§13. Уключэнне беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі

3. Спробы палітычнага рэфармавання Рэчы Паспалітай

 У 1763 г. пасля смерці караля Аўгуста ІІІ у Рэчы Паспалітай пачалося апошняе бескаралеўе. Групоўка магнатаў, т. зв. «рэспубліканцы», на чале з Янам Клеменсам Браніцкім прапанавала на трон Фрыдрыха, сына Аўгуста ІІІ. «Рэспубліканцаў» падтрымлівалі Францыя, Іспанія, Аўстрыя. Іншая магнацкая партыя — ​«фамілія», прадстаўленая Чартарыйскімі, мела свайго кандыдата. Гэта быў Станіслаў Панятоўскі (1764—1795). Ён карыстаўся падтрымкай Расіі, Прусіі, Англіі.

Паколькі ў Рэчы Паспалітай узнікла пагроза ўзброенага супрацьстаяння паміж групоўкамі магнатаў, Чартарыйскія папрасілі ваеннай дапамогі ў Расіі. Яе войска прымусіла прыхільнікаў «рэспубліканцаў» уцячы за мяжу. Прусія і Расія падкупілі паслоў сойма, каб выбраць каралём Панятоўскага.

Станіслаў Панятоўскі паходзіў з-пад Берасця. Атрымаў добрую адукацыю. Шмат вандраваў па еўрапейскіх краінах. У 1755—1758 гг. ён займаў пасаду сакратара англійскага пасольства ў Пецярбургу, быў паслом ад Саксоніі і Рэчы Паспалітай. Там Панятоўскі зблізіўся з будучай імператрыцай Кацярынай ІІ, якая пасля садзейнічала выбранню яго каралём.

У 1760-я гг. Чартарыйскія выступілі з праграмай рэформаў дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай. Яны імкнуліся абмежаваць уладу манарха, ліквідаваць яго права раздаваць пасады. Рэфармаванне сойма прадугледжвала з’яўленне т. зв. «гатовага сойма», які на працягу двух гадоў мог быць скліканы ў выпадку неабходнасці, скасаванне права «ліберум вета». Прадстаўнікі «фаміліі» патрабавалі абмежаваць паўнамоцтвы падскарбіяў і ліквідаваць гетманаў.

На сойме 1764 г. канцлер каронны Анджэй Замойскі прапанаваў правесці рэформы: падатковую і гаспадарчую, саслоўную (пашырыць правы мяшчан і сялян), царкоўную (аддзяліць царкоўны суд Рэчы Паспалітай ад Рыма). Па рашэнні сойма была ўпарадкавана яго работа — ​цяпер паслы маглі весці пасяджэнні «пры свечках», г. зн. пасля вызначанага рэгламентам часу.

Часткова абмяжоўвалася права «ліберум вета». Калі разглядалі эканамічныя пытанні (новыя падаткі, пошліны і г. д.), то рашэнні прымаліся большасцю галасоў.