§ 6–7-1. Расійская імперыя ў XIX — пачатку XX ст.: эканамічнае развіццё і рэформы

1. Дзяржаўны лад. Рэформы дзяржаўнага кіравання

У пачатку XIX ст. ідэі Французскай рэвалюцыі вымушалі еўрапейскіх манархаў праводзіць палітыку ліберальных абяцанняў, саступак і пераўтварэнняў.

Лічачыся з «духам часу», імператар Аляксандр I пачаў сваё цараванне з цэлага шэрагу ліберальных рэформ. Была пашырана сетка ўніверсітэтаў, калегіі заменены міністэрствамі на еўрапейскі ўзор. Двойчы разглядалася пытанне аб увядзенні ў Расіі канстытуцыі. Аднак вышэйшыя саноўнікі рашуча выступалі супраць глыбокіх пераўтварэнняў. Аўтар канстытуцыйнага праекта М. М. Спяранскі трапіў у няміласць і быў сасланы ў правінцыю, дзе займаў нязначную пасаду. Праўда, гэта не перашкодзіла імператару зацвердзіць канстытуцыю Царства Польскага, якое ўваходзіла ў склад Расіі ў якасці аўтаноміі. Бадай, гэта было апошняй праявай асветніцкіх, ліберальных тэндэнцый у палітыцы Аляксандра I. Далей былі прынятыя ўказы аб узмацненні цэнзуры, абмежаванні ўніверсітэцкіх вольнасцяў, аб пазбаўленні сялян права шукаць абароны ва ўлад ад самаўпраўства памешчыкаў.

Такім чынам, рэалізацыя праекта канстытуцыі і плана адмены прыгоннага права ў Расіі сутыкнулася з упартым супраціўленнем кіруючых колаў, якія выступалі за захаванне існуючых парадкаў. Надзеі на пераўтварэнні праз рэформы зверху апынуліся марнымі. Гэтая акалічнасць у выніку прывяла да зараджэння ў Расіі грамадскага руху супраць існуючага рэжыму.