Друкаваць увесь падручнікДрукаваць увесь падручнік

Практыкум "ПЕРШАБЫТНАЕ ГРАМАДСТВА НА БЕЛАРУСКІХ ЗЕМЛЯХ"

Сайт: Профильное обучение
Курс: Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XVIII ст.
Падручнік: Практыкум "ПЕРШАБЫТНАЕ ГРАМАДСТВА НА БЕЛАРУСКІХ ЗЕМЛЯХ"
Надрукаваны: Гость
Дата: Пятніца 17 Травень 2024 1:48

І. Работа з навуковым артыкулам

  

Культ каменных сякер на Беларусі (урывак)[1]

Каменныя сякеры, у тым ліку крамянёвыя прашліфаваныя, шліфаваныя сякеры-кліны, з’явіліся ў шырокім ужытку насельнікаў тэрыторыі Беларусі недзе ў канцы неаліту... Найбольшае значэнне каменныя сякеры набываюць у ранні перыяд бронзавага веку (першая палова II тыс. да н. э.). Яны становяцца адным з асноўных культурных атрыбутаў так званых плямён шнуравой керамікі, якія распаўсюдзіліся ў Еўропе ад Рэйна да Волгі.

…Каменныя сякеры ў вялікай колькасці трапляліся пры раскопках на паселішчах, і перш за ўсё ў пахаваннях сярэднедняпроўскай культуры. Пахаванне адбывалася як па абраду трупаспалення, так і трупапалажэння ў магільных ямах пад курганным насыпам ці без яго. У пахаваннях прасочваюцца рэшткі рытуальных вогнішчаў, збудаванняў у выглядзе навесаў, агароджаў, назіраецца попельная, вохрыстая падсыпка і г. д. Спальванне нябожчыка праводзілася па-за месцам пахавання. Рэшткі спалення, часам перамешаныя з попелам, ссыпаліся ў магільную яму. Акрамя каменных сякер у пахаваннях знойдзены разнастайны рыштунак: гліняны посуд, іншыя вырабы з крэменю, каменю, бронзавыя прадметы, упрыгажэнні…

Такім чынам, культ каменнай сякеры на землях Беларусі ўзнікае, мабыць, у ранні перыяд бронзы і захоўваецца на працягу доўгага часу…

У славянскай міфалогіі сякера выступае сімвалам бога Перуна. Па ўяўленнях людзей, Пярун быў узброены каменным молатам, сякерай, якой нішчыў варожыя навалы Чарнабога. Пярун разбіваў чорныя хмары, і апладняльная вада лілася на зямлю.

Этнаграфічная літаратура дае мноства прыкладаў існавання культу каменных сякер да ХХ ст. Згодна з народнымі ўяўленнямі беларусаў, як, дарэчы, і некаторых іншых народаў, каменныя сякеры з’яўляліся на зямлі ў час навальніцы пасля ўдару маланкі. Знаходкі іх у зямлі тлумачыліся тым, што «стрэлы Перуновы», г. зн. сякеры, уваходзяць у зямлю, а праз сем ці дванаццаць гадоў з’яўляюцца на паверхні.

Сярод традыцыйных народных уяўленняў беларусаў можна ўмоўна вылучыць тры асноўныя напрамкі вераванняў, звязаных з каменнай сякерай: яна можа садзейнічаць урадлівасці, абараняе ад злых духаў, мае лячэбныя якасці, ратуе ад хвароб.

 1. Прааналізуйце матэрыял, выкарыстоўваючы памятку «Як працаваць з навуковым тэкстам». Складзіце тэзісы да артыкула.
          2. Вызначце, калі старажытныя насельнікі Беларусі сталі пакланяцца каменным сякерам.
          3. Дзе на тэрыторыі Беларусі знойдзены старажытныя каменныя сякеры? У якіх археалагічных помніках?
          4. Выкажыце меркаванне, чаму ў нашых продкаў існаваў культ сякеры.

[1] Крывальцэвіч М. М. Культ каменных сякер на Беларусі // Старонкі гісторыі Беларусі.  Мінск: Навука і тэхніка, 1992. С. 7—11.

ІІ. Работа з мастацкім тэкстам

Валькірыя (урывак)[2]

…Сто гадоў таму ў моры Нэва пачалі з’яўляцца доўгія караблі пад паласатымі ветразямі. Паўночныя мараходы з аднымі вялі гандаль, іншых рабавалі, трэцім загадалі адкупляць жыццё і дабро. А іншых — горш не выдумаеш — сілком везлі прэч, прадавалі ў халопы дзесьці ў далёкай чужой краіне...

Прашчур мой не стаў чакаць, пакуль нападуць. Добра, што побач з ранейшым паселішчам упадала ў Нэва пратока, а за пратокай ляжаў шырокі разліў, парослы трыснягом і ўсеяны лясістымі выспамі. Не ўсякі пройдзе наскрозь з першага разу. Перасёк яго прашчур і сеў па той бок на мацёрай сушы, на высокім крутым беразе. Там жыла ў лясах блакітнавокая бялявая весь. Лясоў няхожаных ніякая птушка пераляцець не магла; дзічыны, ягад-грыбоў было ў дастатку, і весь не пакрыўдзілася, пачала ў госці хадзіць. Разбойнікі ж новых двароў так і не дашукаліся.

А на прыбярэжным пагорку, там, дзе падняўся тын, стаяла пара бяроз. Яны раслі з розных каранёў, а галіны спляталіся высока ў небе, быццам абняліся рукі. Увесну на абедзвюх распускаліся аднолькавыя завушніцы, але ўсе неадкладна зразумелі, што гэта былі бяроза-муж і бяроза-жонка. Адна была каржакаватая і магутная, і нібы засцерагала другую, а крыху воддаль цягнуліся да сонейка два тонкія парасткі... Дарослыя дрэвы шумелі над імі, спяваючы згодную, шчаслівую песню...

Прашчур мой дабудоўваў хлеў, і вось спадабалася яму бяроза-жонка, такая ўжо роўная, як раз на охлупень. Ён яе і зваліў. Павініўся перад пакрыўджанай драўнянай душой, пакарміў, як заведзена, алеем. Адсек галінкі, упрог каня і пацягнуў бервяно дадому. І сам не заўважыў, як затаптаў па дарозе абодвух бярозавых дзетак.

...Вось калі пачаліся ў нас страшныя цуды! Ноч у ноч муж-бяроза выдзіраў з зямлі карані і падсоўваўся да хат на паўкроку! Пядзь за пяддзю — упарта туды, дзе бялела ў месячным святле голае цела каханай! Хацелі задобрыць яго пачастункам, прырэзалі маладую карову — не дапамагло. Вырашылі ссекчы — сякера саслізнула па белай кары, параніўшы прашчура ў нагу!

Ужо над самым тынам навісалі галіны, калі нарэшце дадумаліся паклікаць чараўніка. Весскі волхв доўга хадзіў вакол дрэва па сонцы, дзеючы загаворы, потым здабыў агню і прыпаліў карані, і Злая Бяроза спынілася. Ні разу з тых часоў яна не квітнела і нават вясной зелянела павольна і неахвотна. Нібы не жыла зусім, а пакутавала ў цяжкім вядзьмарскім сне, дзе не было ні абуджэння, ні смерці... І ажывала толькі зрэдку, чорнымі начамі, калі вецер дзьмуў з мора. Тады вецер змыкаў і размыкаў яе галіны, і дрэва станавілася падобнае на руку, узнятую з-пад зямлі ... і чалавечым стогнам высільвалася душа, складзеная ў каржакаватыя ствалы ... людзі ў хатах …гублялі спакой.

Вось які праклён вісеў над намі, вось чаму ніхто ў нашым родзе не заходзіў у лес без патрэбы. Хіба толькі ўзімку, калі лясная сіла ўся спіць. Мне адной не было страшна. Я заўсёды ведала пра мужа-бярозу, а гадоў у дванаццаць упершыню яго пашкадавала. І цвёрда вырашыла: нарадзіся я крыху раней, легла б у прашчура на дарозе, а не дапусціла ліхадзейства!

1. Пры дапамозе дадатковых крыніц інфармацыі вызначце, аб якіх гістарычных падзеях ідзе размова ў тэксце.

          2. Як вы лічыце, ці тычацца падзеі, апісаныя ва ўрыўку, беларускіх зямель? Растлумачце свой адказ.
          3. Аб якіх плямёнах паведамляе аўтар?
          4. Аб якіх вераваннях можна даведацца з прыведзенага ўрыўка? Пацвердзіце вашу думку словамі аўтара.

[2] Семенова М. Валькирия.  М.: Азбука, 2018.  384 с.

ІІІ. Работа з картасхемай

 Складзіце ў сшытку (або з дапамогай геаінфармацыйных сэрвісаў) картасхему, якая адлюстроўвае рассяленне першых людзей на тэрыторыі Беларусі і прыродныя ўмовы, якія існавалі ў той час. Распрацуйце легенду да яе. На картасхеме абазначце наступныя аспекты з жыцця старажытных людзей:

— падпішце назвы рэк, у далінах якіх адбывалася рассяленне першых людзей на тэрыторыі сучаснай Беларусі, месцы і назвы іх першых стаянак;
— абазначце напрамкі рассялення на тэрыторыі Еўропы iндаеўрапейцаў, прыкладныя межы прарадзiмы славян;
— пазначце месцы пражывання плямён культуры штрыхаванай керамікі;
— абазначце тэрыторыю на сучасных беларускіх землях, заселеную ў старажытнасці балтамі; 

— падпішыце назвы ўсходнеславянскіх плямён, жанчыны якія насiлi ўпрыгажэнні — вісочныя кольцы: сяміпрамянёвыя, з зерню, простыя кольцы.

 Пры дапамозе дадатковых крыніц інфармацыі вызначце, якія плямёны пражывалі на месцы вашага населенага пункта.