§13. Уключэнне беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі

1. Перадумовы заняпаду Рэчы Паспалітай

«Сярэбраны век» Рэчы Паспалітай (так гісторыкі называюць ХVII ст.) завяршыўся працяглым і глыбокім гаспадарчым і грамадска-палітычным крызісам дзяржавы.

У ХVII ст. шляхта Вялікага Княства Літоўскага шырока карысталася «залатымі вольнасцямі», г. зн. палітычнымі правамі, атрыманымі па прыкладзе польскай шляхты. Аднолькавыя правы ўпэўнілі шляхту беларускіх зямель у непарушнасці яе становішча ў дзяржаве. Адпала неабходнасць весці барацьбу за незалежнасць і самастойнасць Вялікага Княства Літоўскага. Шляхта Княства пераймала поль­скую мову, а з ёй і польскую культуру, стала масава пераходзіць у каталіцтва. Паступова да канца ХVII ст. сфарміравалася адзінае саслоўе ў Рэчы Паспалітай — ​«польскі народ шляхецкі». Нават мовай справаводства ВКЛ з 1697 г. стала польская мова.

У ХVII ст. палітычная ўлада паступова перайшла да магнатаў, якія збіралі вакол сябе збяднелую шляхту. У сітуацыі выбарнасці караля кожны з іх паасобку бачыў сябе лідарам Рэчы Паспалітай. Каралеўская ўлада паступова страчвала сваю сілу. Але ніводзін з магнатаў не меў сілы ўзяць уладу. Гэтай сілы хапала толькі на тое, каб не дазволіць дапусціць да ўлады сапернікаў. Адсюль — ​соймавыя спрэчкі і ўзброеныя сутычкі паміж магнатамі, якія развальвалі дзяржаву.

Паступова ў Рэчы Паспалітай адбывалася дэцэнтралізацыя ўлады. Паколькі агульнадзяржаўныя соймы зрываліся, палітычнае жыццё было перанесена ў паветы. Тут збіраліся соймікі, на якіх шляхта абараняла свае мясцовыя інтарэсы. На павятовых сойміках звычайнай з’явай сталі бойкі і ўзброеныя сутычкі паміж шляхтай.