§ 6–7-2. Расійская імперыя ў XIX — пачатку XX ст.: палітычнае развіццё і рэвалюцыі

1. Айчынная вайна 1812 г. і грамадскія рухі XIX ст.

Айчынная вайна 1812 г. і асабліва замежныя паходы рускай арміі 1813—1814 гг. моцна паўплывалі на настроі ў грамадстве. Многія дваране вярнуліся з вайны перакананымі праціўнікамі самадзяржаўя і прыгоннага права, пранікліся заходнім ладам жыцця і ліберальнай ідэалогіяй. Сам Аляксандр I стаў будаваць ліберальна-рэфарматарскія праекты.

Адным  з вынікаў узмацнення ўплыву ліберальных ідэй у грамадстве стаў рух дзекабрыстаў. Асноўнай мэтай руху было прыняцце канстытуцыі і пераход да канстытуцыйнай манархіі альбо да рэспубліканскай формы праўлення. Такім чынам, дзекабрысты, пераважна выхадцы з вельмі багатых памешчыцкіх сем’яў, выступалі за ліквідацыю самадзяржаўя. Прыкладам для іх паслужылі падзеі пачатку 1820-х гг. у Іспаніі, Неапалітанскім каралеўстве і Грэцыі.

Агульная сітуацыя ў дзяржаве замацоўвала ўпэўненасць маладых арыстакратаў у тым, што яны маюць рацыю. Становішча сялян, якія вынеслі на сваіх плячах асноўны цяжар вайны ў збяднелых вёсках, пагоршылася. Памешчыкі патрабавалі выплаты аброку і адпрацоўкі паншчыны ў поўным аб’ёме. Сялянскія бунты, што ўспыхвалі ў адказ на гэта, жорстка душыліся.

Пачаліся хваляванні ў арміі. У 1820 г. супраць жорсткіх армейскіх парадкаў паўстаў прасякнуты ліберальнымі настроямі гвардзейскі Сямёнаўскі полк. Забарона на цялесныя пакаранні, пенсіі, незалежнасць палка ад ваеннага дэпартамента і іншыя прывілеі былі адменены. Скарачэнне расходаў на полк, муштра і цялесныя пакаранні салдат выклікалі абурэнне афіцэрскага корпуса. У Сямёнаўскім палку праходзілі ваенную службу будучыя вядомыя дзекабрысты (С. П. Трубяцкі, С. І. Мураўёў-Апостал, І. Д. Якушкін і інш.).

У выніку нерэалізаванасць ліберальных рэформ зверху прывяла да незадаволенасці значнай часткі дваран, стварэння тайных гурткоў і таварыстваў. У 1816 г. на базе некалькіх такіх арганізацый узнікла першае тайнае таварыства маладых дваран-афіцэраў «Саюз выратавання» на чале з палкоўнікам А. М. Мураўёвым. Удзельнікі арганізацыі выступалі за ўвядзенне канстытуцыйнай манархіі і адмену прыгоннага права. Аднак з-за розных поглядаў на метады дасягнення пастаўленых мэт таварыства распалася.

У 1818—1821 гг. існавала тайнае таварыства «Саюз дабрабыту», якое выступала за адмену прыгоннага права, звяржэнне самадзяржаўя і ўсталяванне ў Расіі рэспублікі. Аднак забойства цара члены арганізацыі адмаўлялі. Сам Аляксандр I наступным чынам пракаментаваў іх дзейнасць: «…Я падзяляў і заахвочваў усе гэтыя мары і гэтыя памылкі... не мне варта быць строгім».

Пасля самароспуску таварыства на яго аснове сфарміраваліся дзве дзекабрысцкія арганізацыі. У вайсковых часцях, раскватараваных ва ўкраінскіх губернях, было створана «Паўднёвае таварыства» на чале з палкоўнікам П. І. Пестэлем, які склаў будучы праект грамадскага ўладкавання «Руская праўда». Згодна з гэтым дакументам уводзіўся падзел улад на заканадаўчую, выканаўчую, судовую і па-над імі — даглядальную, прадстаўленую 120 пажыццёва абранымі баярамі, над якімі стаяў дыктатар. Пестэль планаваў стварыць бессаслоўнае грамадства з жорсткім паліцэйскім кантролем. У 1822 г. узнікла «Паўночнае таварыства» на чале з М. М. Мураўёвым, які склаў «Канстытуцыйны праект» грамадскага ўладкавання ў Расіі.

19 лістапада 1825 г. нечакана памёр 47-гадовы Аляксандр I. У краіне склалася заблытаная сітуацыя з пераходам у спадчыну прастола. Наступны па старшынстве сын Паўла I Канстанцін жыў у Польшчы, быў жанаты з дваранкай няцарскага роду і не меў права перадачы трона сваім нашчадкам. Брат Мікалай, які не меў падтрымкі вышэйшых ваенных колаў, пад ціскам вайскоўцаў 27 лістапада адрокся ад прастола на карысць Канстанціна. Канстанцін жа, кіруючыся воляй нябожчыка Аляксандра I, афіцыйна адмовіўся ад прастола яшчэ 25 лістапада ў Варшаве. Звесткі аб гэтым да Пецярбурга дайшлі са спазненнем і трымаліся ў тайне з-за складанасці сітуацыі, бо Дзяржаўны савет, які прысягнуў Канстанціну, фактычна парушыў прысягу Аляксандру I (Маніфест 16 жніўня 1823 г.), у якой утрымлівалася таксама згода на пакорнасць наследніку прастола. Акрамя таго, савет меў дакументы, дзе наследнікам называўся Мікалай. Фактычна падзеі 27 лістапада сталі спробай дзяржаўнага перавароту з боку членаў Дзяржаўнага савета.

Ваенныя змоўшчыкі вырашылі скарыстацца сітуацыяй міжцарства. 14 снежня 1825 г. было вырашана вывесці верныя ім войскі на Сенацкую плошчу Пецярбурга, каб заблакіраваць сенатараў і вышэйшых чыноўнікаў, што ішлі на прысягу Мікалаю Паўлавічу, і забіць цара і яго сям’ю. Але Мікалай прызначыў прысягу на 4 гадзіны раніцы, і калі дзекабрысты выйшлі на плошчу, яна ўжо адбылася. Паўстанне было задушана, 1 тыс. чалавек забіта. Па выніках закрытага судовага разбіральніцтва ўлетку 1826 г. пецярых дзекабрыстаў — П. Пестэля, К. Рылеева, С. Мураўёва-Апостала, М. Бястужава-Руміна і П. Кахоўскага — «як найбольшых злодзеяў» — прыгаварылі да смяротнага пакарання. Каля 600 чалавек былі прыгавораны да катаргі, пазбаўлення чыноў, ссылкі. Праз трыццаць гадоў дзекабрысты, што засталіся на той час жывымі, былі амнісціраваны.

Разузгодненасць дзеянняў і вузкая сацыяльная база паўстанцаў прывялі да іх паражэння. У выніку паўстанне дзекабрыстаў замарудзіла рэформы дзяржаўнага кіравання ў Расіі, паколькі ўлада, баючыся новых выступленняў, узяла на ўзбраенне больш кансерватыўную палітыку.