§13. Уключэнне беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі

5. Паўстанне 1794 г. і трэці падзел Рэчы Паспалітай

Прагрэсіўная частка шляхты паспрабавала захаваць дзяржаўную самастойнасць краіны, узнавіць Рэч Паспалітую ў межах 1772 г. 24 сакавіка 1794 г. пачалося вызваленчае паўстанне. Яго кіраўніком стаў генерал Тадэвуш Касцюшка.

Паўстанне пачалося ў г. Кракаве і хутка ахапіла тэрыторыю Польшчы, Літвы і Заходняй Беларусі. Агульная колькасць удзельнікаў складала каля 30 тыс. чалавек. Каб прыцягнуць на бок паўстання сялян, Т. Касцюшка выдаў Паланецкі ўніверсал. Гэты дакумент абвяшчаў магчымасць прадастаўлення сялянам асабістай свабоды пры ўмове іх разліку з феадалам, скарачэнне паншчыны, права сялян на зямлю, якую яны апрацоўвалі. Але не ўсе кіраўнікі паўстання падтрымлівалі ідэю шырокага выступлення гарадскіх нізоў і сялянства.

Выступленне ў Вільні ўзначаліў палкоўнік інжынерыі Якуб Ясінскі (1761—1794). Яго праграма не магла быць прынята часткай шляхты, таму што Я. Ясінскі кры­тыкаваў манархію. Быў створаны незалежны ад Польшчы орган кіравання паўстаннем — ​Найвышэйшая Літоў­ская рада. Рада прыняла зварот «Да земляробаў і люду вясковага», у якім згадвалася «воля перад законам і свабода…», г. зн. вызваленне ад прыгону. Паўстан­цы лічылі галоўным ворагам Расію і жорстка распраўляліся з яе прыхільнікамі.

Падаўленнем паўстання займаліся арміі Расіі, Прусіі і Аўстрыі, якія на працягу лета 1794 г. разбілі асноўныя сілы паўстанцаў. 10 кастрычніка 1794 г. у бітве пад Мацяёвіцамі (каля Варшавы) Т. Касцюшка быў захоплены ў палон. Расійскія войскі ўступілі ў Варшаву.

З ініцыятывай трэцяга падзелу выступіла Аўстрыя, якая разам з Расіяй і Прусіяй 24 кастрычніка 1795 г. падпісала дагавор аб канчатковым падзеле Рэчы Паспалітай. Расія атрымала землі Заходняй Беларусі, частку Літвы, Курляндыю. Прусіі былі аддадзены Мазовія з Варшавай, Падляшша і частка Літвы. Аўстрыя атрымала Малую Польшчу з Кракавам і Люблінам, паўднёвую частку Падляшша і заходнюю частку Берасцейскага ваяводства. Кароль Станіслаў Аўгуст 25 лістапада 1795 г. адрокся ад прастола ў Гародні. Апошнія гады жыцця ён правёў у Пецярбургу.

У выніку падзелаў Рэчы Паспалітай большая частка тэрыторыі Беларусі была ўключана ў склад Расійскай імперыі. Рэч Паспалітая спыніла сваё дзяржаўнае існаванне.