Друкаваць увесь падручнікДрукаваць увесь падручнік

§13. Уключэнне беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі

 1. Успомніце прычыны бязладдзя ў Рэчы Паспалітай. Што такое канфедэрацыя шляхты?
2. Назавіце краіны, якія аказвалі найбольшы ўплыў на Рэч Паспалітую ў ХVІІ ст.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XVIII ст.
Падручнік: §13. Уключэнне беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі
Надрукаваны: Гость
Дата: Субота 18 Травень 2024 3:31

1. Перадумовы заняпаду Рэчы Паспалітай

«Сярэбраны век» Рэчы Паспалітай (так гісторыкі называюць ХVII ст.) завяршыўся працяглым і глыбокім гаспадарчым і грамадска-палітычным крызісам дзяржавы.

У ХVII ст. шляхта Вялікага Княства Літоўскага шырока карысталася «залатымі вольнасцямі», г. зн. палітычнымі правамі, атрыманымі па прыкладзе польскай шляхты. Аднолькавыя правы ўпэўнілі шляхту беларускіх зямель у непарушнасці яе становішча ў дзяржаве. Адпала неабходнасць весці барацьбу за незалежнасць і самастойнасць Вялікага Княства Літоўскага. Шляхта Княства пераймала поль­скую мову, а з ёй і польскую культуру, стала масава пераходзіць у каталіцтва. Паступова да канца ХVII ст. сфарміравалася адзінае саслоўе ў Рэчы Паспалітай — ​«польскі народ шляхецкі». Нават мовай справаводства ВКЛ з 1697 г. стала польская мова.

У ХVII ст. палітычная ўлада паступова перайшла да магнатаў, якія збіралі вакол сябе збяднелую шляхту. У сітуацыі выбарнасці караля кожны з іх паасобку бачыў сябе лідарам Рэчы Паспалітай. Каралеўская ўлада паступова страчвала сваю сілу. Але ніводзін з магнатаў не меў сілы ўзяць уладу. Гэтай сілы хапала толькі на тое, каб не дазволіць дапусціць да ўлады сапернікаў. Адсюль — ​соймавыя спрэчкі і ўзброеныя сутычкі паміж магнатамі, якія развальвалі дзяржаву.

Паступова ў Рэчы Паспалітай адбывалася дэцэнтралізацыя ўлады. Паколькі агульнадзяржаўныя соймы зрываліся, палітычнае жыццё было перанесена ў паветы. Тут збіраліся соймікі, на якіх шляхта абараняла свае мясцовыя інтарэсы. На павятовых сойміках звычайнай з’явай сталі бойкі і ўзброеныя сутычкі паміж шляхтай.

 

2. Умяшальніцтва замежных дзяржаў ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай

Бязладдзе ў дзяржаве прывяло да яе знешнепалітычнага аслаблення. Войны, што адбыліся на беларускіх землях у ХVII ст., сталі бедствам для насельніцтва. Значная частка жыхароў збегла або загінула ад ваенных дзеянняў, голаду і эпідэмій. Войны падарвалі сельскую гаспадарку, спынілі развіццё гарадоў. Аслабла цэнтральная каралеўская ўлада, і ўмацаваліся пазіцыі магнатаў. У Рэчы Паспалітай узмацніліся ганенні на пратэстантаў, праваслаўных, што прывяло да скасавання свабоды веравызнання.

У перыяд Паўночнай вайны 1700—1721 гг. тэрыторыя Беларусі зноў стала арэнай ваенных дзеянняў паміж расійскімі і шведскімі войскамі. Магнаты і шляхта ВКЛ падзяліліся на два варожых лагеры («сапежанцы» і «антысапежанцы»). Яны з’яўляліся прыхільнікамі адпаведна Швецыі ці Расіі і ваявалі паміж сабой. Абапіраючыся на саксонскія войскі, саюзнік расійскага цара кароль Аўгуст ІІ Моцны спрабаваў умацаваць сваю ўладу ў Рэчы Паспалітай — ​надаць ёй абсалютысцкі характар. Гэта выклікала незадаволенасць значнай часткі шляхты, якая не жадала страч­ваць свае вольнасці. У 1715 г. пачалося выступленне супраць Аўгуста ІІ. Варожыя бакі прыйшлі да кампрамісу: кароль павінен быў вывесці саксонскае войска з Рэчы Паспалітай, а шляхта — ​скасаваць канфедэрацыю. Колькасць пастаяннага войска скарачалася ў ВКЛ да 6 тыс., у Польшчы — ​да 18 тыс. чалавек. Гарантам пагаднен­ня выступіла Расія, якая ўвяла ў Рэч Паспалітую свае войскі. Паслы на сойм адрэагавалі маўчаннем на выстаўленыя ўмовы і такім чынам за­цвердзілі іх. Сойм 1717 г. увайшоў у гісторыю пад назвай «нямога».

Паўночная вайна завяршылася Ніштацкім мірам 1721 г., згодна з якім Расія атрымала новыя тэрыторыі з выхадам у Балтыйскае мора. Рэч Паспалітую не запрасілі на перамовы, што сведчыла пра яе знешнепалітычную слабасць. З ёй паступова перасталі лічыцца. Чужыя арміі маглі па ўласным жаданні праходзіць праз яе тэрыторыю, як гэта было ў час вайны за «Польскую спадчыну» (1733—1739 гг.).

3. Спробы палітычнага рэфармавання Рэчы Паспалітай

 У 1763 г. пасля смерці караля Аўгуста ІІІ у Рэчы Паспалітай пачалося апошняе бескаралеўе. Групоўка магнатаў, т. зв. «рэспубліканцы», на чале з Янам Клеменсам Браніцкім прапанавала на трон Фрыдрыха, сына Аўгуста ІІІ. «Рэспубліканцаў» падтрымлівалі Францыя, Іспанія, Аўстрыя. Іншая магнацкая партыя — ​«фамілія», прадстаўленая Чартарыйскімі, мела свайго кандыдата. Гэта быў Станіслаў Панятоўскі (1764—1795). Ён карыстаўся падтрымкай Расіі, Прусіі, Англіі.

Паколькі ў Рэчы Паспалітай узнікла пагроза ўзброенага супрацьстаяння паміж групоўкамі магнатаў, Чартарыйскія папрасілі ваеннай дапамогі ў Расіі. Яе войска прымусіла прыхільнікаў «рэспубліканцаў» уцячы за мяжу. Прусія і Расія падкупілі паслоў сойма, каб выбраць каралём Панятоўскага.

Станіслаў Панятоўскі паходзіў з-пад Берасця. Атрымаў добрую адукацыю. Шмат вандраваў па еўрапейскіх краінах. У 1755—1758 гг. ён займаў пасаду сакратара англійскага пасольства ў Пецярбургу, быў паслом ад Саксоніі і Рэчы Паспалітай. Там Панятоўскі зблізіўся з будучай імператрыцай Кацярынай ІІ, якая пасля садзейнічала выбранню яго каралём.

У 1760-я гг. Чартарыйскія выступілі з праграмай рэформаў дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай. Яны імкнуліся абмежаваць уладу манарха, ліквідаваць яго права раздаваць пасады. Рэфармаванне сойма прадугледжвала з’яўленне т. зв. «гатовага сойма», які на працягу двух гадоў мог быць скліканы ў выпадку неабходнасці, скасаванне права «ліберум вета». Прадстаўнікі «фаміліі» патрабавалі абмежаваць паўнамоцтвы падскарбіяў і ліквідаваць гетманаў.

На сойме 1764 г. канцлер каронны Анджэй Замойскі прапанаваў правесці рэформы: падатковую і гаспадарчую, саслоўную (пашырыць правы мяшчан і сялян), царкоўную (аддзяліць царкоўны суд Рэчы Паспалітай ад Рыма). Па рашэнні сойма была ўпарадкавана яго работа — ​цяпер паслы маглі весці пасяджэнні «пры свечках», г. зн. пасля вызначанага рэгламентам часу.

Часткова абмяжоўвалася права «ліберум вета». Калі разглядалі эканамічныя пытанні (новыя падаткі, пошліны і г. д.), то рашэнні прымаліся большасцю галасоў.

4. Першы і другі падзелы Рэчы Паспалітай

Свае спадзяванні рэфарматары ўскладалі на падтрымку з боку Расіі. Але Расія і Прусія хацелі мець каля сябе слабую Рэч Паспалітую. Карыстаючыся правам абароны іншаверцаў у Рэчы Паспалітай, яны выставілі праект ураўнавання ў правах дысідэнтаў з каталікамі. Дысідэнтамі называлі асоб праваслаўнага і пратэстанцкага веравызнання. Сойм 1766 г. адмовіўся выканаць гэтае патрабаванне. Тады Расія і Прусія падтрымалі стварэнне шляхецкіх канфедэрацый у Торуні, Слуцку, Радаме. Для падтрым­кі дысідэнтаў на тэрыторыю Рэчы Паспалітай была ўведзена 40-тысячная расійская армія.

Варшаўскі сойм 1767—1768 гг. вымушаны быў зацвердзіць роўнасць у палітычных правах шляхты розных канфесій. Расійская імперыя абвяшчалася абарон­цай шляхецкіх вольнасцяў і дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай.

Моцны расійскі ўплыў і ўзвышэнне дысідэнтаў выклікалі незадаволенасць значнай часткі каталіцкай шляхты, якая стварыла ў 1768 г. канфедэрацыю ў м. Бар (Украіна). Дапамогу ёй аказвала Францыя — ​грашыма, зброяй, дарадцамі. Канфедэраты вялі баі пад Бераставіцай, Слонімам, Мядзелам, Радашковічамі, Нясвіжам. Іх падтрымаў гетман ВКЛ Міхал Казімір Агінскі. Але рэгулярная расій­ская армія і каралеўскія войскі да сакавіка 1772 г. падавілі выступленне барскіх канфедэратаў.

Разгром удзельнікаў Барскай канфедэрацыі даў падставу суседнім дзяржавам прыступіць да падзелу Рэчы Паспалітай. У выніку працяглых перамоў 5 жніўня 1772 г. у Пецярбургу было падпісана пагадненне паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй аб частковым падзеле краіны. Да Расіі адышлі Усходняя Беларусь і частка Прыбалтыкі (Інфлянты), Прусія атрымала Памор’е (без порта Гданьск), Аўстрыя заняла Галіцыю. Сойм, які адбыўся ў 1773—1775 гг., зацвердзіў першы падзел Рэчы Паспалітай.

Новыя рэформы былі распрацаваны на Вялікім сойме 1788—1792 гг. і ўвасоб­лены ў Канстытуцыі 3 мая 1791 г.

Канстытуцыя 3 мая 1791 г. абмяжоўвала шляхецкія вольнасці і ўмацоўвала каралеўскую ўладу, аб’ядноўвала Карону і Княства ва ўнітарную дзяржаву. Част­ка шляхты і магнатаў выказала сваю незадаволенасць і стварыла шляхецкую канфедэрацыю ў м. Таргавіцы (Украіна). Яе лідары звярнуліся да Расіі па ваенную дапамогу. Кацярына ІІ накіравала ў Рэч Паспалітую амаль 100-тысячнае войска. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі пацярпеў паражэнне і вымушаны быў у ліпені 1792 г. далучыцца да таргавічан. Затым свае войскі ў Рэч Паспалітую ўвяла Прусія. Была адменена Канстытуцыя і ўсе рашэнні Чатырохгадовага (Вялікага) сойма.

23 студзеня 1793 г. паміж Расіяй і Прусіяй быў падпісаны дагавор аб новым падзеле Рэчы Паспалітай. Расія атрымала цэнтральную частку Беларусі і Правабярэжную Украіну, а Прусія — ​заходнія землі Польшчы з гарадамі Торунь, Познань, Гданьск.

5. Паўстанне 1794 г. і трэці падзел Рэчы Паспалітай

Прагрэсіўная частка шляхты паспрабавала захаваць дзяржаўную самастойнасць краіны, узнавіць Рэч Паспалітую ў межах 1772 г. 24 сакавіка 1794 г. пачалося вызваленчае паўстанне. Яго кіраўніком стаў генерал Тадэвуш Касцюшка.

Паўстанне пачалося ў г. Кракаве і хутка ахапіла тэрыторыю Польшчы, Літвы і Заходняй Беларусі. Агульная колькасць удзельнікаў складала каля 30 тыс. чалавек. Каб прыцягнуць на бок паўстання сялян, Т. Касцюшка выдаў Паланецкі ўніверсал. Гэты дакумент абвяшчаў магчымасць прадастаўлення сялянам асабістай свабоды пры ўмове іх разліку з феадалам, скарачэнне паншчыны, права сялян на зямлю, якую яны апрацоўвалі. Але не ўсе кіраўнікі паўстання падтрымлівалі ідэю шырокага выступлення гарадскіх нізоў і сялянства.

Выступленне ў Вільні ўзначаліў палкоўнік інжынерыі Якуб Ясінскі (1761—1794). Яго праграма не магла быць прынята часткай шляхты, таму што Я. Ясінскі кры­тыкаваў манархію. Быў створаны незалежны ад Польшчы орган кіравання паўстаннем — ​Найвышэйшая Літоў­ская рада. Рада прыняла зварот «Да земляробаў і люду вясковага», у якім згадвалася «воля перад законам і свабода…», г. зн. вызваленне ад прыгону. Паўстан­цы лічылі галоўным ворагам Расію і жорстка распраўляліся з яе прыхільнікамі.

Падаўленнем паўстання займаліся арміі Расіі, Прусіі і Аўстрыі, якія на працягу лета 1794 г. разбілі асноўныя сілы паўстанцаў. 10 кастрычніка 1794 г. у бітве пад Мацяёвіцамі (каля Варшавы) Т. Касцюшка быў захоплены ў палон. Расійскія войскі ўступілі ў Варшаву.

З ініцыятывай трэцяга падзелу выступіла Аўстрыя, якая разам з Расіяй і Прусіяй 24 кастрычніка 1795 г. падпісала дагавор аб канчатковым падзеле Рэчы Паспалітай. Расія атрымала землі Заходняй Беларусі, частку Літвы, Курляндыю. Прусіі былі аддадзены Мазовія з Варшавай, Падляшша і частка Літвы. Аўстрыя атрымала Малую Польшчу з Кракавам і Люблінам, паўднёвую частку Падляшша і заходнюю частку Берасцейскага ваяводства. Кароль Станіслаў Аўгуст 25 лістапада 1795 г. адрокся ад прастола ў Гародні. Апошнія гады жыцця ён правёў у Пецярбургу.

У выніку падзелаў Рэчы Паспалітай большая частка тэрыторыі Беларусі была ўключана ў склад Расійскай імперыі. Рэч Паспалітая спыніла сваё дзяржаўнае існаванне.

Пытанні і заданні

 1. Назавіце факты, якія сведчаць пра тое, што Рэч Паспалітая ў XVIII ст. знаходзілася ў стане крызісу. Вызначце прычыны падзелаў Рэчы Паспалітай.
2. Чаму спробы рэфармавання Рэчы Паспалітай апынуліся няўдалымі?
3. Ахарактарызуйце першы і другі падзелы Рэчы Паспалітай. Ацаніце наступ­ствы падзелаў. Назавіце падзеі, якія прывялі да трэцяга падзелу Рэчы Па­спалітай.
4. У чым гістарычнае значэнне паўстання 1794 г.?
5. Ці існавала альтэрнатыва падзелам Рэчы Паспалітай? Выкажыце свае мер­каванні.
 6. Правядзіце міні-даследаванне па тэмах: «Чаму Якуба Ясінскага лічаць „якабін­цам“?», «Тадэвуш Касцюшка — ​герой Польшчы, Беларусі, Францыі і ЗША».