§ 12-2. Знешнепалітычнае становішча Рэчы Паспалітай у другой палове XVIІ – першай палове XVIIІ ст.

1. Уплыў казацка-сялянскай вайны на Беларусь

У 1648 г. ва Украіне пачалося казацкае паўстанне супраць польскай шляхты, каталіцкага духавества і яўрэяў. Яго ўзначаліў Багдан Хмяльніцкі (1595—1657), выбраны казацкім гетманам. Цэнтрам паўстання стала Запарожская Сеч. Заключыўшы саюз з крымскім ханам, Хмяльніцкі разбіў войска кароннага гетмана і караля Яна ІІ Казіміра Вазы (1648—1668).

Першыя перамогі прывялі да таго, што ў хуткім часе паўстанне перарасло ў казацка-сялянскую вайну супраць Польшчы. Хмяльніцкі планаваў стварыць незалежную самастойную ўкраінскую дзяржаву з уключэннем у яе склад паўднёва-ўсходніх беларускіх зямель.

Каб не дапусціць войска ВКЛ ва Украіну, Хмяльніцкі пачаў засылаць на Беларусь сваіх прадстаўнікоў з заклікамі да выступлення супраць Польшчы. Летам 1648 г. на поўдні Беларусі з’явіліся казацкія атрады (загоны). Да іх сталі далучацца мясцовыя сяляне, мяшчане, часткова праваслаўная шляхта і духавенства. Барацьбу з паўстанцамі ўзначаліў гетман ВКЛ Януш Радзівіл (1612—1655), які здолеў задушыць выступленні ў Мазыры, Бабруйску, двойчы разграміць казацкія загоны пад Лоевам у 1649 і 1651 гг. і заняць, нарэшце, Кіеў.