 10 коп літоўскіх грошаў.

Такім чынам, у канцы ХVІ ст. у Вялікім Княстве Літоўскім канчаткова аформілася прыгоннае права. Сялян можна было прадаваць, абменьваць, аддаваць у заклад. Пасол Свяшчэннай Рымскай імперыі Сігізмунд Герберштэйн, праязджаючы праз тэрыторыю ВКЛ у Маскоўскую дзяржаву, адзначаў: «Народ … прыгнечаны цяжкім рабствам. Таму што любы, хто валодае ўладай, можа зайсці ў жытло селяніна і … без пагрозы пакарання зрабіць усё, што пажадае … нават жорстка пабіць селяніна».

4. Складванне станаў-саслоўяў феадальнага грамадства

Развіццё феадальных адносін на беларускіх землях суправаджалася падзелам грамадства на саслоўі. У Вялікім Княстве Літоўскім для абазначэння саслоўяў ужывалі тэрмін «стан». Пад станамі-саслоўямі ў феадальным грамадстве разумеліся групы людзей, якія мелі аднолькавае прававое становішча. Склаліся яны ў XVI ст. Да гэтага часу ішоў працэс іх станаўлення.

У XVI—XVIІІ стст. пануючым, прывілеяваным саслоўем у Вялікім Княстве Літоўскім была шляхта. Толькі ёй належала выключнае права на валоданне зямлёй. Вялікія князі ў прывілеях ад 1387, 1432, 1434 гг. гарантавалі шляхце права ўласнасці на свае маёнткі. Так­сама прадстаўнікі гэтага стану былі вызвалены ад большасці грашовых і натуральных павіннасцяў на карысць дзяржавы. Казімір Ягайлавіч дазволіў шляхце вяршыць суд над падданымі ў яе ўласных маёнтках. Статуты ВКЛ юрыдычна аформілі шляхту ў замкнёнае (карпаратыўнае) саслоўе.

Усіх шляхціцаў аб’ядноўваў адзін абавязак — выкананне ваеннай служ­бы. Займацца рамяством ці гандлем лічылася для іх ганебнай справай. Людзі «простага стану» — сяляне і гараджане — маглі трапіць у шляхецкае саслоўе толькі за выключныя ваенныя ці іншыя заслугі перад дзяржавай па рашэнні вялікага князя, сойма або гетмана.

Шляхціцы былі роўнымі паміж сабой у палітычных правах. Пашыраны быў выраз: «Шляхціц шляхціцу брат». А вось у маёмасных адносінах яны істотна розніліся. Навукоўцы вылучаюць некалькі катэгорый шляхты.

У XVI—XVIІІ стст. агульная колькасць прадстаўнікоў шляхецкага саслоўя складала да 8—10 % насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага.

Па сваім сацыяльна-юрыдычным становішчы да шляхты прымыкала духавен­ства. Гэты стан аб’ядноўваў людзей, якія займаліся выкананнем рэлігійных абрадаў і ўтваралі асобную арганізацыю (карпарацыю). У ВКЛ жылі прадстаўнікі духавенства розных хрысціянскіх канфесій: праваслаўнай, каталіцкай, уніяцкай і інш. У роз­ныя часы яны займалі неаднолькавае становішча. Да канца ХVI ст. на беларускіх землях колькасна пераважала праваслаўнае духавенства. Пасля ўтварэння Вілен­скага біскупства сфарміравалася іерархія каталіцкіх святароў. Яны карысталіся пад­трымкай з боку дзяржаўнай улады. Колькасць зямлі, якая належала каталіцкай царкве, у два разы перавышала землеўладанне праваслаўнай царквы.

Духавенства, як і шляхта, у маёмасных адносінах было неаднародным. Таксама існавалі адрозненні і па сацыяльна-маёмасным становішчы. Мітрапаліты, епіскапы, архімандрыты буйны́х манастыроў адносіліся да прывілеяванай шляхты. Ніжэйшае духавенства (святары, псаломшчыкі і інш.) найчасцей прымыкала да сялян і бедных гараджан.

Жыхароў гарадоў называлі мяшчанамі. Іх назва паходзіць ад слова «места», што ў перакладзе з польскай мовы азначае «горад». У ВКЛ тэрмін «мяшчане» замацаваўся за жыхарамі гарадоў у другой палове XV ст. Гэтае саслоўе ўключала рамеснікаў, купцоў, домаўладальнікаў і іншыя катэгорыі гараджан. Правы і абавязкі прадстаўнікоў мяшчанскага стану вызначалі Статуты ВКЛ і прывілеі вялікіх князёў аб наданні гарадам права на самакіраванне. У паселішчах з магдэбургскім правам мяшчане маглі арганізоўваць суд, выбіраць гарадскую адміністрацыю, ствараць цэхі, кантраляваць гандаль і збор падаткаў.

Як шляхта і духавенства, мяшчане ў маёмасных адносінах падзяляліся на тры асноўныя пласты.

Сяляне складалі самае шматлікае саслоўе ў краіне, якое налічвала 70 % насель­ніцтва. Стан аформіўся да сярэдзіны XVI ст., калі асноўная маса сялян была за­прыгонена. Гэтае саслоўе складалася з пяці асноўных груп.

Сяляне, якія за карыстанне зямлёй выконвалі паншчыну, называліся «цяглымі». З адной валокі яны павінны былі выканаць 2 дні паншчыны ў тыдзень, 4 дні згонаў у год, заплаціць 21 грош чыншу, аддаць натуральны аброк (дзве бочкі аўса, адзін воз сена, адну гусь, дзве курыцы, дваццаць яек). Сяляне, якія за карыстанне зямлёй плацілі чынш, называліся «асаднымі». З адной валокі зямлі яны выконвалі 12 дзён згонаў у год, плацілі 21 грош чыншу, аддавалі аброк у тым жа памеры, што і цяглыя двары. Згонамі называліся тэрміновыя сельскагаспадарчыя работы, звязаныя, як правіла, з сенакосам і жнівом. На іх выходзілі ўсе працаздольныя члены сям’і. Сяляне-агароднікі мелі невялікія надзелы пры сядзібе, за карыстанне якімі павінны былі адпрацоўваць адзін дзень паншчыны ў тыдзень на зямлі феадала.

Сяляне-слугі ў якасці асноўнай павіннасці неслі службу: воінскую, кур’ерскую, гаспадарча-адміністрацыйную. Сярод іх вылучаліся зямяне, баяры, леснікі, асоч­нікі, бортнікі, ніжэйшая вясковая адміністрацыя (цівуны, сотнікі, старцы, войты і інш.). Путныя баяры неслі кур’ерскую (паштовую) службу, а панцырныя баяры — ​ваенную. За гэта яны атрымлівалі дзве валокі зямлі, з якіх плацілі грашовы чынш. Асочнікі ахоўвалі лясы і пушчы вялікага князя ці буйны́х феадалаў, рыхтавалі ім паляванне, самі здабывалі для панскага двара дзічыну. Да бортнікаў адносіліся сяляне, якія займаліся пчалярствам. Да слуг прымыкалі сельскія рамеснікі.

Параўнаўча невялікай колькасцю была прадстаўлена група беззямельных сялян. Іх называлі «бабылямі», «каморнікамі», «кутнікамі», «халупнікамі».

На працягу другой паловы XVI — XVIІІ ст. адбывалася паступовае збліжэнне сацыяльнага становішча роз­ных катэгорый сялян. Напрыклад, з-за павелічэння зямельных надзелаў сяляне-агароднікі зліваліся з асноўнай масай прыгонных. Да канца XVIІІ ст. самая заможная частка сялян — ​баяры і зямяне — ​ператварылася ў чыншавых сялян, паступова зніклі адрозненні паміж асаднымі і чыншавымі сялянамі: і тыя і другія сталі спалучаць паншчыну з грашовым аброкам.

Маёмасная дыферэнцыяцыя сялян паскорылася ў XVIІ—XVIІІ стст. Самі земле­ўласнікі ў канцы XVIІІ ст. падзялялі сваіх падданых або на тры (багатыя, сярэднія, бедныя), або на чатыры групы (багатыя, заможныя, сярэднія, бедныя).

Пытанні і заданні

1. Канкрэтызуйце паняцці дым, грамада, памесце, вотчына, прыгоннае права, пахожыя сяляне, непахожыя сяляне, земская даўніна, пажылое, саслоўе, шляхта, духавенства, мяшчане, сяляне гістарычнымі з’явамі або фактамі і растлумачце сувязі паміж імі.
2. Ахарактарызуйце арганізацыю працы і жыцця сялян у XIV–XVI стст.
3. Параўнайце чынш і дзякла; памесце і вотчыну.
4. Запоўніце табліцу.

5. Як складваліся пазямельныя і асабістыя адносіны паміж феадаламі? Складзіце схему «Пазямельныя адносіны ў Вялікім Княстве Літоўскім».
6. Назавіце формы феадальнага землеўладання.
7. На якія станы-саслоўі падзялялася грамадства ВКЛ? Складзіце «воблакі слоў» з характарыстыкай становішча розных саслоўяў ВКЛ.
8. Назавіце прычыны збліжэння сацыяльнага становішча розных катэгорый сялян на працягу другой паловы XVI — XVIІІ ст.