§ 6–7-1. Расійская імперыя ў XIX — пачатку XX ст.: эканамічнае развіццё і рэформы
Ключавая ідэя: рэформы, праведзеныя ў Расіі ў XIX ст., прывялі да яе ператварэння з феадальнай манархіі ў буржуазную дзяржаву.
Расійская імперыя з’яўлялася абсалютнай манархіяй. У аснове яе афіцыйнай ідэалогіі ляжала тэорыя адзінства праваслаўя, самадзяржаўя і народнасці. Ідэя цара як намесніка Бога на зямлі рабіла палітычныя рэформы ў Расіі даволі складаным і супярэчлівым працэсам. Значная частка кіруючага класа выступала супраць якіх бы там ні было змен і перамен, што закраналі яго інтарэсы. Таму ў самадзяржаўнай Расіі ажыццяўляўся курс павольных і паступовых сацыяльна-эканамічных і палітычных рэформ на працягу ўсяго XIX і пачатку XX ст.
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Сусветная гісторыя ХІХ - пачатак ХХІ ст. 11 клас |
Книга: | § 6–7-1. Расійская імперыя ў XIX — пачатку XX ст.: эканамічнае развіццё і рэформы |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Четверг, 21 Ноябрь 2024, 22:33 |
1. Дзяржаўны лад. Рэформы дзяржаўнага кіравання
У пачатку XIX ст. ідэі Французскай рэвалюцыі вымушалі еўрапейскіх манархаў праводзіць палітыку ліберальных абяцанняў, саступак і пераўтварэнняў.
Лічачыся з «духам часу», імператар Аляксандр I пачаў сваё цараванне з цэлага шэрагу ліберальных рэформ. Была пашырана сетка ўніверсітэтаў, калегіі заменены міністэрствамі на еўрапейскі ўзор. Двойчы разглядалася пытанне аб увядзенні ў Расіі канстытуцыі. Аднак вышэйшыя саноўнікі рашуча выступалі супраць глыбокіх пераўтварэнняў. Аўтар канстытуцыйнага праекта М. М. Спяранскі трапіў у няміласць і быў сасланы ў правінцыю, дзе займаў нязначную пасаду. Праўда, гэта не перашкодзіла імператару зацвердзіць канстытуцыю Царства Польскага, якое ўваходзіла ў склад Расіі ў якасці аўтаноміі. Бадай, гэта было апошняй праявай асветніцкіх, ліберальных тэндэнцый у палітыцы Аляксандра I. Далей былі прынятыя ўказы аб узмацненні цэнзуры, абмежаванні ўніверсітэцкіх вольнасцяў, аб пазбаўленні сялян права шукаць абароны ва ўлад ад самаўпраўства памешчыкаў.
Такім чынам, рэалізацыя праекта канстытуцыі і плана адмены прыгоннага права ў Расіі сутыкнулася з упартым супраціўленнем кіруючых колаў, якія выступалі за захаванне існуючых парадкаў. Надзеі на пераўтварэнні праз рэформы зверху апынуліся марнымі. Гэтая акалічнасць у выніку прывяла да зараджэння ў Расіі грамадскага руху супраць існуючага рэжыму.
2. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Расіі ў першай палове XIX ст.
У першай палове ХIX ст. Расія заставалася аграрнай краінай. У сельскай мясцовасці пражывала каля 90 % насельніцтва. Расійская імперыя ўключала вялізныя і разнастайныя ў прыродных адносінах тэрыторыі, што дало магчымасць сфарміраваць самадастатковы ўнутраны рынак. Асобныя рэгіёны Расіі сталі спецыялізавацца на вытворчасці пэўнай прадукцыі: з поўдня імперыі пастаўлялася пераважна збожжа, на паўночным усходзе развіваліся жывёлагадоўля і гарбарны промысел, у цэнтры і на паўночным захадзе — тэкстыльная вытворчасць.
«Прыгонная» мануфактурная прамысловасць у цэлым задавольвала патрэбы дзяржавы ў прамысловай прадукцыі, але прамысловы пераварот на Захадзе вывеў заходнюю тэхнічна аснашчаную прамысловасць на такі ўзровень, што руская прамысловая вытворчасць стала імкліва адставаць. У Нечарназем’і, дзе былі дастаткова развіты мясцовыя промыслы, пачала развівацца новая «сялянская» мануфактура, якую стваралі сяляне-прамыславікі. У такой мануфактурнай прамысловасці сталі выкарыстоўваць наёмную працу сялян-адхаднікоў — тых, хто часова, пераважна ў «нерабочыя» ў вёсцы зімовыя месяцы, сыходзіў з вёсак у гарады, каб зарабіць на аброк памешчыку. Аднак памешчыкі маглі ў любы момант вярнуть сялян-адхаднікоў з горада. Гэта тармазіла фарміраванне кваліфікаваных наёмных кадраў. У «сялянскіх» мануфактурах асвойвалася новая тэхніка, ажыццяўляўся пераход да фабрычнай вытворчасці. Прамысловы пераварот у Расійскай імперыі пачаўся з вялікім спазненнем — толькі ў 1840-я гг.
У Расіі, як і на Захадзе, паступова адбывалася канцэнтрацыя капіталу шляхам акцыянавання прамысловых прадпрыемстваў. Найбольш распаўсюджанай формай манапалістычных аб’яднанняў з’яўляліся сіндыкаты.
Унутранае перамяшчэнне тавараў ажыццяўлялася ў асноўным па рачных шляхах і гужавых дарогах, працягвалася пачатае яшчэ Пятром I будаўніцтва каналаў, а ў 1837 г. пачалося будаўніцтва чыгунак.
Развіваўся і знешні гандаль, у якім урад праводзіў пратэкцыянісцкую палітыку, вываз тавараў (пераважна сельскагаспадарчай прадукцыі) значна перавышаў увоз.
З фарміраваннем унутранага і знешняга рынкаў, развіццём гандлю, пераходам ад натуральнай гаспадаркі да рыначнай памешчыкі сталі думаць ужо не аб забеспячэнні сваіх патрэб і мінімальных патрэб сялян, але аб максімальным нарошчванні таварнага прадукту, які можна было б прадаць. Гэта вяло да ўзмацнення эксплуатацыі сялян. Памешчыкі ў чарназёмных абласцях павялічвалі паншчыну, у нечарназёмных — аброк. У цэнтральнай частцы Расіі назіралася аграрная перанаселенасць — зямельны надзел (3—4 га) не забяспечваў харчовыя патрэбы сялянскіх сем’яў (8—10 чалавек). Усё гэта прыводзіла не толькі да збяднення сялянскіх гаспадарак, але і да падрыву саміх асноў прыгонніцтва.
У 1803 г. Аляксандр I падпісаў «Указ аб вольных хлебаробах», які даваў памешчыкам права адпускаць сялян на волю з прадастаўленнем ім зямельных участкаў, бязвыплатна або на агавораных умовах. Аднак за ўвесь час дзеяння ўказа асабістую свабоду атрымалі ўсяго 1,5 % прыгонных сялян.
У 1837 г. Мікалай I стварыў Міністэрства дзяржаўных маёмасцей, якое арганізавала перасяленне дзяржаўных сялян з густанаселеных раёнаў, павялічыла іх зямельныя надзелы, знізіла падаткі, стварыла медыцынскія і навучальныя ўстановы. Цар спыніў практыку раздачы дзяржаўных сялян памешчыкам у якасці ўзнагароды за службу, што прывяло да істотнага зніжэння колькасці прыгонных, забараніў адпраўку сялян на катаргу, а таксама іх продаж паасобку, з разбурэннем сем’яў. У 1842 г. Мікалай I прыняў «Указ аб абавязаных сялянах». Ён дазваляў памешчыкам вызваляць сялян, надзяліўшы іх зямлёй, за якую селянін павінен быў разлічвацца, выплачваючы аброк (грашыма або прадуктамі). Вызваленыя такім чынам сяляне называліся абавязанымі. Гэты ўказ быў праігнараваны памешчыкамі і не прывёў да масавага прадастаўлення вольных грамат.
У 1847 г. Мікалай I ажыццявіў інвентарную рэформу, якая заключалася ў вопісе памешчыцкіх маёнткаў і ўсталяванні максімальнай нормы паншчыны і аброку, што павінна было абмежаваць эксплуатацыю сялян. Аднак гэтая рэформа ахапіла ўсяго толькі некалькі губерняў. На ўсю краіну гэтыя новаўвядзенні так і не распаўсюдзіліся.
3. Буржуазныя рэформы 1860—1870-х гг.
Другая палова XIX ст. была адзначана серыяй рэформ, якія ўвайшлі ў гісторыю пад назвай «Вялікія рэформы». Крымская вайна выкрыла шэраг унутрырасійскіх праблем, у прыватнасці, эканамічную і ваенна-тэхнічную адсталасць, неэфектыўнасць адміністрацыйнага кіравання, судаводства, а таксама сацыяльную напружанасць. Глыбіннай прычынай рэформ стала асэнсаванне кіруючай элітай таго, што кіраванне краінай ва ўмовах распаўсюджвання капіталістычных адносін і станаўлення новага класавага грамадства патрабуе рэарганізацыі. Вопыт еўрапейскіх рэвалюцый 1830 і 1848 гг. паказаў, што новыя грамадскія сілы патрабуюць для сябе пэўных правоў і свабод.
Асновай правядзення рэформ была бюракратыя, у тым ліку дваранства, якое часта супраціўлялася пераўтварэнням. Не дзіва, што рэформы пастаянна натыкаліся на перашкоды, былі палавінчатымі.
Гістарычнай падзеяй у Расіі стала адмена прыгоннага права. Асноўныя прычыны гэтай рэформы вядомыя: з аднаго боку, імкненне пераадолець адсталасць ад краін Захаду, з іншага — жаданне зняць сацыяльную напружанасць у грамадстве.
У той жа час асобныя аспекты дадзенай з’явы да сённяшняга дня застаюцца дыскусійнымі. Так, паводле адной з версій, прыгоннае права было малапрадукцыйным і нявыгадным для саміх памешчыкаў. Паводле іншай — крызісу прыгоннага права ў Расіі не назіралася, і гэтая сістэма была вельмі эфектыўнай. З аднаго боку, большасць памешчыкаў былі супраць адмены прыгоннага права. З іншага — прыгоннае права ператварылася ў тормаз на шляху тэхнічнага прагрэсу ў Расіі. Ва ўмовах бясплатнай прыгоннай працы ў памешчыкаў не было неабходнасці ўкараняць у прамысловасць тэхнічныя новаўвядзенні. Аднак для таго, каб вытрымліваць тэхнічную конкурэнцыю з Захадам і заставацца вялікай сусветнай дзяржавай, Расіі неабходна было развіваць прамысловасць, пераўзбройваць армію і флот, будаваць чыгункі. На гэта ясна паказвалі прычыны паражэння Расіі ў Крымскай вайне — адсутнасць мабільнасці і адсталасць ва ўзбраеннях.
19 лютага 1861 г. Аляксандр II падпісаў «Маніфест аб Усяміласцівым дараванні прыгонным людзям правоў стану свабодных сельскіх абывацеляў» і некалькі заканадаўчых актаў, якія складалі «Палажэнне аб сялянах, якія выходзілі з прыгоннай залежнасці». У выніку сяляне атрымлівалі толькі асабістую свабоду. Паколькі зямля была ва ўласнасці ў памешчыкаў, вызваліць сялян ад прыгоннай залежнасці азначала пазбавіць іх зямлі, гэта значыць сродкаў да існавання. Таму ў пераходны перыяд памешчыкі абавязаны былі прадаставіць сялянам сядзібную аседласць — сялянскі дом і подворак каля яго, а таксама палявы надзел. За карыстанне зямлёй селянін павінен быў плаціць аброк ці адпрацоўваць паншчыну — знаходіцца ў «часоваабавязаным» стане. Большасць сялян не маглі выплаціць памешчыку кошт зямлі, таму грошы за іх уносіла дзяржава, а селянін павінен быў выплаціць гэты сацыяльны крэдыт — выкупныя плацяжы — на працягу 49 гадоў. Працэнт па крэдыце быў такі, што поўная сума яго выплаты ў выніку была ў некалькі разоў вышэй за кошт зямлі. Выкупныя плацяжы за зямлю былі адменены ўрадам толькі ў 1906 г.
Для памешчыкаў адмена прыгоннага права азначала, што яны гублялі бясплатную сялянскую працу. Сяляне ж былі незадаволеныя тым, што зямлю ім перадавалі не бясплатна, а за непасільныя плацяжы. У ходзе раздачы зямель сяляне атрымлівалі менш зямлі. Статутныя граматы, якія вызначалі памеры сядзібнага і палявога надзелаў сялян, складаліся міравымі пасрэднікамі з дваран. Яны ж частку зямель, што знаходзіліся раней у карыстанні ў сялян, перадалі ва ўласнасць памешчыкам. Хаця зямля размяркоўвалася па колькасці едакоў, яе перадзелы (прывядзенне ў адпаведнасць з узрослым складам сям’і) праводзіліся адзін раз у некалькі дзесяцігоддзяў і не адпавядалі ўзросламу складу сем’яў. Сялянскія надзелы драбніліся, і ў рэшце рэшт адбывалася абеззямельванне і збядненне сельскіх жыхароў. Пачаліся сялянскія бунты. У 1861 г. адбылося 1859 паўстанняў — у 1,5 разы больш, чым за ўсё цараване Мікалая I.
Сяляне ў пошуках лепшай долі ішлі ў горады, дзе станавіліся рабочымі заводаў і фабрык. Так рэформа 1861 г. прывяла да фарміравання асноўных класаў капіталістычнага грамадства — пралетарыяту і буржуазіі. Галоўнай крыніцай папаўнення буржуазіі былі купцы і мяшчане.
Памешчыкі, нават атрымліваючы буйныя сумы ў якасці платы за зямлю, вельмі хутка аказваліся на мяжы збяднення, не здолеўшы прыстасавацца да ўмоў капіталізму. Вядомы рускі паэт, сучаснік падзей М. А. Някрасаў у паэме «Каму на Русі жыць добра» аб зямельнай рэформе 1861 г. сказаў так: «Распаўся ланцуг вялікі. Распаўся і ўдарыў, адным канцом па пану, другім — па мужыку».
У 1863—1864 гг. Аляксандрам II была праведзена рэформа вышэйшай, пачатковай і сярэдняй адукацыі. Згодна з «Палажэннем аб народных вучылішчах» была адменена дзяржаўная і царкоўная манаполія на адукацыю. Пачатковыя школы маглі адчыняцца нават прыватнымі асобамі. У гімназію мог цяпер паступіць любы чалавек. Праўда, на практыцы доступ да сярэдняй адукацыі мелі толькі заможныя людзі — плата за навучанне была высокай. Упершыню ў гісторыі Расіі атрымалі права на сярэднюю адукацыю жанчыны. Рэформа закранула таксама вышэйшую адукацыю. Універсітэтам вярталася аўтаномія — усе адукацыйныя пытанні вырашаліся рэктарам, дэканам і «саветам прафесараў». Пасля дадатковага навучання на «жаночых курсах» права паступлення ва ўніверсітэты ў якасці вольных слухачоў атрымлівалі жанчыны.
Па выніках рэформы адукацыйная сістэма Расіі была ўніфікавана, аднак галоўнай мэты — зрабіць адукацыю даступнай для ўсяго насельніцтва — яна так і не дасягнула. Фактычна саслоўная, элітная сістэма адукацыі ў Расіі захоўвалася. У канцы XIX ст. каля 60 % дарослага насельніцтва Расіі заставалася непісьменным.
У 1864 г. былі праведзены земская і судовая рэформы. У студзені 1864 г. імператар зацвердзіў «Палажэнне аб земскіх установах, органах мясцовага самакіравання ў сельскай мясцовасці», якім уводзіліся мясцовыя органы ўлады — губернскія і павятовыя земскія сходы і земскія ўправы на аснове прынцыпаў бессаслоўнасці і выбарнасці. Земствы займаліся ўтрыманнем дарог, школ і бальніц, мясцовым гандлем і прамысловасцю, сельскай гаспадаркай, спагнаннем падаткаў на мясцовыя патрэбы і да т. п. Земская рэформа садзейнічала развіццю мясцовай ініцыятывы, гаспадаркі і культуры, але праводзілася не паўсюдна і ў розны час.
Саслоўны і негалосны суд у 1864 г. быў рэфарміраваны Судовым статутам, згодна з якім уводзіўся інстытут прысяжных павераных (адвакатаў), прысяжных засядацеляў (народных прадстаўнікоў). У судзе сталі ўдзельнічаць абвінаваўца (прокурор) і абаронца (адвакат).
У 1862—1874 гг. была ажыццёўлена ваенная рэформа — замест рэкруцкага набору ўводзілася ўсеагульная воінская павіннасць. Прызываліся ў войска асобы, якія дасягнулі 21 года, на 6 гадоў, у флот — на 7. Некаторыя вызваляліся ад службы ў войску, напрыклад, адзіныя сыны ў сям’і альбо настаўнікі.
Асаблівае месца ў рэформах сярэдзіны XIX ст. займае цэнзурная. Крымская вайна паказала моц прапаганды і друку, магутнасць інфармацыйнай вайны, якую Расія прайграла. Шостага красавіка 1865 г. былі прыняты «Часовыя правілы аб друку», якія азнаменавалі сабой пачатак рэформы. Сутнасць яе была ў пераходзе ад папярэдняй цэнзуры, згодна з якой за змест выданняў адказнасць нёс цэнзар, да карнай. Апошняя мела на мэце кантроль ужо выдадзенага, але яшчэ не абнародаванага тэксту. У выпадку парушэння закона выданні караліся ў судовым парадку, што стала крокам наперад у развіцці цэнзурнага заканадаўства. Аднак рэформа цэнзуры была абмежаванай, яна практычна не закранала правінцыі. Акрамя таго, пазней быў прыняты шэраг законаў, якія пашыралі магчымасці эканамічнага ўздзеяння на друк.
Рэформы закранулі таксама гарады. У чэрвені 1870 г. Аляксандр II зацвердзіў «Гарадское палажэнне», закліканае развіваць гарадское самакіраванне. У гарадах уводзіліся гарадскія думы, якія фарміраваліся па маёмасным прынцыпе. Іх узначальваў прызначаны зверху гарадскі галава. Нягледзячы на абмежаванасць, гэтая рэформа была вельмі важнай, паколькі яна распаўсюджвалася на ўсе гарады Расійскай імперыі. Выключэнне складалі Сярэдняя Азія, Польшча і Фінляндыя.
Яшчэ ў 1860—1862 гг. былі створаны Дзяржаўны банк Расійскай імперыі і Галоўная выкупная ўстанова пры міністэрстве фінансаў (для правядзення выкупной аперацыі). Аднак фінансавая рэформа была адкладзена. Ажыццёўлена яна была толькі ў 1895—1897 гг. пад кіраўніцтвам міністра фінансаў С. Ю. Вітэ. Гэтая рэформа ўсталявала «залаты стандарт», або свабодны абмен грашовых банкнот на золата, гэта значыць увяла ў Расіі залаты рубель.
Некаторыя заходнееўрапейскія гісторыкі адзначаюць, што рэформы ў Расіі пачаліся як адказ на заходні ціск ажно да пагрозы ваеннымі дзеяннямі. Менавіта ў выніку фінансавай рэформы ў сярэдзіне XIX ст. заўважна павялічыўся аб’ём расійскіх пазык за мяжой. Да гэтага яна абыходзілся ў асноўным унутранымі рэсурсамі.
З аднаго боку, «Вялікія рэформы», без сумнення, далі старт развіццю капіталізму ў Расіі, але з іншага аказаліся недастаткова эфектыўнымі і сталі кропкай адліку для рэвалюцыйных падзей 1917 г.
4. Паслярэформеннае развіццё
Да канца XIX ст. Расія заставалася аграрна-індустрыяльнай краінай, займала другое месца пасля ЗША па вытворчасці збожжа, уваходзіла ў лік буйнейшых вытворцаў каровінага масла і яек. Сельскае насельніцтва ў чатыры разы перавышала гарадское.
Аляксандр III прыйшоў да ўлады, калі дзяржаўны доўг замежным крэдыторам складаў 30 % бюджэту краіны. Імкнучыся выправіць становішча, урад падняў пошліны на імпартныя тавары, увёў новыя падаткі і павысіў ранейшыя для заможных слаёў насельніцтва. У 1882 г. быў уведзены падатак на маёмасць, у 1885 г. — павышаны падаткі на прамысловыя прадпрыемствы, магазіны, склады, дамы, павялічаны пазямельны падатак. Падаткаабкладанне сялян было зніжана, як і памер штогадовых выкупных плацяжоў. У 1882 г. быў заснаваны Сялянскі пазямельны банк. За 10 гадоў на пазыкі банка сяляне набылі ва ўласнасць больш за 2 млн дзесяцін зямлі. У 1889 г. быў адменены падушны падатак.
З 1860-х гг. 80 % усіх грузаперавозак стала ажыццяўляцца па чыгунцы. У 1891 г. пачалося будаўніцтва чыгункі праз усю Сібір. У канцы XIX ст. працягласць чыгунак узрасла ўдвая. Значна павялічылася доля прадпрыемстваў цяжкай прамысловасці: вугальнай, нафтавай, горна-металургічнай. Асноўнымі прамысловымі цэнтрамі Расіі былі Цэнтральны, Пецярбургска-Балтыйскі, Польскі, Уральскі, Данецка-Крыварожскі і Бакінскі.
Пратэкцыянісцкая палітыка, заснаваная на павышэнні мытных тарыфаў на імпарт сыравіны і паўфабрыкатаў і ў меншай ступені на імпарт гатовых вырабаў, прывяла да развіцця прадукцыйных сіл краіны. Па тэмпах гадавога прыросту прамысловай прадукцыі (больш як 12 % за год) у 1890-я гг. Расія апярэджвала ўсе еўрапейскія краіны. Асабліва хутка развіваліся цяжкае машынабудаванне, хімічная прамысловасць, электраіндустрыя, чыгуначнае будаўніцтва, здабыча карысных выкапняў.
Напярэдадні Першай сусветнай вайны ў Расіі адбываўся эканамічны рост, які напалохаў заходнія дзяржавы. Краіна займала 5—6-е месца па вытворчасці многіх відаў прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі. У той жа час Расія аказалася на першым месцы ў свеце па знешнім дзярждоўгу, які перавышаў ЗВП краіны. Замежнікам належала ўся нафтавая прамысловасць, 90 % здабычы ўсіх карысных выкапняў, 50 % хімічнай прамысловасці, 40 % металургіі, 30 % тэкстыльнай прамысловасці. У цэлым у расійскай эканоміцы амаль 40 % усіх капіталаўкладанняў складалі замежныя інвестыцыі.
У 1906 г. старшынёй Савета міністраў Расійскай імперыі, змяніўшы Вітэ, стаў П. А. Сталыпін, які таксама лічыў, што Расія павінна ісці па шляху капіталістычнага развіцця. Асабліва моцна тармазіла развіццё капіталістычных адносін вёска. Беззямелле або малазямелле, цераспалосіца, а таксама абшчыннае валоданне зямлёй перашкаджалі ўкараненню капіталізму ў сельскай мясцовасці. Сталыпін імкнуўся сфарміраваць слой сялян-уласнікаў, якія сталі б апорай кіруючаму рэжыму. Прадугледжвалася таксама, што рэформа сельскай гаспадаркі здыме сацыяльную напружанасць — аграрныя хваляванні, якія дасягнулі свайго піку ў 1905 г. і напалохалі ўлады.
5. Сталыпінская аграрная рэформа 1906—1911 гг.
Сталыпінская аграрная рэформа 1906—1911 гг. уключала прадастаўленне селяніну права выхаду з сялянскай абшчыны і замацаванне за ім надзелу зямлі ў прыватнай уласнасці — водруба. Сялянам прадастаўляліся аднолькавыя з іншымі саслоўямі правы ў адносінах да дзяржаўнай службы і свабода абрання месца жыхарства. Ад гэтага часу яны маглі ствараць гаспадаркі па-за межамі вёсак — хутары. Уводзілася льготнае крэдытаванне сялян пад заклад зямлі. Малазямельныя сяляне перасяляліся на казённыя землі ў малаабжытыя раёны Урала і Сібіры. «Закон аб землеўладкаванні» 1911 г. фактычна падвёў вынік рэформы, садзейнічаў разлажэнню сельскай абшчыны і пераходу на водрубы і хутары.
У выніку аграрная рэформа П. А. Сталыпіна аслабіла сельскую абшчыну, паскорыла працэс класавага расслаення сялянства. Але галоўны яе вынік — дзякуючы сваёй рэфарматарскай дзейнасці Сталыпін здолеў змягчыць сацыяльную напружанасць у перыяд рэвалюцыі 1905—1907 гг. У выніку аграрнай рэформы ў Расіі паскорыўся колькасны рост сельскай буржуазіі, адбылося рэзкае павелічэнне колькасці спажывецкіх і крэдытных кааператываў, пачалося актыўнае ўцягванне сялян у рыначныя адносіны.
Пытанні
1. Пералічыце праблемы, якія стаялі перад Расіяй у пачатку XIX ст.
2. Якую ролю ў развіцці Расіі адыгралі рэформы 1860—1870-х гг.? Чаму некаторыя гісторыкі называюць гэтыя рэформы «рэвалюцыяй зверху»?
3. Якія фактары садзейнічалі высокім тэмпам індустрыяльнага развіцця Расіі?
4. Што стрымлівала развіццё капіталізму ў сельскай гаспадарцы? Якімі шляхамі вырашалася гэтая праблема ў Расіі?
5. Вызначце асаблівасці эканамічнага развіцця Расіі ў пачатку ХХ ст. у параўнанні з краінамі Заходняй Еўропы.
6. Якія факты сведчаць аб тым, што ў Расіі ў другой палове XIX — пачатку XX ст. адбывалася фарміраванне буржуазнай дзяржавы?