§ 12-1. Знешнепалітычнае становішча Рэчы Паспалітай у другой палове XVI – першай палове XVII ст.

2. Інтэрвенцыя ў Расію

У пачатку XVII ст. Рэч Паспалітая жадала вярнуць страчаныя раней смаленскія, чарнігаўскія і северскія землі. Кароль Жыгімонт ІІІ Ваза (1587—1632) скарыстаўся цяжкай сітуацыяй у Расіі. Гэты быў так званы «смутны час» — перыяд з 1598 па 1613 гг., калі дынастыя Рурыкавічаў змянілася на дынастыю Раманавых. У Расіі з’явілася шмат самазванцаў, якія выдавалі сябе за сына Івана ІV Дзмітрыя. «Смутны час» характарызаваўся актыўнымі народнымі выступленнямі, неўраджаем і масавым голадам.

У 1601—1603 гг. у Брагіне аб’явіўся збеглы манах Рыгор Атрэп’еў (Ілжэдзмітрый І), якому Жыгімонт ІІІ дазволіў набраць наёмнае войска. Самазванец у канцы 1604 г. рушыў на Маскву і ў чэрвені наступнага года заняў горад. Але яго праўленне хутка скончылася. У выніку баярскай змовы ён быў забіты, а яго хаўруснікаў выгналі з горада.

Нягледзячы на гэта, кароль Рэчы Паспалітай аказаў падтрымку новаму самазванцу — Ілжэдзмітрыю ІІ (магчыма, ураджэнцу Магілёўшчыны), які распачаў паход на Расію восенню 1607 г. Не здолеўшы заняць Маскву, ён размясціўся ў вёсцы Тушына, дзе сфарміраваў уласны расійскі ўрад з баяр і дваран і нават прызначыў свайго патрыярха. Маскоўскі цар Васіль Шуйскі, каб перамагчы самазванца, у 1608 г. заключыў ваенны саюз са Швецыяй. Ён уступіў ёй Карэлію і адмовіўся ад прэтэнзій на Лівонію. Гэта стала падставай да вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—1618 гг.

Восенню 1609 г. войска Рэчы Паспалітай асадзіла Смаленск, а ў 1610 г. каронны гетман Станіслаў Жалкеўскі нанёс паражэнне царскай арміі  каля вёскі Клушына. Тады маскоўскія баяры арганізавалі супраць Шуйскага змову і прымусова «пастрыглі» яго ў манахі. Да Жыгімонта ІІІ было накіравана пасольства, якое прасіла адпусціць на расійскі трон каралевіча, пятнаццацігадовага Уладзіслава. Кароль не аддаў у Маскву сына: накіраваў туды свайго намесніка.

Грабяжы шляхецкіх і казацкіх атрадаў, шведскіх войскаў выклікалі абурэнне насельніцтва Расіі. Праваслаўная царква звярнулася с заклікам да фарміравання народных апалчэнняў. Адно з іх пад кіраўніцтвам К. Мініна і Дз. Пажарскага вызваліла Маскву ў жніўні 1612 г. У наступным годзе Земскі сабор выбраў новага цара Расіі — Міхаіла Раманава. Вайна завяршылася ў 1618 г. Дэвулінскім перамір’ем тэрмінам на 14 гадоў і 6 месяцаў. Расія саступала Рэчы Паспалітай смаленскія, ноўгарад-северскія, чарнігаўскія землі. Каралевіч Уладзіслаў захаваў тытул рускага цара.