§ 18-2. Ідэалогіі нацыянальна-вызваленчага руху

1. Гандзізм

Своеасаблівае сацыяльна-палітычнае і рэлігійна-філасофскае вучэнне — гандзізм — распрацаваў адзін з кіраўнікоў і ідэолагаў нацыянальна-вызваленчага руху Індыі Махандас Карамчанд Гандзі. Па сваёй сутнасці ідэалогія М. Гандзі ўяўляла сабой нацыяналізм. Для апраўдання сваёй тактыкі грамадзянскага непадпарадкавання Гандзі выкарыстаў індуізм, што фактычна рабіла паслядоўнікаў іншых рэлігій, галоўным чынам шматлікіх мусульман, ізгоямі. І хаця Гандзі змагаўся супраць дыскрымінацыі касты «недатыкальных», ён не ставіў пад сумненне саму каставую сістэму. М. Гандзі не спрабаваў абараняць інтарэсы працоўных і ўсяляк перашкаджаў аб’яднанню рабочага руху, стрымліваючы сацыял-рэвалюцыйныя патрабаванні.

М. Гандзі атрымаў адукацыю на Захадзе і быў носьбітам яго пацыфісцкай культуры. Акрамя таго, свае ідэі ён запазычыў у тэорыі несупраціўлення злу гвалтам рускага пісьменніка Л. Талстога, звязаўшы іх з традыцыямі і філасофіяй індуізму. Асноўным метадам гандзізму стала негвалтоўнае супраціўленне — «сацьяграха».

У рамках «сацьяграхі» М. Гандзі выкарыстаў метады адмовы ад супрацоўніцтва з эксплуататарскай уладай і парушэння супярэчных маралі законаў шляхам спынення працы, акружэння шчыльным людскім колам чыноўнікаў, каб яны не маглі трапіць на працу, байкоту англійскіх тавараў і прапаганды айчыннай вытворчасці, вырабу даматканага палатна, каб не карыстацца англійскімі тканінамі, нявыплаты падаткаў, асабістай галадоўкі. У 1930 г. сотні тысяч індыйцаў пад кіраўніцтвам М. Гандзі здзейснілі 390-кіламетровы марш пратэсту на заходняе ўзбярэжжа Індыі, у канцы якога ў парушэнне саляной манаполіі англічан дэманстратыўна выпарвалі соль з марской вады, не сплачваючы саляны падатак.

М. Гандзі сваім сціплым ладам жыцця, беднай вопраткай падкрэсліваў сувязь з большасцю бедных індусаў. Прапанаваныя ім метады барацьбы былі вельмі простымі, не патрабавалі спецыяльнага навучання, прываблівалі беднату, таму падобныя формы пратэсту ахапілі ўсю краіну. У Індыі М. Гандзі называлі «Махатма» — «вялікая душа». Кіруючыся яго тактыкай, Індыя атрымала незалежнасць пасля Другой сусветнай вайны.