§ 3-1. Матэрыяльная культура першабытнага грамадства на тэрыторыі Беларусі

4. Перадумовы ўзнікнення маёмаснай і сацыяльнай няроўнасці ў першабытным грамадстве

Выкарыстанне жалезных прылад у земляробстве і жывёлагадоўлі значна павысіла эфектыўнасць працы, што ў сваю чаргу дало моцны штуршок развіццю маёмаснай няроўнасці і разлажэнню родавых адносін на Беларусі. Сям’я канчаткова стала асноўнай вытворчай адзінкай, а сямейная ўласнасць — асноўнай формай уласнасці ў грамадстве.

Земляробства і жывёлагадоўля, першабытная металургія не толькі спрыялі развіццю маёмаснай няроўнасці, але і ўзвышалі мужчыну ў сацыяльна-гаспадарчым жыцці роду і племені. Ужо ў пахаваннях бронзавага веку ў Беларускім Падняпроўі сустракаюцца надзвычай багатыя пахаванні мужчын-ваяроў з вялікай колькасцю медных і бронзавых рэчаў, нават з бурштынавымі і шклянымі ўпрыгажэннямі. Пры жыцці нябожчыкі, відавочна, займалі выключнае становішча сярод супляменнікаў, маглі быць першымі сярод старэйшын, военачальнікамі, або мелі пэўную ўладу ў акрузе.

Вытворчая эканоміка прывяла да з’яўлення новых, невядомых раней кіроўных функцый. Таксама паступова вылучыліся асобныя групы людзей, якія займаліся гаспадарчай дзейнасцю, вайной, выкананнем рэлігійных абрадаў. Паміж імі ўзнікала маёмасная няроўнасць, вылучалася племянная знаць.