§13. Уключэнне беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі

4. Першы і другі падзелы Рэчы Паспалітай

Свае спадзяванні рэфарматары ўскладалі на падтрымку з боку Расіі. Але Расія і Прусія хацелі мець каля сябе слабую Рэч Паспалітую. Карыстаючыся правам абароны іншаверцаў у Рэчы Паспалітай, яны выставілі праект ураўнавання ў правах дысідэнтаў з каталікамі. Дысідэнтамі называлі асоб праваслаўнага і пратэстанцкага веравызнання. Сойм 1766 г. адмовіўся выканаць гэтае патрабаванне. Тады Расія і Прусія падтрымалі стварэнне шляхецкіх канфедэрацый у Торуні, Слуцку, Радаме. Для падтрым­кі дысідэнтаў на тэрыторыю Рэчы Паспалітай была ўведзена 40-тысячная расійская армія.

Варшаўскі сойм 1767—1768 гг. вымушаны быў зацвердзіць роўнасць у палітычных правах шляхты розных канфесій. Расійская імперыя абвяшчалася абарон­цай шляхецкіх вольнасцяў і дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай.

Моцны расійскі ўплыў і ўзвышэнне дысідэнтаў выклікалі незадаволенасць значнай часткі каталіцкай шляхты, якая стварыла ў 1768 г. канфедэрацыю ў м. Бар (Украіна). Дапамогу ёй аказвала Францыя — ​грашыма, зброяй, дарадцамі. Канфедэраты вялі баі пад Бераставіцай, Слонімам, Мядзелам, Радашковічамі, Нясвіжам. Іх падтрымаў гетман ВКЛ Міхал Казімір Агінскі. Але рэгулярная расій­ская армія і каралеўскія войскі да сакавіка 1772 г. падавілі выступленне барскіх канфедэратаў.

Разгром удзельнікаў Барскай канфедэрацыі даў падставу суседнім дзяржавам прыступіць да падзелу Рэчы Паспалітай. У выніку працяглых перамоў 5 жніўня 1772 г. у Пецярбургу было падпісана пагадненне паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй аб частковым падзеле краіны. Да Расіі адышлі Усходняя Беларусь і частка Прыбалтыкі (Інфлянты), Прусія атрымала Памор’е (без порта Гданьск), Аўстрыя заняла Галіцыю. Сойм, які адбыўся ў 1773—1775 гг., зацвердзіў першы падзел Рэчы Паспалітай.

Новыя рэформы былі распрацаваны на Вялікім сойме 1788—1792 гг. і ўвасоб­лены ў Канстытуцыі 3 мая 1791 г.

Канстытуцыя 3 мая 1791 г. абмяжоўвала шляхецкія вольнасці і ўмацоўвала каралеўскую ўладу, аб’ядноўвала Карону і Княства ва ўнітарную дзяржаву. Част­ка шляхты і магнатаў выказала сваю незадаволенасць і стварыла шляхецкую канфедэрацыю ў м. Таргавіцы (Украіна). Яе лідары звярнуліся да Расіі па ваенную дапамогу. Кацярына ІІ накіравала ў Рэч Паспалітую амаль 100-тысячнае войска. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі пацярпеў паражэнне і вымушаны быў у ліпені 1792 г. далучыцца да таргавічан. Затым свае войскі ў Рэч Паспалітую ўвяла Прусія. Была адменена Канстытуцыя і ўсе рашэнні Чатырохгадовага (Вялікага) сойма.

23 студзеня 1793 г. паміж Расіяй і Прусіяй быў падпісаны дагавор аб новым падзеле Рэчы Паспалітай. Расія атрымала цэнтральную частку Беларусі і Правабярэжную Украіну, а Прусія — ​заходнія землі Польшчы з гарадамі Торунь, Познань, Гданьск.