§ 12-1. Знешнепалітычнае становішча Рэчы Паспалітай у другой палове XVI – першай палове XVII ст.

5. Пачатак супрацьстаяння з Асманскай імперыяй

У пачатку XVII ст. Рэч Паспалітая вяла вайну са сваім моцным паўднёвым суседам — Асманскай імперыяй (Турцыяй). Узброены канфлікт быў выкліканы жаданнем Польшчы кантраляваць Малдову, якая з’яўлялася саюзнікам Турцыі. На каронныя землі рабілі набегі крымскія татары, а украінскія казакі ладзілі паходы на прычарнаморскія турэцкія ўладанні.

Войска Рэчы Паспалітай у 1620 г. рушыла ў Малдову, дзе было разбіта турэцка-татарскімі сіламі пад Цацорай. У адказ турэцкі султан Асман ІІ накіраваў сваю армію ў Рэч Паспалітую. Шляхецкае войска разам з украінскімі казакамі нанесла ёй паражэнне ў бітве пад Хацінам (1621 г.). Там свой ваенны талент зноў праявіў гетман ВКЛ Ян Караль Хадкевіч. Мірнае пагадненне прадугледжвала правядзенне дзяржаўнай мяжы паміж Рэччу Паспалітай і Асманскай імперыяй па рацэ Днестр.