§ 3-1. Матэрыяльная культура першабытнага грамадства на тэрыторыі Беларусі

2. Наступствы «неалітычнай рэвалюцыі» на тэрыторыі Беларусі

З узнікненнем вытворчай і ўдасканаленнем прысвойвальнай гаспадарак колькасць прадуктаў харчавання значна павялічылася, што дало магчымасць людзям ствараць іх запасы. Каб захоўваць ежу, нашы продкі навучыліся вырабляць з гліны посуд. Адбылося вынаходніцтва керамікі — першага ў свеце штучнага матэрыялу, які значна палепшыў жыццё чалавека.

Выраб глінянага посуду — другая характэрная рыса неаліту, якая аддзяляе яго ад мезаліту. Авалоданне прыёмамі лепкі i абпалу посуду палепшыла спосабы прыгатавання ежы i аблегчыла захаванне яе запасаў. Гэтае дасягненне стала вынікам пераходу да аселага жыцця. Кераміка часоў неаліту і бронзавага веку ўражвае багаццем свайго арнаментавання. Яно выконвалася простымі ўцісканнямі, ямкамі, адбіткамі розных штампаў, у тым ліку шнура.

Значным вынаходніцтвам было ткацтва, якое дазволіла вырабляць адзенне на халодны перыяд года.

Дзякуючы выкарыстанню лука i стрэлаў, больш дасканалых прылад з крэменю, косці i рога праца першабытнага паляўнічага i рыбалова стала больш эфектыўнай. Для палявання на звяроў i птушак устанаўлівалі самастрэлы i пасткі, рабілі капканы, капалі лоўчыя ямы. Рыбаловы мелі вуды з касцянымі кручкамі, зубчастыя кoп’i i восці. Высечаны з дрэва човен i рыбацкія сеткі зрабілі рыбалоўства больш эфектыўным промыслам, чым паляванне. Яно стала надзейным спосабам атрымання ежы i садзейнічала пераходу да аселасці.

Развіццё вытворчай гаспадаркі садзейнічала павелічэнню колькасці людзей, аб чым сведчыць больш за 600 знойдзеных археолагамі неалітычных стаянак, дзе маглі пражываць каля 5—6 тыс. чалавек.

Змены ў гаспадарцы дазволілі даследчыкам сцвярджаць аб тым, што адбылася так званая «неалітычная рэвалюцыя», звязаная з усталяваннем земляробства і жывёлагадоўлі як асновы для пастаяннага атрымання прадуктаў харчавання і меншай залежнасці чалавека ад прыроды.