§ 12-1. Знешнепалітычнае становішча Рэчы Паспалітай у другой палове XVI – першай палове XVII ст.

4. Войны са Швецыяй

Пасля смерці Стафана Баторыя новым каралём Рэчы Паспалітай быў абраны шведскі прынц Жыгімонт Ваза. Ён з’яўляўся выхаванцам езуітаў, таму мэтанакіравана і цвёрда абараняў інтарэсы каталіцкай царквы. За гэта яго не любілі на радзіме, у Швецыі, дзе большасць дваран прытрымлівалася пратэстанцкага веравызнання. Пасля смерці бацькі Жыгімонт Ваза займаў два троны: Рэчы Паспалітай і Швецыі. Але ў 1599 г. шведы лішылі яго прастола. Кароль загадаў уключыць эстонскія землі ў склад Рэчы Паспалітай і пачаў вайну са Швецыяй.

Чатыры вайны адбыліся ў перыяд з 1600 па 1629 г. Ваенныя дзеянні разгарнуліся на тэрыторыі Усходняй Прыбалтыкі і былі адзначаны перамогай гетмана ВКЛ Яна Караля Хадкевіча ў знакамітай Кірхгольмскай бітве 1605 г. Але недахоп грошай, адначасовыя ваенныя канфлікты з Расіяй і Асманскай імперыяй не дазволілі Рэчы Паспалітай атрымаць перамогу ў вайне. У 1621 г. шведы пад кіраўніцтвам караля Густава ІІ Адольфа занялі Рыгу, Мітаву, а затым Прусію. Перамір’е 1629 г. тэрмінам на 6 гадоў, падпісанае ў Альтмарку, сведчыла аб узмацненні Швецыі на Балтыйскім моры. Гэтая краіна стала кантраляваць амаль усё ўзбярэжжа за выключэннем Гданьска, Пуцка і Кёнігсберга, а таксама атрымала эстонскія землі і частку Латвіі з Рыгай. Рэч Паспалітая захавала за сабой толькі Латгалію і Курляндскае герцагства.