Печатать книгуПечатать книгу

§ 2. Старажытнае насельніцтва Беларусі

1. Чаму тэрыторыя Беларусі доўгі час не магла быць заселена людзьмі?
2. Якія этапы развіцця чалавечага грамадства вы ведаеце з курса сусветнай гісторыі?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XVIII ст.
Книга: § 2. Старажытнае насельніцтва Беларусі
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 4 Июль 2025, 23:15

1. Археалагічная і сацыяльная перыядызацыі гісторыі першабытнага грамадства на тэрыторыі Беларусі

Існуе некалькі падыходаў да вывучэння гісторыі першабытнага грамадства, у іх межах выкарыстоўваюцца розныя перыядызацыі, у аснову якіх пакладзены розныя крытэрыі. Больш шырока ўжываецца археалагічная перыядызацыя, паколькі выразным паказчыкам узроўню развіцця старажытнага грамадства лічацца матэрыялы, з якіх чалавек вырабляў прылады працы.

Паводле сацыяльнай перыядызацыі час фарміравання чалавека разумнага і грамадства лічаць перыядам праабшчыны, якіая саступіла месца родавай абшчыне, а тая — суседскай абшчыне. Таму крытэрыем сацыяльнай перыядызацыі выступаюць грамадскія формы арганізацыі жыцця людзей у старажытнасці. Можна суаднесці два тыпы перыядызацыі першабытнага грамадства: сацыяльную і археалагічную.

2. Пранікненне першых людзей на тэрыторыю Беларусі: даследаванні і гіпотэзы

На абшарах Усходняй Афрыкі археолагі знайшлі самыя старажытныя рэшткі продкаў чалавека. Адтуль яны рассяляліся па ўсёй планеце. Пранікненню першых людзей на беларускія землі перашкаджалі суровыя кліматычныя ўмовы. З Арктыкі на Еўропу неаднаразова прасоўваліся ледавікі. Асобныя з іх даходзілі амаль да Чорнага мора.

Таўшчыню ледзянога панцыра нам цяжка ўявіць — яна была большай за 1000 метраў. Халодны клімат пагражаў катастрофай першабытным людзям. Але чалавек прыстасаваўся да цяжкасцяў ледавіковай эпохі.

Прыход неандэртальцаў на беларускія землі адбыўся прыкладна каля 100 тыс. гадоў назад. Каля вёсак Падлужжа Чачэрскага раёна, Абідавічы Быхаўскага раёна, Свяцілавічы Веткаўскага раёна вучоныя знайшлі некалькі крамянёвых прылад, якія могуць сведчыць аб прысутнасці неандэртальцаў на нашых землях. Доўгачасовых паселішчаў не выяўлена, што тлумачыцца суровымі кліматычнымі ўмовамі.

Прыкладна 35 тыс. гадоў назад з’явіліся людзі сучаснага тыпу, або краманьёнцы. Вядомы два самых старажытных пасяленні краманьёнцаў на тэрыторыі Беларусі: каля вёскі Юравічы (Калінкавіцкі раён) і каля вёскі Бердыж (Чачэрскі раён).

3. Насельніцтва Беларусі ў каменным веку

Каля 300 тыс. гадоў назад прод­кі сучаснага чалавека пачалі асвойваць тэрыторыю Усходняй Еўропы. Пранікненне старажытных паляўнічых і збіральнікаў на беларускія землі адбывалася, магчыма, уздоўж Дняпра і Сожа. З’яўленне старажытных людзей на тэрыторыі нашай краіны ў сярэднім палеаліце лічыцца навуковай гіпотэзай, бо археалагічныя знаходкі гэтага перыяду адзінкавыя. Вучоныя знайшлі прылады працы (востраканечнікі, скрэблы) каля вёсак Абідавічы (Быхаўскі раён Магілёўскай вобл.), Свяцілавічы (Веткаўскі раён Гомельскай вобл.) і Падлужжа (Чачэрскі раён Гомельскай вобл.).

Падчас апошняга паазерскага абледзянення першабытныя людзі адышлі ў больш спрыяльныя для жыцця паўднёвыя раёны. У гэты перыяд каля рэк Прыпяць і Сож невялікія групы людзей (краманьёнцаў) засноўвалі свае паселішчы. Гэта былі паляўнічыя на мамантаў, якія ўмелі вырабляць прылады працы з крэменю і косці, будаваць трывалыя жытлы круглай і авальнай формаў з буйных касцей маманта. Каменныя прылады працы (скрэблы, праколкі, рубілы, наканечнікі дзідаў і інш.) дапамагалі людзям больш эфектыўна выкарыстоўваць прыродныя рэсурсы.

Існаванне краманьёнцаў на тэрыторыі Беларусі ў познім палеаліце пацвярджаецца наяўнасцю стаянак — ​каля вёскі Юравічы Калінкавіцкага раёна (24-е тыс. да н. э.) і вёскі Бердыж Чачэрскага раёна (22—21-е тыс. да н. э.). На гэтых стаянках вучоныя знайшлі ўнікальныя крамянёвыя вырабы, а таксама зубы, біўні і чэрап маманта. Паляванне на буйных жывёл і пражыванне ў раёнах, блізкіх да ледавіка, патрабавалі сумеснай працы ўсіх людзей. У гэты час склалася родавая абшчына, узніклі разнастайныя формы першабытнага мастацтва, сфарміраваліся рэлігійныя ўяўленні.

Каля 15 тыс. гадоў назад з тэрыторыі Беларусі адступіў апошні ледавік. Клімат яшчэ заставаўся халодным, але пачала распаўсюджвацца расліннасць у выглядзе лясоў. Зніклі маманты і іншыя буйныя жывёлы. На змену ім з’явіліся паўночныя алені, а за імі прыйшлі групы паляўнічых. Найбольш эфектыўнай зброяй акрамя коп’яў і гарпуноў сталі лук і стрэлы з крамянёвымі наканечнікамі. Людзі вялі сезонна-аселы лад жыцця, які быў прыстасаваны да міграцый паўночных аленяў. Паселішчы з лёгкімі наземнымі збудаваннямі, часткова паглыбленымі ў зямлю, размяшчаліся каля вады, на ўзвышшах. У гэты час людзі асвойвалі тэрыторыю Беларусі ўздоўж рэк — ​Нёмана, Прыпяці, Дняпра.

Паступова клімат цяплеў, і ў эпоху мезаліту мясцовасць набыла сучасны выгляд. Чалавек пачаў займацца індывідуальным паляваннем з дапамогай лука і стрэл, рыбалоўствам і збіральніцтвам. Людзі ў гэты час жылі ў жытлах невялікіх памераў малымі сем’ямі, па 5—7 чалавек у кожнай. Сем’і аб’ядноўваліся ў родавыя абшчыны колькасцю да 30 чалавек. У канцы мезаліту зменшылася колькасць жывёл, што прывяло да крызісу паляўнічай гаспадаркі і росту аселага насельніцтва. Асноўным відам промыслаў у наступным перыядзе — ​неаліце — стала рыбалоўства.

У канцы неаліту на беларускіх землях атрымалі пашырэнне прылады працы для рубкі, сярпы, матыкі, зерняцёркі. Таксама археолагі знайшлі шмат рэшткаў керамічнага посуду. З’яўленне керамікі было абумоўлена важнымі гаспадарчымі і побытавымі зменамі. Людзі пачалі спажываць ежу, прыгатаваную ў кіпячай вадзе.

Чалавек у гэты перыяд навучыўся вырабляць вастрадонны керамічны посуд. Яго ляпілі ўручную з шырокіх гліняных стужак і абпальвалі на вогнішчы. Пераважалі гаршкі яйкападобнай формы. Пасудзіны ўпрыгожвалі арнаментам з насечак, наколаў і рысак.

4. Індаеўрапейцы і іх роля ў гісторыі Беларусі

У ІІІ тыс. да н. э. у Еўропе, у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі, рассяліліся старажытныя індаеўрапейскія плямёны, ад якіх паходзіць шмат сучасных народаў.

Старажытныя індаеўрапейцы добра ведалі жывёлагадоўлю і земляробства. Яны карысталіся каменнымі свідраванымі і шліфаванымі сякерамі, разнастайным посудам.

Жылі індаеўрапейцы ў невялікіх паселішчах, якія размяшчаліся каля рэк. Павелічэнне колькасці насельніцтва, статкаў свойскай жывёлы і адначасовае пагаршэнне ўмоў для жывёлагадоўлі прымушалі індаеўрапейцаў перасяляцца на новыя землі.

5. Насельніцтва Беларусі ў бронзавым веку

Бронзавы век — ​адзін з найважнейшых перыядаў у гісторыі першабытнага грамадства, бо ён звязаны з узнік­неннем металургіі, апрацоўкай і выкарыстаннем медзі і бронзы. У гэты час завяршыўся пераход да вытворчых формаў гаспадаркі; менавіта ў бронзавым веку сфар­міраваліся шматлікія сучасныя народы.

Пераварот у першабытнай тэхніцы зрабіла новае вынаходства: у медзь сталі дадаваць волава і атрымалі больш трывалы метал — ​бронзу. Але для Беларусі паняцце «бронзавы век» даволі ўмоўнае, бо мясцовай сыравіны для вырабу бронзы (медзі і волава) у Беларусі не было. Усе бронзавыя прадметы, знойдзеныя археолагамі, былі або прывазныя, або створаныя з прывазной сыравіны, радовішчы якой знаходзіліся ў Карпатах ці на Каўказе. Таму бронзавыя прылады працы не змаглі выцесніць каменныя. Лічыцца, што менавіта ў бронзавым веку апрацоўка каменю дасягнула свайго найвышэйшага ўзроўню. Першыя металічныя вырабы з’явіліся на тэрыторыі Беларусі ў Верхнім Падняпроўі.

У бронзавым веку паўсюдна пашырыўся разнастайны пласкадонны посуд: міскі, друшлякі, гаршкі, кубкі. Гэта было выклікана з’яўлен­нем агнішчаў з роўнай паверхняй, сталоў і новых відаў ежы. Людзі жылі ў невялікіх умацаваных пасе­лішчах, якія размяшчаліся пасярод рачных далін. Лічыцца, што іх жытлы ўяўлялі сабой невялікія прамавугольныя драўляныя збудаванні слупавой канструкцыі, зямлянкі або паўзямлянкі з адным ці двума памяшканнямі. Такія жытлы мелі двух­схільны дах. Побач з жытлом размяшчаліся га­спадарчыя пабудовы, дзе захоўвалі сена, салому, зерне. Вакол паселішча ўзводзілі агароджу.

Першабытная замкнёнасць плямёнаў па­ступова парушалася, далёкія плямёны пераймалі вынаходствы адно ў аднаго. У выніку ў бронзавым веку склаліся вялікія групы людзей, якія размаўлялі, знаёміліся паміж сабой, абменьваліся, выпрацоўвалі словы на агульнай, зразумелай усім мове.

 

6. Насельніцтва Беларусі ў жалезным веку

У канцы VIII — пачатку VII ст. да н. э. жыхары беларускіх зямель пачалі вырабляць жалеза. Бронзавы век змяніўся жалезным. Жалеза мела дзве перавагі перад бронзай: па-першае, яно было больш цвёрдым і трывалым, а па-другое, сустракалася на нашых землях амаль паўсюдна.

Плямёны, што насялялі паўднёвую частку Беларусі, авалодалі навыкамі вытворчасці і апрацоўкі жалеза ў другой чвэрці І тыс. да н. э. Плямёны астатняй част­кі Беларусі пачалі выкарыстоўваць жалеза ў гаспадарчай дзейнасці ў другой палове І тыс. да н. э. Гэтаму садзейнічалі даступнасць сыравіны і адносна нескладаная тэхналогія выплаўкі жалеза.

Жалеза выраблялі ў печах-домніцах з балотнай руды, якую здабывалі на берагах рэк, азёр і на балотах. Такія печы знойдзены вучонымі на стаянках Лабен­шчына, Канькі і інш. Жалеза з’яўлялася асноўным матэрыялам, з якога рабілі зброю — ​наканечнікі стрэл і дзідаў (коп’яў), баявыя сякеры, нажы і інш.

Насельніцтва ў жалезным веку пачало асвойваць новыя мясціны для жыцця і сяліцца на ўзвышшах, якія знаходзіліся далей ад буйны́х рэк. Такія паселішчы маглі мець складаныя абарончыя збудаванні — ​моцныя валы і равы. Навукоўцы называюць такія месцы «гарадзішчамі». Падчас археалагічных раскопак вучоныя знайшлі сляды шматлікіх пажараў і паўторнага аднаўлення абарончых умацаванняў, што сведчыць пра ваенныя канфлікты паміж плямёнамі.

 

    

7. Першыя звесткі аб старажытным насельніцтве на тэрыторыі Беларусі

Першыя пісьмовыя звесткі аб насельніцтве беларускіх зямель сустракаюцца ў антычных гісторыкаў і географаў, найперш старажытнагрэчаскіх.

Сярод антычных аўтараў вылучаецца Герадот, якога называюць «бацькам гісторыі». Сваю чацвёртую кнігу «Гісторыі» ён прысвяціў агляду зямель, якія знаходзяца на поўнач ад Чорнага мора. Герадот пісаў аб неўрах і андрафагах: «…Вышэй алазонаў жывуць скіфы-земляробы, якія сеюць хлеб … на продаж. Вышэй іх жывуць неўры, а краіна, што ляжыць на поўнач ад неўраў … не заселеная людзьмі…».

У ХІХ ст. даследчыкі сталі актыўна шукаць месца пражывання герадотавых неўраў. Хтосьці лічыў іх радзімай раку Нараў у Польшчы (П. Ё. Шафарык), некаторыя вучоныя лічылі месцам размяшчэння гэтых плямён беларускія землі (П. М.  Шпілеўскі). Пазней археолагі сталі атаясамліваць неўраў з плямёнамі, якія ў VIII—III стст. да н. э. пражывалі на паўднёвым усходзе Беларусі. Беларускі археолаг С. Я. Расадзін удакладніў, што неўры знаходзіліся каля ракі Гарынь (Брэсцкая вобласць).

Пра андрафагаў Герадот пісаў: «З усіх людзей андрафагі маюць найбольш дзікунскія норавы: яны … не маюць ніякіх законаў. Яны праводзяць вандроўнае жыццё, носяць вопратку, падобную на скіфскую, але маюць асобную мову; яны адны з гэтых плямён ядуць людзей…». Магчыма, андрафагі — гэта частка днепра-дзвінскіх плямён, які размяшчаліся або на тэрыторыі Расіі (Смаленская вобласць), або на тэрыторыі Беларусі (Мінская вобласць).


Грэчаскі вучоны, «бацька геаграфіі» Страбон у І ст. н. э. пісаў аб плямёнах бастарнаў. Некаторыя даследчыкі суадносяць іх з зарубінецкімі плямёнамі, якія пражывалі на паўднёвым усходзе Беларусі ў канцы ІІІ ст. да н. э. — І ст. н. э. Аўтар занатаваў наступную інфармацыю: «Яны ваяўнічыя і храбрыя. Не ведаючы ні земляробства, ні жывёлагадоўлі, яны займаюцца толькі вайсковымі практыкаваннямі і думаюць толькі аб вайне».

 

Пытанні і заднні

 1. Вызачце, на якім прынцыпе заснавана археалагічная перыядызацыя.
2. Вызначце, у які перыяд адбылося засяленне першымі людзьмі тэрыторыі Беларусі. Ці існуе сувязь паміж геаграфічным становішчам Беларусі і засяленнем яе тэрыторыі першабытным чалавекам? Выкарыстайце веды па геаграфіі Беларусі. Якія агульныя характарыстыкі мае першабытная эпоха?
3. Растлумачце, чаму людзі на тэрыторыі Беларусі з’явіліся адносна позна.
4. Выдзеліце агульнае і адметнае ў развіцці чалавечага грамадства на тэрыторыі Беларусі ў перыяды палеаліту, мезаліту і неаліту.
5. Якія этапы станаўлення і развіцця прайшло старажытнае грамадства на тэрыторыі Беларусі? Вызначыце агульныя тэндэнцыі ў развіцці грамад­ства на тэрыторыі Беларусі і ў Еўропе. Выкарыстайце веды па сусветнай гісторыі. Запоўніце табліцу.


6. Якія факты, на вашу думку, сведчаць на карысць тэорыі беларускага археолага К. М. Палікарповіча аб тым, што да краманьёнцаў на тэрыторыю нашай краіны прыходзілі продкі сучасных людзей — неандэртальцы? Ацаніце  ўплыў прыродна-кліматычных фактараў на развіццё гаспадаркі старажытных людзей.
 7. Пры дапамозе гісторыка-дакументальных хронік «Памяць» правядзіце невялікае даследаванне. Прадстаўце вынікі даследавання ў выглядзе паведамлення (прэзентацыі, інтэрактыўнай карты) аб археалагічных помніках вашага раёна (горада, вёскі), пакінутых старажытнымі людзьмі.