§ 10-3. Утварэнне незалежных дзяржаў у Лацінскай Амерыцы
Ключавая ідэя: вызваленчы рух, які ахапіў у канцы XVIII — пачатку XIX ст. амаль усю Лацінскую Амерыку, увянчаўся пераўтварэннем большасці калоній у незалежныя дзяржавы, якія ў хуткім часе патрапілі ў эканамічную залежнасць ад замежнага капіталу.
У XIX ст. на тэрыторыі Амерыканскага кантынента адбыліся вялікія змены. Абрынуліся іспанская і партугальская каланіяльныя імперыі. На палітычнай карце свету з’явілася каля дваццаці новых лацінаамерыканскіх дзяржаў. Аднак яны, хаця і дабіліся свабоды, аказаліся ў няўстойлівым палітычным становішчы, у іх часта адбываліся войны і рэвалюцыі. Краіны Лацінскай Амерыкі ператварыліся ў аб’ект экспансіянісцкіх прэтэнзий з боку развітых капіталістычных дзяржаў.
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Сусветная гісторыя ХІХ - пачатак ХХІ ст. 11 клас |
Книга: | § 10-3. Утварэнне незалежных дзяржаў у Лацінскай Амерыцы |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Пятница, 30 Май 2025, 23:42 |
1. Іспанская і Партугальская Амерыка
Першымі створанымі ў ходзе Вялікіх геаграфічных адкрыццяў каланіяльнымі імперыямі сталі Партугальская і Іспанская. Пад уладу Партугаліі патрапіла Бразілія, Іспанія захапіла вялізныя тэрыторыі ў Паўднёвай і Паўночнай Амерыцы.
Еўрапейцы сталі разбураць патрыярхальна-абшчынную земляробчую індзейскую цывілізацыю і рабаваць калоніі. Вывозілі каштоўныя металы, трысняговы цукар, бавоўну, тытунь, рыс, каштоўныя пароды дрэва, натуральныя фарбавальнікі. Аўтахтоннае насельніцтва падпала пад жорсткую эксплуатацыю, гінула ад голаду і хвароб. Усё жыццё лацінаамерыканскіх калоній было падпарадкавана інтарэсам метраполій. Узровень эканамічнага развіцця залежаў ад наяўнасці прыродных рэсурсаў, урадлівасці глебы, кліматычных умоў, колькасці насельніцтва. Каланіяльныя ўлады не садзейнічалі развіццю мануфактур, паколькі неабходна было захаваць за метраполіяй манапольнае права на ўвоз гатовых вырабаў. Дазвалялася вырошчваць толькі тыя сельскагаспадарчыя культуры, якіх не было ў метраполіі. Унутраны гандаль паміж калоніямі быў забаронены.
У канцы XVIII — пачатку XIX ст. у сувязі з удзелам метраполій у спусташальных войнах з Францыяй і Англіяй і пагаршэннем эканамічнага становішча эксплуатацыя лацінаамерыканскага насельніцтва рэзка ўзмацнілася — павялічыліся гандлёвыя пошліны і падаткі.
У канцы каланіяльнага перыяду здабыча карысных выкапняў скарацілася, асновай эканомікі стала сельская гаспадарка. Буйное прыватнае землеўладанне было прадстаўлена латыфундыямі, асьендамі і фазендамі, у якіх працавалі парабкі (пеоны) і рабы, у жывёлаводчых — пастухі-метысы (гаўча, льянэра).
Землі канцэнтраваліся ў руках каланіяльнай эліты, а падатковае індзейскае сялянства бяднела. Нашчадкі каланістаў (крэолы) імкнуліся да неабмежаванай эксплуатацыі паднявольнага насельніцтва, якое ў сваю чаргу дабівалася сацыяльнай справядлівасці.
2. Вызваленчая барацьба і атрыманне незалежнасці
Непасрэдным штуршком да ўздыму вызваленчага руху ў іспанскіх калоніях стала ўварванне ў Іспанію ў 1808 г. войскаў Напалеона. Французскі імператар адхіліў дынастыю Бурбонаў ад улады і пасадзіў на іспанскі трон свайго брата Жазэфа. Паражэнне Іспаніі ад напалеонаўскай Францыі паслужыла ў 1810 г. сігналам да пачатку вызваленчых паўстанняў.
Многія нашчадкі заможных крэольскіх сем’яў атрымлівалі адукацыю ў Еўропе і былі знаёмыя з ідэямі Асветы (Вальтэра, Мантэск’ё, Русо) і працамі англійскіх эканамістаў (А. Сміта, Д. Рыкарда). Яны і сталі на чале вызваленчага руху. Сярод іх былі латыфундысты, гандлёвыя пасярэднікі, уладальнікі мануфактур, якія разам з чыноўнікамі з метраполій прыгняталі каляровае і крэольскае беднае насельніцтва, таму спачатку яны не атрымалі падтрымкі беднаты.
Паўстанне пачалося не з прычыны ўсеагульнай незадаволенасці каланіяльным прыгнётам (за выключэннем Мексікі), а з-за непрымірымай пазіцыі заможных слаёў крэольскага насельніцтва, якіх не задавальняла палітыка метраполіі.
Вызваленчы рух у Мексіцы супраць іспанскіх улад і крэольскіх памешчыкаў пачаўся з сялянскага паўстання пад кіраўніцтвам сельскага святара Мігеля Ідальга. Аднак пасля гібелі Ідальга вызваленчы рух у Мексіцы, як і паўсюль у Лацінскай Амерыцы, узначалілі крэолы.
Першыя разрозненыя выступленні супраць іспанскай адміністрацыі былі лёгка задушаны. Аднак у 1816 г. пад камандаваннем Сімона Балівара і Хасэ Марці былі створаны вызваленчыя арміі, якія здолелі перамагчы іспанскія войскі.
Прадстаўнік арыстакратычных колаў Венесуэлы, які атрымаў мянушку Вызваліцеля, Сімон Балівар адыграў выдатную ролю ў вайне за незалежнасць. Адна з лацінаамерыканскіх краін — Балівія — носіць яго імя. Яму ўдалося ўтварыць дзяржаву Вялікая Калумбія, у якую ўвайшлі Новая Гранада (пазней Калумбія), Венесуэла і Эквадор. У прынятай канстытуцыі абвяшчаліся некаторыя буржуазна-дэмакратычныя правы (роўнасць грамадзян перад законам, недатыкальнасць маёмасці і асобы, свабода друку і слова). Аднак членам кангрэса (парламента) мог стаць толькі той, хто меў даволі значны даход.
Прэзідэнтам новай дзяржавы стаў Балівар, віцэ-прэзідэнтам —Франсіска дэ Паўла Сантандэр. Абодва выдатныя ваенныя, палітычныя і дзяржаўныя дзеячы былі прыхільнікамі ўсталявання палітычнага панавання крэольскай эліты, дабіваліся мадэрнізацыі каланіяльнага грамадства ў буржуазным духу, але істотна разыходзіліся ў выбары сродкаў для дасягнення гэтай мэты. Балівар, нягледзячы на сваё сацыяльнае становішча, выражаў інтарэсы сярэдніх і ніжэйшых слаёў насельніцтва, выступаў за раўнапраўе ўсіх расава-этнічных груп, надаўшы асаблівую ўвагу праблеме ліквідацыі рабства, празмернай маёмаснай няроўнасці. Сантандэр прадстаўляў крэольскую алігархію і пакланяўся палітычнай сістэме ЗША.
Вызваленчая вайна ў іспанскіх калоніях завяршылася ў 1826 г. поўным паражэннем метраполіі. На месцы Іспанскай Амерыкі ўтварылася восем незалежных дзяржаў: Мексіка, Гватэмала, Вялікая Калумбія, Перу, Балівія, Парагвай, Аргенціна і Чылі. Бразілія, якая стала адзінай манархіяй на кантыненце, дабілася незалежнасці ад Партугаліі. Да канца XIX ст. у выніку міжусобных войнаў і перадзелу тэрыторый колькасць незалежных лацінаамерыканскіх дзяржаў узрасла да 20. Толькі Куба і Пуэрта-Рыка заставаліся іспанскімі ўладаннямі.
Новыя незалежныя дзяржавы, што знаходзіліся ў стане гаспадарчай разрухі, адразу ж сталі аб’ектамі імперыялістычнай палітыкі краін Еўропы і Злучаных Штатаў, якія паспрабавалі замяніць Іспанію ў ролі метраполіі. Яны падтрымлівалі ў сваіх інтарэсах земляробчую алігархію і сепаратысцкія рухі, якія прывялі да ўтварэння новых дзяржаў. Так, вайна паміж Перу і Вялікай Калумбіяй прывяла да распаду апошняй у 1830 г. на Венесуэлу, Эквадор, Новую Гранаду. Пазней распаліся Перуанска-Балівійская канфедэрацыя і федэрацыя краін Цэнтральнай Амерыкі.
3. Панаванне буйных землеўладальнікаў
Пасля вайны за незалежнасць эканамічны і палітычны ўплыў латыфундыстаў яшчэ больш узрос, а становішча народа пагоршылася. Індустрыялізацыя і аграрныя пераўтварэнні на карысць сялян не праводзіліся. Аграрная і экспартная накіраванасць эканомікі і недахоп фінансавых сродкаў прывялі да прыцягвання замежнага капіталу. Апошні атрымаў неабмежаваны доступ да сыравінных рэсурсаў лацінаамерыканскіх краін. Аргенціна ператварылася ў буйнейшага ў свеце пастаўшчыка ялавічыны і збожжа, Бразілія атрымала тытул «кававага караля», Чылі стала вядучым экспарцёрам прыродных нітратаў, нафта і каляровыя металы паступалі з Мексікі, Венесуэлы, Калумбіі і Перу. Менавіта ў Аргенціне, Бразіліі і Чылі на сродкі замежнага капіталу хуткімі тэмпамі ажыццяўляўся прамысловы пераварот. З’явіліся першыя фабрыкі, пачала ўкараняцца новая тэхніка, вялікага размаху дасягнула будаўніцтва чыгунак, якія злучылі багацейшыя гарнарудныя і сельскагаспадарчыя раёны з партовымі гарадамі.
Асабліва вялікі ўплыў у Лацінскай Амерыцы мелі Англія і ЗША. Напрыклад, у канцы XIX ст. пад поўны кантроль ЗША перайшла Куба. Аргенціна фактычна ператварылася ў «эканамічную калонію» Англіі.
4. Палітычнае развіццё Лацінскай Амерыкі
Барацьба за незалежнасць спарадзіла ў Лацінскай Амерыцы (акрамя Бразіліі) сацыяльна-палітычны феномен каўдылізму (ад іспанскага слова caudillo — «кіраўнік» або «правадыр»). Каўдылізм азначае рэжым асабістай улады дыктатараў у шэрагу краін Лацінскай Амерыкі, які быў усталяваны ў выніку ваеннага перавароту і абапіраўся непасрэдна на ваенную сілу.
З разбурэннем каланіяльнай формы праўлення вакуум, што ўтварыўся ў незалежных краінах, запоўнілі сепаратысцкія крэольскія групоўкі, якія сапернічалі паміж сабой. Кожная з іх фарміравала свае арміі. Сямейныя сувязі, адданасць каўдылья азначалі больш, чым дзяржаўная прыналежнасць.
На аснове кланавай прыналежнасці фарміраваліся і партыі, якія ўмоўна можна падзяліць на ліберальныя, што імкнуліся да рэформ на еўрапейскі ўзор, і кансерватыўныя, што настойвалі на захаванні дарэвалюцыйных парадкаў і іберыйскай спадчыны. Аднак барацьба партый, якія мелі аднолькавую сацыяльную базу, у рэальнасці выражала барацьбу алігархічных гандлёва-латыфундысцкіх груповак.
У краінах, якія атрымалі незалежнасць, былі ўсталяваны рэспубліканская форма праўлення і федэратыўнае дзяржаўнае ўладкаванне. Былі скасаваны гандлёвыя манаполіі, падушны падатак і працоўная павіннасць. Аднак у большасці рэспублік да сярэдзіны XIX ст. захоўвалася рабства. Каталіцкая канфесія заставалася дзяржаўнай, духавенства і вайскоўцы захавалі асаблівыя прывілеі.
Вядучую ролю ва ўрадах адыгрывалі ліберальна настроеныя прадстаўнікі інтэлігенцыі, зямельнай арыстакратыі і вайскоўцы крэольскага паходжання, якія выйшлі з рэвалюцыйнага руху. Выбарчае права абмяжоўвалася высокім маёмасным цэнзам і цэнзам пісьменнасці.
Ліберальныя ўрады першых гадоў незалежнасці не змаглі пераадолець эканамічную разруху і анархію, выкліканыя войнамі. У 1850—1860-я гг. кантынент скалануў шэраг грамадзянскіх войнаў паміж кансерватарамі і лібераламі. З калейдаскапічнай хуткасцю мяняліся ўрады, фактычна ўсталёўваліся ваенныя дыктатуры, а канстытуцыі існавалі толькі на паперы. Напрыклад, Калумбія за няпоўныя паўстагоддзя (1839—1885) перажыла шэсць грамадзянскіх войнаў. Больш за 60 гадоў спатрэбілася прагрэсіўным сілам Бразіліі, каб дабіцца адмены рабства (1888) і скінуць манархію (1889).
Сярод усіх лацінаамерыканскіх краін асаблівае месца займае Мексіка. У выніку рэвалюцыі 1910—1917 гг. там была прынята самая дэмакратычная на кантыненце канстытуцыя.
5. Адрозныя рысы развіцця лацінаамерыканскай культуры
Арыгінальная лацінаамерыканская культура складвалася ва ўмовах каланізацыі ў выніку змешвання іберыйскай, індзейскай і негрыцянскай і пад значным уплывам каталіцызму, які ў сваю чаргу ўвабраў у сябе мясцовыя вераванні, культы, рытуалы і абрады. Асновай развіцця культуры Лацінскай Амерыкі стала адукацыя. Першыя ўніверсітэты з’явіліся яшчэ ў ХVІ ст. і знаходзіліся пад уплывам езуітаў. Навукова-даследчым і адукацыйным цэнтрам усёй Паўднёвай Амерыкі стала сталіца Перу Ліма.
Набыццё незалежнасці садзейнічала павышэнню інтарэсу да нацыянальнай індзейскай культуры і яе ўздыму. У 1854 г. у Перу была адкрыта Нацыянальная акадэмія медыцыны, якая стала вывучаць вопыт індзейскага знахарства.
У каланіяльны перыяд выяўленчае мастацтва і архітэктура складваліся пад еўрапейскім уплывам і былі ў асноўным рэлігійнымі па сваім змесце. Пасля абвяшчэння незалежнасці намеціўся пераход да свецкага мастацтва — да тэм патрыятызму, гераізму, гісторыі антыкаланіяльнай барацьбы, сялянскага побыту, да партрэтнага жывапісу, пейзажных замалёвак. Узніклі самабытныя мастацкія стылі (гістарычны — В. Дзі Ліма, пейзаж — Г. Грым, карыкатуры — А. Агасціні).
У пачатку XIX ст. пераадоленне каланіяльнай ізаляцыі выразілася ў далучэнні да сусветнай архітэктурнай тэндэнцыі — класіцызму. У пачатку ХХ ст. на змену класіцызму прыйшлі неакласіцызм, эклектычны і неакаланіяльны стылі, ультрабарока, эстыніце (асаблівая ордэрная сістэма).
Мастацкая літаратура таксама стваралася на ўзор еўрапейскай. У сярэдзіне XIX ст. узнікла плынь, вядомая як «бытапіс». Першы лацінаамерыканскі рэаліст Блест Гана ў 1860-я гг. напісаў цыкл раманаў «Чалавечая камедыя Чылі». Няцяжка здагадацца, хто з еўрапейцаў зрабіў на яго ўплыў. Сувязь паміж паэзіяй і лёсам сваёй краіны асабліва ярка праявілася ў творчасці кубінскага паэта і правадыра вызваленчага руху Хасэ Марці. У канцы XIX ст. ён адным з першых загаварыў аб небяспецы амерыканскага імперыялізму для народаў Лацінскай Амерыкі.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва таксама зазналі значныя змены. У каланіяльны перыяд архітэктура была ў асноўным рэлігійнай па сваім змесце. Яна абмяжоўвалася царкоўнымі жанрамі і кіравалася еўрапейскімі ўзорамі. Вялізны ўплыў на яе рабіла культура іспанскага Адраджэння, а пазней — барока.
Пасля атрымання нацыянальнай незалежнасці намеціўся рашучы пераход да свецкага мастацтва. Назіраўся ўздым у портрэтным жывапісе, павысіўся інтарэс да займальных пабытовых сцэнак і пейзажных замалёвак. Мастакі ўсё часцей звярталіся да сучаснага жыцця, да гісторыі антыкаланіяльнай барацьбы.
У сувязі з ростам гарадоў з’явіліся будынкі новага тыпу — біржы, банкі, універсальныя магазіны, гатэлі, чыгуначныя вакзалы, музеі, тэатры. У Буэнас-Айрэсе пачалі будаваць шматпавярховыя дамы. У будаўніцтве сталі выкарыстоўваць бетон і жалеза. У канцы XIX ст. на змену класіцызму прыйшоў эклектычны стыль.
Пытанні
1. Ахарактарызуйце этнічны, рэлігійны і моўны склад лацінаамерыканскіх краін. Які ўплыў ён зрабіў на гістарычнае развіццё рэгіёна?
2. Чаму барацьба за незалежнасць у Лацінскай Амерыцы цесна звязана з падзеямі, якія адбываліся ў Заходняй Еўропе? Складзіце сінхранічную табліцу.
3. З якімі палітычнымі і сацыяльна-эканамічнымі праблемамі сутыкнуліся дзяржавы Лацінскай Амерыкі пасля атрымання незалежнасці? Як вырашаліся гэтыя праблемы?
4. Вызначце фактары, якія садзейнічалі альбо перашкаджалі эканамічнаму развіццю незалежных дзяржаў Лацінскай Амерыкі.
5. Растлумачце, чаму ў пострэвалюцыйны перыяд у краінах Лацінскай Амерыкі сфарміравалася такая з’ява грамадскага жыцця як ваенны каўдылізм. Ці можна гаварыць аб існаванні каўдылізму сёння?
6. Ахарактарызуйце дзейнасць адного з лідараў барацьбы за незалежнасць у Лацінскай Амерыцы (на ваш выбар). Выкарыстоўвайце крыніцы дадатковай інфармацыі.
7. Назавіце асаблівасці развіцця культуры краін Лацінскай Амерыкі.
8. Ахарактарызуйце эканамічнае становішча дзяржаў Лацінскай Амерыкі ў пачатку ХХ ст.