§ 18-2. Ідэалогіі нацыянальна-вызваленчага руху
Ключавая ідэя: ідэалогіі нацыянальна-вызваленчага руху выражалі пратэст народаў супраць прыгнечання, іх імкненне да нацыянальнай незалежнасці, самастойнасці і самабытнасці.
Паняцце «ідэалогія» ў навуковы зварот увёў французскі філосаф і эканаміст XVIII ст. А. Д. дэ Трасі. Ён разглядаў ідэалогію як асаблівую навуку, якая вывучала агульныя законы паходжання, прычыны фарміравання, развіццё ідэй і іх функцыянаванне ў грамадстве. Вучоны лічыў, што ідэалогія павінна стаць асновай усяго збору навук аб прыродзе чалавечага грамадства, перш за ўсё такіх як палітыка, этыка, педагогіка. Пры жыцці дэ Трасі ідэалогія не была прызнана ў якасці навукі.
Сучасная навука разглядае ідэалогію як сістэму поглядаў і ідэй, у якой усведамляюцца і ацэньваюцца стаўленне людзей адно да аднаго, сацыяльныя праблемы і канфлікты, а таксама ўтрымліваюцца мэты і праграмы сацыяльнай дзейнасці, накіраванай на замацаванне або змяненне такіх грамадскіх адносін.
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Сусветная гісторыя ХІХ - пачатак ХХІ ст. 11 клас |
Книга: | § 18-2. Ідэалогіі нацыянальна-вызваленчага руху |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Суббота, 5 Июль 2025, 18:19 |
1. Гандзізм
Своеасаблівае сацыяльна-палітычнае і рэлігійна-філасофскае вучэнне — гандзізм — распрацаваў адзін з кіраўнікоў і ідэолагаў нацыянальна-вызваленчага руху Індыі Махандас Карамчанд Гандзі. Па сваёй сутнасці ідэалогія М. Гандзі ўяўляла сабой нацыяналізм. Для апраўдання сваёй тактыкі грамадзянскага непадпарадкавання Гандзі выкарыстаў індуізм, што фактычна рабіла паслядоўнікаў іншых рэлігій, галоўным чынам шматлікіх мусульман, ізгоямі. І хаця Гандзі змагаўся супраць дыскрымінацыі касты «недатыкальных», ён не ставіў пад сумненне саму каставую сістэму. М. Гандзі не спрабаваў абараняць інтарэсы працоўных і ўсяляк перашкаджаў аб’яднанню рабочага руху, стрымліваючы сацыял-рэвалюцыйныя патрабаванні.
М. Гандзі атрымаў адукацыю на Захадзе і быў носьбітам яго пацыфісцкай культуры. Акрамя таго, свае ідэі ён запазычыў у тэорыі несупраціўлення злу гвалтам рускага пісьменніка Л. Талстога, звязаўшы іх з традыцыямі і філасофіяй індуізму. Асноўным метадам гандзізму стала негвалтоўнае супраціўленне — «сацьяграха».
У рамках «сацьяграхі» М. Гандзі выкарыстаў метады адмовы ад супрацоўніцтва з эксплуататарскай уладай і парушэння супярэчных маралі законаў шляхам спынення працы, акружэння шчыльным людскім колам чыноўнікаў, каб яны не маглі трапіць на працу, байкоту англійскіх тавараў і прапаганды айчыннай вытворчасці, вырабу даматканага палатна, каб не карыстацца англійскімі тканінамі, нявыплаты падаткаў, асабістай галадоўкі. У 1930 г. сотні тысяч індыйцаў пад кіраўніцтвам М. Гандзі здзейснілі 390-кіламетровы марш пратэсту на заходняе ўзбярэжжа Індыі, у канцы якога ў парушэнне саляной манаполіі англічан дэманстратыўна выпарвалі соль з марской вады, не сплачваючы саляны падатак.
М. Гандзі сваім сціплым ладам жыцця, беднай вопраткай падкрэсліваў сувязь з большасцю бедных індусаў. Прапанаваныя ім метады барацьбы былі вельмі простымі, не патрабавалі спецыяльнага навучання, прываблівалі беднату, таму падобныя формы пратэсту ахапілі ўсю краіну. У Індыі М. Гандзі называлі «Махатма» — «вялікая душа». Кіруючыся яго тактыкай, Індыя атрымала незалежнасць пасля Другой сусветнай вайны.
2. Суньятсенізм
Ідэалагічнай асновай нацыянальна-вызваленчай барацьбы ў Кітаі стала вучэнне Сунь Ятсена. У 1905 г. ён абвясціў свае знакамітыя тры прынцыпы: нацыяналізм, народаўладдзе, народны дабрабыт.
Нацыяналізм разглядаўся як імкненне знішчыць прышлую маньчжурскую манархічную ўладу і аднавіць кітайскую нацыянальную дзяржаву, а таксама недатыкальнасць суверэнітэту Кітая.
Народаўладдзе прадугледжвала ўвядзенне канстытуцыйнага рэжыму і ліквідацыю імператарскай улады рэвалюцыйным шляхам, сіламі простага народа.
Народны дабрабыт ён разумеў як ажыццяўленне сацыяльных рэформ з апорай на канфуцыянскія нормы паводзін. Сунь Ятсен лічыў марксізм непрымальным для Кітая і быў прыхільнікам усталявання сацыяльнага партнёрства, эканамічнай і грамадскай гармоніі ў духу канфуцыянскай ідэі вялікага яднання народа.
Прынцып народнага дабрабыту заключаўся ў тым, каб усе людзі былі аднолькава забяспячаны сродкамі да існавання. Дабіцца гэтага Сунь Ятсен прапанаваў праз нацыяналізацыю буйных манаполій, ураўнаванне правоў на зямлю — «кожнаму земляробу сваё поле». Прадугледжвалася таксама мадэрнізацыя капіталістычнага ладу шляхам індустрыялізацыі Кітая і вывядзення яго на ўзровень Заходняй Еўропы і ЗША. Галоўную праблему Кітая ён бачыў у беднасці, а не ў сацыяльнай няроўнасці.
Сунь Ятсен надаваў вялікае значэнне сацыяльнаму дарвінізму — сацыялагічнай тэорыі, згодна з якой заканамернасці натуральнага адбору і барацьбы за выжыванне, выяўленыя Ч. Дарвінам у прыродзе, распаўсюджваюцца на адносіны ў чалавечым грамадстве. Пры такім падыходзе ўзнікае каласальная сацыяльная няроўнасць. Сунь Ятсен прыйшоў да высновы, што роўнасць існавала толькі ў першабытным грамадстве, а па меры яго развіцця яна немагчымая з-за адрознення прыродных інтэлектуальных і фізічных здольнасцей, якія даюцца людзям ад нараджэння.
У адрозненне ад Гандзі, Сунь Ятсен рабіў стаўку на гвалтоўныя і рэвалюцыйныя метады барацьбы супраць засілля Захаду.
3. Рэлігійная ідэалогія ў мусульманскім свеце
У мусульманскім свеце ідэалогія антыкаланіяльных рухаў у ХIХ — пачатку ХХ ст., як правіла, прымала рэлігійную форму. І толькі на рубяжы стагоддзяў узнік свецкі нацыяналізм, пасля чаго зацвердзіліся дзве формы нацыяналізму — рэлігійная і свецкая.
Рэлігійная форма супраціўлення ў мусульманскім свеце найбольш ярка прадстаўлена ідэалогіяй панісламізму. Панісламізм — паняцце, якое ў апошняй чвэрці XIX — пачатку ХХ ст. абазначала розныя рухі за аб’яднанне мусульман у сусветным халіфаце незалежна ад іх нацыянальнай або этнічнай прыналежнасці. Мэта панісламісцкай ідэалогіі заключалася ў супрацьстаянні каланіяльнай экспансіі еўрапейскіх дзяржаў, у захаванні палітычнай незалежнасці ісламскага свету.
Панісламізм уключаў розныя плыні ісламскай рэлігійна-палітычнай думкі. Да іх варта аднесці афіцыйную ідэалогію султана Абдул Хаміда II і младатуркаў у Турцыі, якія заклікалі мусульман да аб’яднання пад эгідай Асманскай імперыі. Важную частку панісламізму складалі ідэі Джамаль ад-Дзіна аль-Афгані аб сацыяльнай роўнасці мусульман і стварэнні канфедэрацыі мусульманскіх дзяржаў у процівагу агрэсіўнаму Захаду. Вядзенне джыхаду супраць каланіяльнай экспансіі таксама ўвасаблялася ў ідэалагічнай форме панісламізму і разглядалася як агульная ісламская справа.
Такім чынам, панісламізм выражаў імкненне мусульманскага свету да супраціўлення еўрапейскай экспансіі выключна на аснове ісламскай рэлігіі.
Пасля Першай сусветнай вайны пазіцыі панісламізму заўважна аслабелі. На змену яму прыйшлі нацыяналістычныя ідэі як секулярнага, так і рэлігійнага характару. Прадстаўнікі так званага ісламскага нацыяналізму арыентаваліся на рэформы сацыяльна-палітычнага і рэлігійна-культурнага жыцця ў кожнай асобнай краіне. Яны прызнавалі адзінства мусульман выключна на нацыянальнай або этнічнай аснове. У адрозненне ад панісламізму з яго стаўкай на чысціню ісламу «ісламскі нацыяналізм» выступаў за паслядоўную і ўсебаковую мадэрнізацыю з выкарыстаннем ісламу. Тем не менш панісламізм захаваўся да нашых дзён як ідэалагічная аснова мусульманскага руху салідарнасці.
Рух за мадэрнізацыю ісламу паступова распаўсюджваўся, асабліва ў першай палове XX ст. Прыклад найбольш радыкальных рэформ у гэтым кірунку паказала Турцыя. Пасля Першай сусветнай вайны ў гэтай краіне пад уплывам знешніх фактараў атрымалі развіццё ідэі секулярнага нацыяналізму.
4. Кемалізм
У ходзе Кемалісцкай рэвалюцыі адбылася кардынальная ломка ісламскіх традыцый. Кемалізм (кемалісцкі нацыяналізм) — ідэалогія турэцкага нацыяналізму, абвешчаная заснавальнікам сучаснай турэцкай дзяржавы Мустафой Кемалем Атацюркам. Ідэалогія кемалізму ўключала ў сябе шэсць прынцыпаў.
У аснове кемалізму ляжаць наступныя ідэі. Рэспубліканізм — пабудова рэспубліканскай формы праўлення з выбіральным, падсправаздачным народу прэзідэнтам і меджлісам як альтэрнатывы асманскай абсалютнай манархіі. Нацыяналізм К. Атацюрка разумеўся на французскі ўзор як ідэалогія палітычнай нацыі ў межах турэцкай дзяржавы, а не цюркскай этнічнай нацыі, як гэта было ў панцюркістаў. Адмаўляўся і панісламісцкі кампанент, уласцівы младатуркам. Не-цюркі падлягалі асіміляцыі. Міжкласавая салідарнасць. Лаіцызм, секулярызм — свецкі характар дзяржавы і аддзяленне рэлігіі ад дзяржавы, адмена шарыяцкага права, забарона на рэлігійную адукацыю. Дзяржаўнае рэгуляванне эканомікі, нацыяналізацыя пры захаванні дробнага прыватнага сектара. Рэзкі разрыў з перажыткамі традыцыйнага грамадства, арыентацыя на Захад. Яркім прыкладам вестэрнізацыі стаў перавод турэцкай мовы на лацінку.
Турцыя была абвешчана рэспублікай у 1923 г. Ніводная іншая мусульманская краіна такіх рэформ не паўтарыла. Сучасная турэцкая канстытуцыя адзіная ў свеце абвяшчае ідэалогію нацыяналізму.
Пытанні
1. Растлумачце значэнне паняцця «нацыянальна-вызваленчы рух». Чым быў выкліканы ўздым нацыянальна-вызваленчага руху ў краінах Усходу пасля Першай сусветнай вайны?
2. Што абазначае паняцце «ідэалогія»? Якія фактары ўплывалі на фарміраванне ідэалогій нацыянальна-вызваленчага руху ў краінах Азіі?
3. Якія агульныя рысы мелі ідэалогіі, што ўзніклі ў азіяцкіх краінах у міжваенны перыяд? Па якіх пытаннях яны разыходзіліся?
4. Ахарактарызуйце лідараў нацыянальна-вызваленчага руху. Якую ролю яны адыгралі ў разгортванні нацыянальна-вызваленчага руху ў сваіх краінах?
5. Высветліце, якую ролю адыгрываюць гэтыя ідэалогіі ў сучасным свеце.