§ 2. Старажытнае насельніцтва Беларусі

1. Археалагічная і сацыяльная перыядызацыі гісторыі першабытнага грамадства на тэрыторыі Беларусі

Існуе некалькі падыходаў да вывучэння гісторыі першабытнага грамадства, у іх межах выкарыстоўваюцца розныя перыядызацыі, у аснову якіх пакладзены розныя крытэрыі. Больш шырока ўжываецца археалагічная перыядызацыя, паколькі выразным паказчыкам узроўню развіцця старажытнага грамадства лічацца матэрыялы, з якіх чалавек вырабляў прылады працы.

Паводле сацыяльнай перыядызацыі час фарміравання чалавека разумнага і грамадства лічаць перыядам праабшчыны, якіая саступіла месца родавай абшчыне, а тая — суседскай абшчыне. Таму крытэрыем сацыяльнай перыядызацыі выступаюць грамадскія формы арганізацыі жыцця людзей у старажытнасці. Можна суаднесці два тыпы перыядызацыі першабытнага грамадства: сацыяльную і археалагічную.