§ 12-1. Знешнепалітычнае становішча Рэчы Паспалітай у другой палове XVI – першай палове XVII ст.

1. Завяршэнне Лівонскай вайны

Галоўным фактарам пры заключэнні Люблінскай уніі паміж Польшчай і Вялікім Княствам Літоўскім стала цяжкае знешнепалітычнае становішча ВКЛ, выкліканае Лівонскай вайной (1558—1583 гг.).

Цар Іван ІV у студзені 1558 г. распачаў вайну супраць Лівонскага ордэна, каб атрымаць выхад у Балтыйскае мора. Падставай для вайны стала нерэгулярная выплата даніны епіскапам г. Дэрпта (г. Тарту, Эстонія) Рускай дзяржаве. Паколькі Лівонія была слабай у ваенных адносінах дзяржавай, то маскоўскія войскі занялі частку Прыбалтыкі. Гэта акалічнасць прымусіла Данію і Швецыю ў 1559 г. пачаць супраць Рускай дзяржавы ваенныя дзеянні. На іх баку выступіла Вялікае Княства Літоўскае. Магістр Лівонскага ордэна Кетлер у 1561 г. падпісаў пагадненне аб далучэнні Лівоніі да ВКЛ у якасці правінцыі. Тады ваенныя дзеянні былі перанесены на тэрыторыю Беларусі. Руская армія ў 1563 г. захапіла Полацк і прылягаючыя землі Падзвіння. Далейшыя планы Івана ІV па заваяванні цэнтральнай часткі беларускіх зямель былі сарваны перамогамі гетмана ВКЛ Мікалая Радзівіла Рудага ў 1564 г. на рацэ Уле і пад Оршай. Але сродкі для вядзення ваенных дзеянняў у дзяржаўным скарбе адсутнічалі. Вялікаму Княству Літоўскаму тэрмінова патрэбен быў саюзнік. Ім стала Польскае каралеўства. Іван ІV вымушаны быў падпісаць у 1570 г. перамір’е ўжо з Рэччу Паспалітай.

Завяршыў Лівонскую вайну кароль Стафан Баторый. У 1579 г. ён адваяваў Полацк, у наступным годзе ўзяў Вялікія Лукі, а ў 1581 г. няўдала аблажыў рускую крэпасць Пскоў.

Лівонская вайна для Рэчы Паспалітай завяршылася Ям-Запольскім перамір’ем (1582 г.), заключаным на 10 гадоў. Рэч Паспалітая атрымала Лівонію, Курляндскае герцагства, паўднёвыя землі Эстоніі.