Практыкум "ПЕРШАБЫТНАЕ ГРАМАДСТВА НА БЕЛАРУСКІХ ЗЕМЛЯХ"

І. Работа з навуковым артыкулам

  

Культ каменных сякер на Беларусі (урывак)[1]

Каменныя сякеры, у тым ліку крамянёвыя прашліфаваныя, шліфаваныя сякеры-кліны, з’явіліся ў шырокім ужытку насельнікаў тэрыторыі Беларусі недзе ў канцы неаліту... Найбольшае значэнне каменныя сякеры набываюць у ранні перыяд бронзавага веку (першая палова II тыс. да н. э.). Яны становяцца адным з асноўных культурных атрыбутаў так званых плямён шнуравой керамікі, якія распаўсюдзіліся ў Еўропе ад Рэйна да Волгі.

…Каменныя сякеры ў вялікай колькасці трапляліся пры раскопках на паселішчах, і перш за ўсё ў пахаваннях сярэднедняпроўскай культуры. Пахаванне адбывалася як па абраду трупаспалення, так і трупапалажэння ў магільных ямах пад курганным насыпам ці без яго. У пахаваннях прасочваюцца рэшткі рытуальных вогнішчаў, збудаванняў у выглядзе навесаў, агароджаў, назіраецца попельная, вохрыстая падсыпка і г. д. Спальванне нябожчыка праводзілася па-за месцам пахавання. Рэшткі спалення, часам перамешаныя з попелам, ссыпаліся ў магільную яму. Акрамя каменных сякер у пахаваннях знойдзены разнастайны рыштунак: гліняны посуд, іншыя вырабы з крэменю, каменю, бронзавыя прадметы, упрыгажэнні…

Такім чынам, культ каменнай сякеры на землях Беларусі ўзнікае, мабыць, у ранні перыяд бронзы і захоўваецца на працягу доўгага часу…

У славянскай міфалогіі сякера выступае сімвалам бога Перуна. Па ўяўленнях людзей, Пярун быў узброены каменным молатам, сякерай, якой нішчыў варожыя навалы Чарнабога. Пярун разбіваў чорныя хмары, і апладняльная вада лілася на зямлю.

Этнаграфічная літаратура дае мноства прыкладаў існавання культу каменных сякер да ХХ ст. Згодна з народнымі ўяўленнямі беларусаў, як, дарэчы, і некаторых іншых народаў, каменныя сякеры з’яўляліся на зямлі ў час навальніцы пасля ўдару маланкі. Знаходкі іх у зямлі тлумачыліся тым, што «стрэлы Перуновы», г. зн. сякеры, уваходзяць у зямлю, а праз сем ці дванаццаць гадоў з’яўляюцца на паверхні.

Сярод традыцыйных народных уяўленняў беларусаў можна ўмоўна вылучыць тры асноўныя напрамкі вераванняў, звязаных з каменнай сякерай: яна можа садзейнічаць урадлівасці, абараняе ад злых духаў, мае лячэбныя якасці, ратуе ад хвароб.

 1. Прааналізуйце матэрыял, выкарыстоўваючы памятку «Як працаваць з навуковым тэкстам». Складзіце тэзісы да артыкула.
          2. Вызначце, калі старажытныя насельнікі Беларусі сталі пакланяцца каменным сякерам.
          3. Дзе на тэрыторыі Беларусі знойдзены старажытныя каменныя сякеры? У якіх археалагічных помніках?
          4. Выкажыце меркаванне, чаму ў нашых продкаў існаваў культ сякеры.

[1] Крывальцэвіч М. М. Культ каменных сякер на Беларусі // Старонкі гісторыі Беларусі.  Мінск: Навука і тэхніка, 1992. С. 7—11.