§ 3-1. Матэрыяльная культура першабытнага грамадства на тэрыторыі Беларусі

1. Прысвойвальная і вытворчая гаспадарка

Характэрнай асаблівасцю гаспадарчага жыцця ў палеаліце і мезаліце была спажывецкая, або прысвойвальная гаспадарка. Яе асноўная задача — пошук найбольш рацыянальных спосабаў атрымання прадуктаў харчавання. Асноўныя элементы прысвойвальнай гаспадаркі можна ўявіць пры дапамозе прапанаванай схемы:

Храналагічна прысвойвальная гаспадарка з’яўлялася адзінай формай гаспадарання ў палеаліце і мезаліце. Пазней яна суіснавала з вытворчымі формамі гаспадарання і паступова страчвала сваё значэнне. У мезаліце далейшае развіццё атрымала паляванне, што было выклікана ўдасканаленнем прыстасаванняў для яго (ямы, сілкі, сеткі, пасткі, самастрэлы), з’яўленнем механічных прылад (лук і стрэлы), прыручэннем сабакі, пашырэннем аб’ектаў палявання за кошт птушкі, статкавых і дробных жывёл.

Збіральніцтва ў гэты час перажывала росквіт. Гэтаму спрыялі прыродныя ўмовы — значнае пацяпленне клімату. З’яўленне новых і ўдасканаленне старых форм гаспадарчай дзейнасці дазволіла людзям збіраць больш прадуктаў харчавання і мець больш разнастайны рацыён. У выніку адбыўся пераход да новай формы сацыяльнай арганізацыі людзей — родавай абшчыны.

У неаліце на змену прысвойвальнай гаспадарцы прыйшла вытворчая гаспадарка. Яе асаблівасць заключалася ў тым, што чалавек пачаў змяняць прыроднае асяроддзе пад свае патрэбы, каб забяспечыць сябе ўсім неабходным для жыцця. Да вытворчых форм гаспадаркі адносяцця жывёлагадоўля і земляробства.

Жывёлагадоўля гістарычна развілася з палявання. Перадумовамі развіцця жывёлагадоўлі на беларускіх землях можна лічыць прыручэнне жывёлы, аселы лад жыцця людзей, уменне назапашваць і захоўваць кармы для жывёлы, уплыў плямён, якія раней асвоілі жывёлагадоўлю. У ІІІ тыс. да н. э. жывёлагадоўля была вядома жыхарам Палесся і паступова стала адным з асноўных заняткаў насельніцтва беларускіх зямель.

Напрыканцы неаліту пад уплывам плямён перасяленцаў-земляробаў з’явілася прымітыўнае земляробства. Усталяванню новай формы гаспадарчай дзейнасці садзейнічалі наступныя фактары: аселы лад жыцця мясцовага насельніцтва, новыя прылады працы, спрыяльныя прыродныя ўмовы. На Беларусі земляробства існавала ў дзвюх формах: матычнае і падсечна-агнявое.