§ 10-3. Утварэнне незалежных дзяржаў у Лацінскай Амерыцы

1. Іспанская і Партугальская Амерыка

Першымі створанымі ў ходзе Вялікіх геаграфічных адкрыццяў каланіяльнымі імперыямі сталі Партугальская і Іспанская. Пад уладу Партугаліі патрапіла Бразілія, Іспанія захапіла вялізныя тэрыторыі ў Паўднёвай і Паўночнай Амерыцы.

Еўрапейцы сталі разбураць патрыярхальна-абшчынную земляробчую індзейскую цывілізацыю і рабаваць калоніі. Вывозілі каштоўныя металы, трысняговы цукар, бавоўну, тытунь, рыс, каштоўныя пароды дрэва, натуральныя фарбавальнікі. Аўтахтоннае насельніцтва падпала пад жорсткую эксплуатацыю, гінула ад голаду і хвароб. Усё жыццё лацінаамерыканскіх калоній было падпарадкавана інтарэсам метраполій. Узровень эканамічнага развіцця залежаў ад наяўнасці прыродных рэсурсаў, урадлівасці глебы, кліматычных умоў, колькасці насельніцтва. Каланіяльныя ўлады не садзейнічалі развіццю мануфактур, паколькі неабходна было захаваць за метраполіяй манапольнае права на ўвоз гатовых вырабаў. Дазвалялася вырошчваць толькі тыя сельскагаспадарчыя культуры, якіх не было ў метраполіі. Унутраны гандаль паміж калоніямі быў забаронены.

У канцы XVIII — пачатку XIX ст. у сувязі з удзелам метраполій у спусташальных войнах з Францыяй і Англіяй і пагаршэннем эканамічнага становішча эксплуатацыя лацінаамерыканскага насельніцтва рэзка ўзмацнілася — павялічыліся гандлёвыя пошліны і падаткі.

У канцы каланіяльнага перыяду здабыча карысных выкапняў скарацілася, асновай эканомікі стала сельская гаспадарка. Буйное прыватнае землеўладанне было прадстаўлена латыфундыямі, асьендамі і фазендамі, у якіх працавалі парабкі (пеоны) і рабы, у жывёлаводчых — пастухі-метысы (гаўча, льянэра).

Землі канцэнтраваліся ў руках каланіяльнай эліты, а падатковае індзейскае сялянства бяднела. Нашчадкі каланістаў (крэолы) імкнуліся да неабмежаванай эксплуатацыі паднявольнага насельніцтва, якое ў сваю чаргу дабівалася сацыяльнай справядлівасці.