§ 10-1. Каланіялізм у краінах Азіі і Афрыкі і асноўныя цэнтры антыкаланіяльнага супраціўлення
Ключавая ідэя: каланіяльная палітыка еўрапейскіх дзяржаў выклікала бязлітаснае супраціўленне народаў Азіі і Афрыкі.
Станаўленне капіталізму ў Еўропе суправаджалася ўзмацненнем каланіяльнай эксплуатацыі народаў Азіі і Афрыкі. Пад патрэбы метраполій у многіх калоніях была рэарганізавана сістэма кіравання. Гонка за рэсурсамі і рынкамі збыту і з’яўленне на палітычнай сцэне новых дзяржаў прывялі да захопніцкіх і каланіяльных войнаў. Усё гэта абумовіла зараджэнне антыкаланіяльнай барацьбы залежных краін і тэрыторый Азіі і Афрыкі.
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Сусветная гісторыя ХІХ - пачатак ХХІ ст. 11 клас |
Книга: | § 10-1. Каланіялізм у краінах Азіі і Афрыкі і асноўныя цэнтры антыкаланіяльнага супраціўлення |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Среда, 7 Май 2025, 15:02 |
1. Формы і метады каланіяльнай эксплуатацыі народаў Азіі і Афрыкі
У эпоху Асветніцтва Усход быў ахарактарызаваны на Захадзе як загадкавы і прыцягальны, але адсталы, неразвіты, агрэсіўны і не адпаведны еўрапейскім стандартам. Таму, натуральна, народы Усходу «мелі патрэбу» ў дапамозе цывілізаванага і адукаванага Захаду. Тым самым у XVIII—XIX стст. у ідэалагічным плане было «ўзаконена» права Заходняй Еўропы на кіраванне «варварамі» і на каланіяльнае панаванне.
Ідэалагічнае абгрунтаванне каланіялізму было ажыццёўлена шляхам неабходнасці распаўсюджвання заходняй культуры (цывілізацыя, мадэрнізацыя, вестэрнізацыя), што было адлюстравана ў вершы «Прыгнёт белага чалавека» англійскага паэта Рэдзьярда Кіплінга, упершыню апублікаваным у 1899 г.
Непасрэдна кіраваць залежнымі тэрыторыямі было працаёмкай справай, таму метраполіі вымушаны былі ствараць алігархічныя, арыстакратычныя групоўкі — каланіяльную адміністрацыю.
Каланіяльнае панаванне выражалася альбо ў форме кіравання калоніямі (дамініёна) з боку метраполій шляхам прызначэння віцэ-караля ці генерал-губернатара, альбо ў форме пратэктарату, калі фактычная калонія знаходзілася пад ваеннай абаронай фактычнай метраполіі. Англійская гандлёвая Ост-Індская кампанія пайшла далей за ўсіх і стала практычна паралельнай Вялікабрытаніі палітычнай структурай у калоніях.
Сістэма кіравання калоніямі моцна змянілася пасля таго, як з’явіліся тэлеграф, чыгункі. У 1870 г. наладзілася тэлеграфная сувязь па маршруце Лондан — Бамбей. Стала магчымай цэнтралізаваная сістэма кіравання. У XIX ст. манапольныя каланіяльныя гандлёвыя кампаніі былі ліквідаваны. У прыватнасці, Акт аб кіраванні Індыяй 1858 г. завяршыў гісторыю Ост-Індскай кампаніі як палітычнага інстытута. У канцы ХIХ — пачатку ХХ ст. пачалася эпоха імперыялізму, афармлення нацыянальных дзяржаў, якія паспяхова змагаліся з прыватнымі манаполіямі. Быў усталяваны прыярытэт нацыянальнага чынавенства над кланавымі структурамі.
Усё гэта не змяншала інтэнсіўнасці эксплуатацыі калоній. Каланізатары замацоўвалі феадальныя і дафеадальныя адносіны, разглядаючы феадальную і родаплямённую знаць у каланізаваных краінах у якасці сваёй сацыяльнай апоры. У калоніях падтрымліваліся канфлікты варагуючых плямёнаў, праводзілася палітыка апартэіду.
2. Тэрытарыяльны падзел свету ў канцы ХIХ — пачатку ХХ ст. Супраціўленне іншаземнаму ўмяшанню
Барацьба за тэрытарыяльны падзел свету выклікала супраціўленне народаў Усходу. Найбольшую вядомасць атрымалі англа-афганскія, «опіумныя войны» і паўстанне іхэтуаняў у Кітаі, англа-бурская вайна.
Англа-афганскія войны. Першая англа-афганская вайна (1838—1842). Першапачатковай прычынай, якая вымусіла Вялікабрытанію ў 1808 г. уступіць у адносіны з Афганістанам, было імкненне напалеонаўскай Францыі захапіць брытанскую Індыю. У 1807 г. быў створаны франка-іранскі саюз, які дазваляў Францыі правесці праз Іран свае войскі для захопу Індыі.
Паступальная экспансія Расіі ў першай палове XIX ст. на Каўказ і ў Туркестан (Узбекістан, Туркменія, Кіргізія, Казахстан, Таджыкістан, Сіньцзян-Уйгурская аўтаномная акруга Кітая, цюркамоўная паўднёвая Сібір, паўночны Афганістан і Іран) таксама прымусіла Вялікабрытанію звярнуць увагу на Афганістан — «паўночныя вароты» ў Індыю, паколькі яго тэрыторыя аддзяляла рускія ўладанні ад брытанскай Індыі.
У выніку дынастычных спрэчак з Афганістана ў Расію ў 1834 г. адным з варагуючых бакоў было накіравана пасольства з просьбай аб дапамозе. У адказ пад уплывам рускай дыпламатыі іранскія войскі ўварваліся ў Афганістан. Вялікабрытанія аб’явіла вайну Афганістану, у выніку якой на трон у Кабуле быў пасаджаны англійскі стаўленік.
Другая англа-афганская вайна (1878—1880). Як і ў першую англа-афганскую вайну, англічане пачалі ўварванне ў Афганістан з-за незадаволенасці яго арыентацыяй на Расію. Пацярпеўшы паражэнне ад Вялікабрытаніі, эмір Шыр-Алі збег, пакінуўшы ўладу свайму сыну Якуб-хану. 26 мая 1879 г. быў заключаны Гандамацкі дагавор, па якім Вялікабрытанія атрымлывала частку тэрыторыі Афганістана і допуск у Кабул англійскага рэзідэнта. Праз некалькі месяцаў рэзідэнт і яго світа былі забітыя. Якуб-хан адрокся ад трона і збег пад абарону брытанцаў у Індыю. Кабул і Кандагар былі заняты англійскімі войскімі.
У канцы 1879 г. у Афганістане ўспыхнула антыбрытанскае народнае паўстанне. Пасля разгрому паўстанцаў у 1880 г. новым эмірам усяго Афганістана пры падтрымцы брытанцаў стаў Абдур-Рахман. Ён выкарыстаў англічан для ўмацавання сваёй улады, дабіўся перагляду Гандамацкага дагавора, але вымушаны быў узгадняць знешнюю палітыку з англічанамі. Яго пераемнік Хабібула папераменна выступаў на баку то Вялікабрытаніі, то Расіі, у залежнасці ад таго, хто выплачваў больш значную суму.
Трэцяя англа-афганская вайна (1919). У рамках фарміравання блока Антанты ў 1907 г. было заключана англа-рускае пагадненне, якое размяжоўвала сферы ўплыву на Усходзе паміж дзвюма дзяржавамі. Расія прызнавала пратэктарат Вялікабрытаніі над Афганістанам. У перыяд Першай сусветнай вайны Афганістан прытрымліваўся нейтралітэту. У 1919 г. пасля завяршэння вайны Хабібула запатрабаваў ад Брытаніі прадаставіць краіне поўную незалежнасць, але ў хуткім часе быў забіты. Аманула-хан, які прыйшоў да ўлады ў пачатку 1919 г., пры падтрымцы групы патрыятычна настроеных афіцэраў, чыноўнікаў і землеўладальнікаў аб’явіў аб поўнай незалежнасці Афганістана. Англічанам, якія ўварваліся на тэрыторыю краіны, быў аб’яўлены джыхад. Па выніках вайны быў падпісаны англа-афганскі папярэдні мірны дагавор, па якім Афганістан вяртаў сабе знешнепалітычную незалежнасць. Упершыню ў гісторыі брытанцы прызналі незалежнасць свайго пратэктарату. Брытанскі ўплыў у рэгіёне зменшыўся.
3. «Опіумныя войны» і паўстанне іхэтуаняў у Кітаі
З сярэдзіны ХVIII ст. кітайская дынастыя Цын пачала ізаляваць краіну ад знешняга свету, але гэта прывяло да адставання Кітая ў навукова-тэхнічнай сферы. Насельніцтву Кітая, якое ўвесь час павялічвалася, стала не хапаць прадуктаў харчавання, адбывалася паўперызацыя сялян.
Еўрапейцы ж імкнуліся гвалтоўна «адкрыць» краіну, каб ператварыць яе ў калонію. Замест ваенных дзеянняў у пачатку XIX ст. Вялікабрытанія павялічыла ўвоз опіуму ў Кітай з Індыі. За опіум кітайцы плацілі срэбрам, таму фінансавае становішча краіны пагоршылася. Улетку 1839 г. у Гуанчжоў на поўдні Кітая ўрад канфіскаваў і знішчыў 20 тыс. скрыняў опіуму, што стала нагодай для пачатку першай англа-кітайскай «опіумнай вайны»1840—1842 гг. Цынская імперыя пацярпела зневажальнае паражэнне і капітулявала. Па выніках вайны Вялікабрытанія атрымала вялізную кантрыбуцыю, Кітай быў адкрыты для замежнага ўмяшання.
Дадатковыя падаткі, уведзеныя для выплаты кантрыбуцый, прывялі ў 1850—1860-я гг. да мноства народных выступленняў, самым значным з якіх стала сялянская антыфеадальная вайна — Тайпінскае паўстанне (1850—1864), накіраваная на звяржэнне Цынскай дынастыі і стварэнне пад уплывам хрысціянскіх ідэй справядлівага грамадскага ладу.
Вялікабрытанія і Францыя скарысталіся грамадзянскай вайной і перайшлі да адкрытай агрэсіі. Пачалася другая «опіумная вайна» 1856—1860 гг., цяпер англа-франка-кітайская. Цынскі ўрад, заняты барацьбой з тайпінамі, капітуляваў. Толькі пасля гэтага ў 1862 г. еўрапейскія дзяржавы аказалі дапамогу манчжурскім феадалам у задушэнні паўстання.
Пасля скрышальнага паражэння Кітая ў вайне з Японіяй (1894—1895) вялікія дзяржавы падзялілі яго на сферы ўплыву. Імператар Гуансюй паспрабаваў правесці ў 1898 г. рэформы («Сто дзён рэформ»), але імператрыца Цысі з дапамогай манчжурскай гвардыі ажыццявіла дзяржаўны пераварот. Гуансюй быў пасаджаны пад хатні арышт, а многія рэфарматары пакараны смерцю.
У 1899 г. успыхнула чарговае народнае паўстанне супраць іншаземцаў. На чале паўстанцаў стала антыхрысціянскае містычнае таварыства Іхэтуань. Паўстанцы знішчалі ўсё замежнае — цэрквы, чыгункі, паравозы, тэлеграфныя лініі, еўрапейскія будынкі і замежныя тавары. Імператрыца Цысі падтрымала іх з тактычных меркаванняў.
На падставе абароны сваіх падданых Англія, Францыя, Аўстрыя, Расія, ЗША, Італія, Германія і Японія накіравалі ў Кітай войскі. У 1901 г. паўстанне было задушана. Зневажальны дагавор, навязаны Кітаю, абавязваў урад выплаціць дзяржавам-інтэрвентам вялізную кантрыбуцыю і душыць любыя выступленні супраць замежнікаў. Нягледзячы на паражэнне, паўстанне іхэтуаняў прыпыніла тэрытарыяльны падзел Кітая, які пачаўся ў канцы XIX ст.
4. Англа-бурская вайна
У 1833 г. англійскі ўрад адмяніў рабства ва ўсіх сваіх калоніях. Буры, афрыканеры — сельскія жыхары, фермеры, нашчадкі галандскіх пратэстанцкіх пасяленцаў у Паўднёвай Афрыцы — успрынялі гэта як недружалюбны акт, паколькі яны шырока выкарыстоўвалі рабскую працу. Вынікам стала іх перасяленне ўглыб кантынента і заснаванне дзвюх незалежных бурскіх дзяржаў — Паўднёва-Афрыканскай рэспублікі (Трансвааля) і Аранжавай Свабоднай Дзяржавы. Англічане ж імкнуліся захаваць імперыю.
Англа-бурская вайна праходзіла ў два этапы: Першая (Трансваальская) вайна 1880—1881 гг. і Другая англа-бурская вайна 1899—1902 гг.
Прычынамі вайны сталі знаходжанне і анексія ў 1871 і 1877 гг. Брытанскай імперыяй залатаносных і алмазных радовішчаў бурскіх рэспублік у Паўднёвай Афрыцы. 16 снежня 1880 г. трансваальскія буры аб’явілі аб сваёй незалежнасці ад Вялікабрытаніі і нанеслі шэраг паражэнняў англійскім войскам. Не жадаючы ўцягвацца ў поўнамаштабную вайну, англійскі ўрад 3 жніўня 1881 г. заключыў з бурамі мір — Прэтарыйскую канвенцыю, па якой Трансвааль, прызнаўшы сюзерэнітэт Вялікабрытаніі, атрымаў поўнае ўнутранае самакіраванне.
Аднак у 1886 г. у Трансваалі былі знойдзены раней не адкрытыя радовішчы золата, што стала прычынай новай вайны. Англійскія старацелі хлынулі ў Паўднёвую Афрыку, пачалася «залатая ліхаманка». Да 1898 г. руднікі Трансвааля давалі 30 % ад сусветнай здабычы золата. Паколькі залатаносны хрыбет знаходзіўся пад кантролем фактычна незалежных бураў, фінансавае дамінаванне Вялікабрытаніі пахіснулася. Буры абклалі англійскіх золатаздабывальнікаў вялізнымі падаткамі і пошлінамі. Ці магла дапусціць падобнае Вялікабрытанія? У выніку вайна стала непазбежнай. «Замкнутыя» паміж англійскімі калоніямі і ваяўнічымі афрыканскімі плямёнамі, буры аказаліся ў цяжкім становішчы, але тым не менш аказалі ўпартае супраціўленне.
Нягледзячы на колькасную перавагу, брытанскай арміі было складана наладзіць сувязі ў варожым акружэнні. Брытанцы сутыкнуліся з фактычна народным апалчэннем. Мабільныя, добра ўзброеныя і выдатна ведаючыя мясцовасць атрады бураў былі сапраўднай пагрозай для еўрапейцаў. Буры падрывалі англійскія цягнікі, нападалі на невялікія гарнізоны і склады прадуктаў харчавання, вялі інфармацыйную вайну. Не дзіва, што на баку бураў змагаліся добраахвотнікі з многіх краін свету. Буры стварылі даволі рэдкае ў гісторыі жаночае баявое падраздзяленне — кавалерыйскі полк, вядомы як «Бурскія амазонкі».
У канчатковым выніку брытанская армія атрымала перамогу, чаму садзейнічала яе ваенная перавага — англічане ўпершыню выкарысталі найноўшае ўзбраенне, у прыватнасці, магазінныя вінтоўкі і кулямёты. Другую вайну з бурамі англічане сустрэлі ў абмундзіраванні ахоўнага колеру — хакі.
Пытанні
1. Растлумачце значэнне паняцця «каланіялізм», звярнуўшы ўвагу на храналагічны перыяд; прычыны каланіяльных заваёў; станаўленне каланіяльных імперый; формы і метады каланіяльнага кіравання; трансфармацыю каланіялізму на працягу гісторыі. Сфармулюйце вызначэнне гэтага паняцця.
2. Якія агульныя і адрозныя рысы мелі англа-афганскія, «опіумныя» і англа-бурскія войны?
3. Вызначце асаблівасці паўстання іхэтуаняў. Чаму паўстанне, якое спачатку мела лозунг «Далоў Цын, адновім Мін», з восені 1899 г. памяняла яго на лозунг «Падтрымаем Цын, выганім заморскіх д’яблаў»?
4. Чаму на пачатковых этапах антыкаланіяльную барацьбу, што мела стыхійны, неарганізаваны характар, пераважна ўзначальвалі прадстаўнікі феадальнай традыцыйнай знаці, рэлігійныя дзеячы, якія атрымалі адукацыю ў Еўропе?
5. Які ўплыў на развіццё рэвалюцыйнага працэсу ў Азіі і Афрыцы аказалі падзеі ў Еўропе і Расіі?