§ 3-1. Матэрыяльная культура першабытнага грамадства на тэрыторыі Беларусі

3. Роля металаў у жыцці першабытных людзей

Выкарыстанне металу прывяло да значных перамен у грамадскіх адносінах і адбілася на далейшым ходзе гісторыі.

Аналіз металічных вырабаў, знойдзеных у могільніках плямён, што насялялі Верхняе і Сярэдняе Падняпроўе, сведчыць аб тым, што метал быў каўказскага i прыкарпацкага паходжання. Гэта дазваляе меркаваць, што мясцовыя кавалі карысталіся прывазной сыравінай.

У VII ст. да н. э. плямёны, якія жылі на тэрыторыі Беларусі, навучыліся здабываць жалеза і вырабляць з яго прылады працы i ўпрыгажэнні. Пераход да жалеза з’явіўся важнай вехай у развіцці вытворчых i грамадскіх адносін паміж людзьмі. У Беларусі склаліся спрыяльныя ўмовы для хуткага распаўсюджвання жалеза: наяўнасць вялікай колькасці сыравіны (балотнай ці лугавой руды і драўнянага вугалю); адносна нескладаная тэхналогія перапрацоўкі жалеза ў домніцах (прымітыўных плавільных печах); значны попыт на жалезныя прылады працы для заняткаў земляробствам і інш.