Практыкум

1. Прадмет, задачы і змест курса «Гісторыя Беларусі» (А. Ф. Рацько)

Першапачаткова гісторыя існавала ў форме літаратурнага апісання падзей мінулага і лічылася адным з відаў мастацтва (муза Kліо). Гісторыя (ад грэч. historіа) — апавяданне аб мінулых падзеях, аб тым, што пазнана, што здзейснена.

Статус навукі гісторыя набыла ў XIX ст., калі разам з апісаннем пачала карыстацца навуковымі метадамі даследавання. Сярод іх выдзяляюцца наступныя: агульнанавуковыя (аналіз, сінтэз, лагічны і інш.); уласнагістарычныя (сінхронны, храналагічны, параўнальна-гістарычны, рэтраспектыўны, сістэмны аналіз); спецыяльныя ці запазычаныя ў іншых навук (матэматычныя, сацыяльныя, метады сацыяльнай псіхалогіі і інш.).

Прадметам гісторыі з’яўляецца дзейнасць чалавека ва ўсёй яе шматграннасці, прасторавай і часовай канкрэтнасці. Задачы гісторыі:

• пазнавальная:
— збор фактаў;
— сістэматызацыя і разгляд фактаў ва ўзаемнай сувязі;

• практычная, або прагнастычная:
— падзеі мінулага цікавяць не самі па сабе, а з пункту пагляду іх уздзеяння на сучаснасць, выкарыстання для лепшай арыентацыі ў будучым;

• выхаваўчая:
— фарміраванне навуковага светапогляду;
— выхаванне ў людзей на аснове гістарычных матэрыялаў патрыятызму, інтэрнацыяналізму, маральнасці і г. д.

Гісторыя Беларусі вывучаецца ў кантэксце цывілізацыйнага рэгіянальнага развіцця як складовай часткі ўсходнеславянскай і агульнаеўрапейскай гісторыі.

Фармацыйны падыход да вывучэння гісторыі распрацаваны ў межах марксізму (К. Маркс, Ф. Энгельс). У аснове яго знаходзіцца матэрыялістычнае тлумачэнне гісторыі, у адпаведнасці з якім галоўнай сферай грамадскага жыцця абвяшчаецца матэрыяльная вытворчасць. Фармацыя — гэта ўстойлівы тып грамадства, у аснове якога знаходзіцца пэўны спосаб вытворчасці. Спосаб вытворчасці, што ўключае ў сябе прадукцыйныя сілы (прадметы, сродкі працы і працоўную сілу) і адпавядаючыя ім вытворчыя адносіны (адносіны паміж людзьмі ў працэсе вытворчасці, абмену, размеркавання і спажывання прадуктаў), абвяшчаецца базісам грамадства, які вызначае яго спецыфіку. Надбудова (сферы палітыкі, культуры, рэлігіі і г. д.) абвяшчаецца залежнай ад базісу. Усё чалавецтва праходзіць праз некалькі сацыяльна-эканамічных фармацый, якія вылучаюцца на аснове пануючых у пэўным грамадстве вытворчых адносін і правоў уласнасці на сродкі вытворчасці (першабытнаабшчынная, рабаўладальніцкая, феадальная, капіталістычная, а затым, пасля пралетарскай рэвалюцыі, павінна была прыйсці сацыялістычна-камуністычная). Крыніцай пераходу ад адной фармацыі да другой з’яўляюцца ўнутраныя супярэчнасці паміж прадукцыйнымі сіламі, якія пастаянна развіваюцца, і вытворчымі адносінамі, што з’яўляюцца стабільным элементам у кожнай фармацыі. У перыяды найбольшага абвастрэння эканамічных супярэчнасцяў у грамадстве актывізуецца барацьба паміж сацыяльнымі класамі, што прыводзіць да сацыяльных рэвалюцый, якія становяцца непасрэдным штуршком змены фармацый.

Цывілізацыйны падыход да вывучэння гісторыі сфарміраваўся ў еўрапейскай сацыяльна-гуманітарнай думцы ў ХІХ—ХХ стст. (М. Данілеўскі, А. Тойнбі, О. Шпенглер). У ім у якасці асноўнай адзінкі сацыяльнага быцця вылучаецца цывілізацыя. У аснову цывілізацыйнага падыходу пакладзены не вытворчыя адносіны, а чалавек з яго запатрабаваннямі, здольнасцямі, воляй і ведамі. Цывілізацыя — гэта ўзровень грамадскага развіцця, яго матэрыяльнай і духоўнай культуры. Пад цывілізацыяй маецца на ўвазе буйное аб’яднанне чалавечага грамадства на пэўнай тэрыторыі, якое ўзнікае ў выніку рознабаковай дзейнасці людзей. Дзейнасць гэта ўключае ўсе сферы жыцця: гаспадарку, рэлігію, культуру, дзяржаву.

Розныя даследчыкі налічваюць ад 8 да 21 цывілізацыі. Да гэтага часу адсутнічаюць адзіныя крытэрыі вылучэння цывілізацый. У аснову аналізу звычайна ставяцца рысы культуры, а эканамічныя і палітычныя асаблівасці прасочваюцца не толькі колькасна, але і змястоўна. Даследчыкі на прыкладзе жыцця культур адрозніваюць агульныя стадыі, якія праходзяць цывілізацыі: «нараджэнне», «росквіт», «заняпад» ці «вясна», «лета», «восень», «зіма».

Вучоныя ўжываюць лакальны тэрмін «цывілізацыя» у сэнсе — асобны народ ці супольнасць народаў, асобная краіна, асобная культура, асобны кантынент і нават зямная цывілізацыя.

Вылучаецца асобная ўсходнеславянская цывілізацыя, у якую трапляе і Беларусь. Дакладнай методыкі класіфікацыі цывілізацый не існуе. Гісторыя іх расквечваецца станоўчымі характарыстыкамі гістарычных фактаў, з’яў, працэсаў і асоб.

Такім чынам, фармацыйны і цывілізацыйны падыходы да гісторыі прадстаўляюць гістарычны шлях народаў як лінейнае ўзыходжанне ад ніжэйшых формаў да вышэйшых.

 1. Прааналізуйце матэрыял, выкарыстоўваючы памятку «Як працаваць з навуковым тэкстам».
2. Дайце азначэнне гісторыі як навукі.
3. Назавіце навуковыя метады даследавання, якімі карыстаецца гісторыя.
4. Вызначце і канкрэтызуйце сутнасць падыходаў да вывучэння гісторыі. Чым яны адрозніваюцца адзін ад аднаго? Які падыход, на ваш погляд, найбольш запатрабаваны для вывучэння гісторыі Беларусі?
5. Вызначце асноўныя задачы гістарычнай навукі і дайце іх характарыстыку.     

6. Чаму, на ваш погляд, гісторыя Беларусі павінна вывучацца ў кантэксце цывілізацыйнага рэгіянальнага развіцця як складовай часткі ўсходнеславянскай і агульнаеўрапейскай гісторыі?