§ 10-1. Каланіялізм у краінах Азіі і Афрыкі і асноўныя цэнтры антыкаланіяльнага супраціўлення

1. Формы і метады каланіяльнай эксплуатацыі народаў Азіі і Афрыкі

У эпоху Асветніцтва Усход быў ахарактарызаваны на Захадзе як загадкавы і прыцягальны, але адсталы, неразвіты, агрэсіўны і не адпаведны еўрапейскім стандартам. Таму, натуральна, народы Усходу «мелі патрэбу» ў дапамозе цывілізаванага і адукаванага Захаду. Тым самым у XVIII—XIX стст. у ідэалагічным плане было «ўзаконена» права Заходняй Еўропы на кіраванне «варварамі» і на каланіяльнае панаванне.

Ідэалагічнае абгрунтаванне каланіялізму было ажыццёўлена шляхам неабходнасці распаўсюджвання заходняй культуры (цывілізацыя, мадэрнізацыя, вестэрнізацыя), што было адлюстравана ў вершы «Прыгнёт белага чалавека» англійскага паэта Рэдзьярда Кіплінга, упершыню апублікаваным у 1899 г.

Непасрэдна кіраваць залежнымі тэрыторыямі было працаёмкай справай, таму метраполіі вымушаны былі ствараць алігархічныя, арыстакратычныя групоўкі — каланіяльную адміністрацыю.

Каланіяльнае панаванне выражалася альбо ў форме кіравання калоніямі (дамініёна) з боку метраполій шляхам прызначэння віцэ-караля ці генерал-губернатара, альбо ў форме пратэктарату, калі фактычная калонія знаходзілася пад ваеннай абаронай фактычнай метраполіі. Англійская гандлёвая Ост-Індская кампанія пайшла далей за ўсіх і стала практычна паралельнай Вялікабрытаніі палітычнай структурай у калоніях.

Сістэма кіравання калоніямі моцна змянілася пасля таго, як з’явіліся тэлеграф, чыгункі. У 1870 г. наладзілася тэлеграфная сувязь па маршруце Лондан — Бамбей. Стала магчымай цэнтралізаваная сістэма кіравання. У XIX ст. манапольныя каланіяльныя гандлёвыя кампаніі былі ліквідаваны. У прыватнасці, Акт аб кіраванні Індыяй 1858 г. завяршыў гісторыю Ост-Індскай кампаніі як палітычнага інстытута. У канцы ХIХ — пачатку ХХ ст. пачалася эпоха імперыялізму, афармлення нацыянальных дзяржаў, якія паспяхова змагаліся з прыватнымі манаполіямі. Быў усталяваны прыярытэт нацыянальнага чынавенства над кланавымі структурамі.

Усё гэта не змяншала інтэнсіўнасці эксплуатацыі калоній. Каланізатары замацоўвалі феадальныя і дафеадальныя адносіны, разглядаючы феадальную і родаплямённую знаць у каланізаваных краінах у якасці сваёй сацыяльнай апоры. У калоніях падтрымліваліся канфлікты варагуючых плямёнаў, праводзілася палітыка апартэіду.