§ 5-4. Сістэма ваенна-палітычных блокаў і саюзаў у другой палове XIX — пачатку XX ст.

1. Крымская вайна і крах Венскай сістэмы міжнародных адносін

З сярэдзіны XIX ст. абвастрылася ўсходняе пытанне, звязанае з аслабленнем Асманскай імперыі. Гэта выклікала новы віток супрацьстаяння паміж Расіяй і вядучымі дзяржавамі Еўропы. З канца 1840-х гг. супраць яе разгарнула паспяховую інфармацыйную вайну Вялікабрытанія, якая ў выніку дабілася яе дыпламатычнай ізаляцыі. Францыя баялася ўзмацнення Расіі на Балканскім паўвостраве і імкнулася блакіраваць яе выхад да праліваў Басфор і Дарданелы. Аўстрыя і Прусія таксама былі незадаволены ростам магутнасці Расійскай дзяржавы. Усё гэта прывяло да Крымскай вайны 1853—1856 гг.

Нагодай для гэтай вайны стала сварка паміж каталіцкімі і праваслаўнымі манахамі ў Палесціне ў 1850 г., што прывяло да дыпламатычнага канфлікту Расіі і Францыі па пытанні кантролю над Храмам труны Гасподняй у Іерусаліме. Расія не збіралася дапускаць узмацнення Францыі на Блізкім Усходзе. Аўстрыя і Прусія занялі нейтральную, але патэнцыяльна варожую Расіі пазіцыю. Пятага мая 1853 г. турэцкі султан пагадзіўся прызнаць пераважныя правы праваслаўнай царквы ў Палесціне, але расійскія дыпламаты запатрабавалі большага — заключэння руска-турэцкай канвенцыі аб апякунстве рускага імператара з праваслаўнага насельніцтва Асманскай імперыі. Гэта значыць турэцкі султан павінен быў прызнаць права рускага імператара ўмешвацца ва ўнутраныя справы Асманскай імперыі, на што правіцель Турцыі пайсці не мог.

У чэрвені 1853 г. Расія, імкнучыся аказаць ціск на Асманскую імперыю, акупіравала падпарадкаваныя туркам Малдавію і Валахію, тэрыторыі, якія па ўмовах Адрыянапальскага мірнага дагавора 1829 г. знаходзіліся пад пратэктаратам Расіі. У кастрычніку 1853 г. міжземнаморскія эскадры Вялікабрытаніі і Францыі, парушыўшы канвенцыю аб нейтралітэце праліваў, рушылі да Дарданел. Асманская імперыя разгарнула ваенныя дзеянні на Дунаі і ў Закаўказзі. Пачалася Крымская вайна, якая падзяляецца на два этапы: першы этап ахоплівае руска-асманскую кампанію; другі пачынаецца з красавіка 1854 г. — высадкі ў Крыме войскаў Вялікабрытаніі і Францыі, а таксама ўключае абарону Севастопаля. Развязваючы ваенную кампанію, Мікалай I не ўлічыў магчымасці ўступлення ў вайну Францыі і Вялікабрытаніі, якія пераўзыходзілі Расію ў ваенна-тэхнічных адносінах.

18 лістапада 1853 г. у ходзе Сінопскай бітвы руская эскадра знішчыла 15 караблёў праціўніка і ўзяла ў палон турэцкага камандуючага. У пачатку 1854 г. рускія войскі пераправіліся праз Дунай і ў маі ўзялі ў аблогу крэпасць Сілістрыю. Аўстрыя, баючыся ўзмацнення Расіі, запатрабавала ад яе ачысціць Валахію і Малдавію і пачала сканцэнтроўваць свае войскі на Дунаі. У канцы чэрвеня з-за ўзрослай небяспекі ўступлення ў вайну Аўстрыі рускія войскі былі выведзены, а Малдавія і Валахія заняты аўстрыйцамі. Расія задаволіла патрабаванні заходніх дзяржаў, але вайна не скончылася, паколькі Вялікабрытанія імкнулася выкарыстаць сітуацыю і дабіцца паражэння Расіі.

У красавіку 1854 г. англа-французская эскадра абстраляла Адэсу, агонь у адказ рускіх берагавых батарэй не дапусціў высадкі дэсанта. Другога верасня 1854 г. англа-французская армія высадзілася ў Еўпаторыі. У гэты час у саюзнікаў была двухразовая перавага над Расіяй у колькасці караблёў.

 У верасні 1854 г. пачалася бітва за Севастопаль. У яго бухце былі затоплены старыя парусныя судны, якія не дазволілі паравым караблям саюзнікаў падысці блізка да берага і ажыццявіць бамбардзіроўку горада. Экіпажы разам з гарматамі, знятымі з караблёў, высадзіліся на бераг і ўвайшлі ў склад сухапутных войскаў. Яны сталі вырашальнай сілай у абароне горада. Гераічная абарона горада працягвалася 349 дзён, але сілы былі няроўнымі, значная перавага была на баку саюзнікаў.

18 лютага 1855 г. памёр імператар Мікалай I, царом стаў Аляксандр II. У красавіку 1855 г. пачалася дзесяцідзённая бамбардзіроўка Севастопаля. У жніўні 1855 г. бітва на Чорнай рэчцы фактычна ператварылася ў расстрэл саюзнікамі рускіх войскаў, і Севастопаль здаўся. Расіі ўдалося дабіцца поспехаў толькі на каўказскім накірунку: быў узяты Карс, пасля чаго пачаліся перамовы аб міры.

Паводле Парыжскага дагавора, падпісанага 18 сакавіка 1856 г., Расія атрымлывала Севастопаль у абмен на Карс, які перайшоў да Асманскай імперыі; адмаўлялася на карысць Малдавіі ад сваіх уладанняў у вусці Дуная і, такім чынам, пераставала межаваць там з Асманскай імперыяй. Расія страціла права мець флот на Чорным моры, якое абвяшчалася нейтральным, пралівы Басфор і Дарданелы аб’яўляліся закрытымі для ваенных караблёў усіх краін. Гэта таксама стала ўдарам па пазіцыях Расіі на Блізкім Усходзе і Балканах: яна губляла права апекавання з праваслаўных падданых Асманскай імперыі.