§ 5-4. Сістэма ваенна-палітычных блокаў і саюзаў у другой палове XIX — пачатку XX ст.
Ключавая ідэя: нераўнамернасць развіцця краін Захаду ўзмацніла супярэчнасці паміж імі.
Сістэма міжнародных адносін, усталяваная ў 1814—1815 гг. на Венскім кангрэсе, пасля падзелу напалеонаўскай імперыі, заставалася ў сіле да Крымскай (Усходняй) вайны. Інтарэсы былых саюзнікаў аказаліся абсалютна рознымі. Наступны перыяд быў азнаменаваны фарміраваннем у міжнародных адносінах сістэмы блокаў, якая праіснавала ажно да пачатку Першай сусветнай вайны.
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Сусветная гісторыя ХІХ - пачатак ХХІ ст. 11 клас |
Книга: | § 5-4. Сістэма ваенна-палітычных блокаў і саюзаў у другой палове XIX — пачатку XX ст. |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Суббота, 5 Июль 2025, 21:36 |
1. Крымская вайна і крах Венскай сістэмы міжнародных адносін
З сярэдзіны XIX ст. абвастрылася ўсходняе пытанне, звязанае з аслабленнем Асманскай імперыі. Гэта выклікала новы віток супрацьстаяння паміж Расіяй і вядучымі дзяржавамі Еўропы. З канца 1840-х гг. супраць яе разгарнула паспяховую інфармацыйную вайну Вялікабрытанія, якая ў выніку дабілася яе дыпламатычнай ізаляцыі. Францыя баялася ўзмацнення Расіі на Балканскім паўвостраве і імкнулася блакіраваць яе выхад да праліваў Басфор і Дарданелы. Аўстрыя і Прусія таксама былі незадаволены ростам магутнасці Расійскай дзяржавы. Усё гэта прывяло да Крымскай вайны 1853—1856 гг.
Нагодай для гэтай вайны стала сварка паміж каталіцкімі і праваслаўнымі манахамі ў Палесціне ў 1850 г., што прывяло да дыпламатычнага канфлікту Расіі і Францыі па пытанні кантролю над Храмам труны Гасподняй у Іерусаліме. Расія не збіралася дапускаць узмацнення Францыі на Блізкім Усходзе. Аўстрыя і Прусія занялі нейтральную, але патэнцыяльна варожую Расіі пазіцыю. Пятага мая 1853 г. турэцкі султан пагадзіўся прызнаць пераважныя правы праваслаўнай царквы ў Палесціне, але расійскія дыпламаты запатрабавалі большага — заключэння руска-турэцкай канвенцыі аб апякунстве рускага імператара з праваслаўнага насельніцтва Асманскай імперыі. Гэта значыць турэцкі султан павінен быў прызнаць права рускага імператара ўмешвацца ва ўнутраныя справы Асманскай імперыі, на што правіцель Турцыі пайсці не мог.
У чэрвені 1853 г. Расія, імкнучыся аказаць ціск на Асманскую імперыю, акупіравала падпарадкаваныя туркам Малдавію і Валахію, тэрыторыі, якія па ўмовах Адрыянапальскага мірнага дагавора 1829 г. знаходзіліся пад пратэктаратам Расіі. У кастрычніку 1853 г. міжземнаморскія эскадры Вялікабрытаніі і Францыі, парушыўшы канвенцыю аб нейтралітэце праліваў, рушылі да Дарданел. Асманская імперыя разгарнула ваенныя дзеянні на Дунаі і ў Закаўказзі. Пачалася Крымская вайна, якая падзяляецца на два этапы: першы этап ахоплівае руска-асманскую кампанію; другі пачынаецца з красавіка 1854 г. — высадкі ў Крыме войскаў Вялікабрытаніі і Францыі, а таксама ўключае абарону Севастопаля. Развязваючы ваенную кампанію, Мікалай I не ўлічыў магчымасці ўступлення ў вайну Францыі і Вялікабрытаніі, якія пераўзыходзілі Расію ў ваенна-тэхнічных адносінах.
18 лістапада 1853 г. у ходзе Сінопскай бітвы руская эскадра знішчыла 15 караблёў праціўніка і ўзяла ў палон турэцкага камандуючага. У пачатку 1854 г. рускія войскі пераправіліся праз Дунай і ў маі ўзялі ў аблогу крэпасць Сілістрыю. Аўстрыя, баючыся ўзмацнення Расіі, запатрабавала ад яе ачысціць Валахію і Малдавію і пачала сканцэнтроўваць свае войскі на Дунаі. У канцы чэрвеня з-за ўзрослай небяспекі ўступлення ў вайну Аўстрыі рускія войскі былі выведзены, а Малдавія і Валахія заняты аўстрыйцамі. Расія задаволіла патрабаванні заходніх дзяржаў, але вайна не скончылася, паколькі Вялікабрытанія імкнулася выкарыстаць сітуацыю і дабіцца паражэння Расіі.
У красавіку 1854 г. англа-французская эскадра абстраляла Адэсу, агонь у адказ рускіх берагавых батарэй не дапусціў высадкі дэсанта. Другога верасня 1854 г. англа-французская армія высадзілася ў Еўпаторыі. У гэты час у саюзнікаў была двухразовая перавага над Расіяй у колькасці караблёў.
У верасні 1854 г. пачалася бітва за Севастопаль. У яго бухце былі затоплены старыя парусныя судны, якія не дазволілі паравым караблям саюзнікаў падысці блізка да берага і ажыццявіць бамбардзіроўку горада. Экіпажы разам з гарматамі, знятымі з караблёў, высадзіліся на бераг і ўвайшлі ў склад сухапутных войскаў. Яны сталі вырашальнай сілай у абароне горада. Гераічная абарона горада працягвалася 349 дзён, але сілы былі няроўнымі, значная перавага была на баку саюзнікаў.
18 лютага 1855 г. памёр імператар Мікалай I, царом стаў Аляксандр II. У красавіку 1855 г. пачалася дзесяцідзённая бамбардзіроўка Севастопаля. У жніўні 1855 г. бітва на Чорнай рэчцы фактычна ператварылася ў расстрэл саюзнікамі рускіх войскаў, і Севастопаль здаўся. Расіі ўдалося дабіцца поспехаў толькі на каўказскім накірунку: быў узяты Карс, пасля чаго пачаліся перамовы аб міры.
Паводле Парыжскага дагавора, падпісанага 18 сакавіка 1856 г., Расія атрымлывала Севастопаль у абмен на Карс, які перайшоў да Асманскай імперыі; адмаўлялася на карысць Малдавіі ад сваіх уладанняў у вусці Дуная і, такім чынам, пераставала межаваць там з Асманскай імперыяй. Расія страціла права мець флот на Чорным моры, якое абвяшчалася нейтральным, пралівы Басфор і Дарданелы аб’яўляліся закрытымі для ваенных караблёў усіх краін. Гэта таксама стала ўдарам па пазіцыях Расіі на Блізкім Усходзе і Балканах: яна губляла права апекавання з праваслаўных падданых Асманскай імперыі.
2. На шляху да Траістага саюза
Магутнасць Германіі пасля яе перамог у аўстра-прускай вайне 1866 г. і франка-прускай вайне 1870—1871 гг. значна ўзрасла. Яна стала прэтэндаваць на палітычнае і эканамічнае панаванне ў Еўропе і на роўныя правы ў каланіяльных уладаннях Англіі, Францыі, Бельгіі, Нідэрландаў і Партугаліі. Кіруючыя колы Германіі сцвярджалі, што яны зыходзяць з вышэйшых меркаванняў: «Разарваць пагібельнае кола “акружэння Германіі”… а галоўнае выканаць свой абавязак “нібелунгавай вернасці” ў адносінах да саюзніцы — Аўстра-Венгрыі, якой “славянская небяспека” пагражала ў першую чаргу».
Аўстра-Венгрыя супрацьдзейнічала Расіі, якая ўзяла на сябе ролю абаронцы ўсіх славян на Балканах, і Сербіі, што прэтэндавала на ролю аб’яднальнага цэнтра паўднёвых славян. З прычыны міжнацыянальных супярэчнасцей Аўстра-Венгрыя (яшчэ ў апошняй трэці XIX ст. там пачалася нацыянальна-вызваленчая барацьба балканскіх народаў) была пастаянным ачагом нестабільнасці ў Еўропе.
У выніку знешнепалітычныя інтарэсы Германіі і Аўстра-Венгрыі зблізіліся. У 1879 г. яны заключылі паміж сабой ваенна-палітычны саюз. У 1882 г. да гэтага саюза далучылася Італія, утварыўся Траісты саюз, накіраваны супраць Францыі і Расіі.
3. Збліжэнне Расіі і Францыі. Стварэнне Антанты
У 1870-я гг. у Вялікабрытаніі зразумелі, што, імкнучыся не дапусціць узмацнення Расійскай імперыі, выпусцілі з-пад увагі рост ваенна-эканамічнага патэнцыялу Германіі. Перамагчы Германію можна было толькі ў сухапутнай вайне. У самой Вялікабрытаніі сухапутнай арміі не было, значыць, трэба было выкарыстоўваць Расію. Таму брытанцы асабліва не супраціўляліся стварэнню ў 1891—1893 гг. руска-французскага ваенна-палітычнага саюза. Яшчэ больш, яны былі гатовыя адмовіцца ад так званай палітыкі «бліскучай ізаляцыі» ў Еўропе.
У 1904 г. Вялікабрытанія заключыла пагадненне з Францыяй. Для стварэння ваенна-палітычнага альянсу трох дзяржаў не хапала саюза паміж Вялікабрытаніяй і Расіяй. Праз тры гады адбылася падзея, якая завяршыла фарміраванне траістай Антанты. У Санкт-Пецярбургу было падпісана англа-рускае пагадненне 1907 г. аб размежаванні сфер уплыву Расіі і Брытанскай імперыі ў Сярэдняй Азіі. Па сукупнасці ўсіх дасягнутых пагадненняў Англія, Расія і Францыя бралі на сябе абавязацельства выконваць «свяшчэнны саюзніцкі абавязак» у выпадку ўдзелу каго-небудзь з членаў кааліцыі ў вайне.
Расійская імперыя не была зацікаўлена ў Антанце так, як Вялікабрытанія. Мікалай II пагадзіўся на ўваходжанне ў ваенны саюз з-за кабальнай залежнасці Расіі ад англійскага капіталу. Вялікабрытанія правакавала еўрапейскую вайну з мэтай прыбраць Расійскую і Германскую імперыі з палітычнай сцэны.
4. Абвастрэнне супярэчнасцей паміж вялікімі дзяржавамі ў пачатку XX ст.
У канцы XIX ст. абвастрыліся супярэчнасці паміж вялікімі дзяржавамі. Ачагі канфліктаў узніклі ў Еўропе, ды і ва ўсім свеце. Асноўнымі, глыбіннымі прычынамі міжімперыялістычных супярэчнасцей былі нераўнамернасць эканамічнага развіцця асобных краін і барацьба за стварэнне каланіяльных імперый. З’яўленне ў цэнтры Еўропы магутнай Германскай імперыі выклікала занепакоенасць многіх суседніх дзяржаў. Асабліва глыбокімі з’яўляліся англа-германскія супярэчнасці. Да пачатку ХХ ст. кіруючыя колы Вялікабрытаніі асэнсавалі, што не Расія, а эканамічна развітая Германія — яе галоўны сапернік, які прэтэндаваў на перадзел каланіяльных уладанняў.
І сапраўды, Германія не хавала сваіх гегеманісцкіх памкненняў. У яе быў рупліва распрацаваны геапалітычны план, у аснове якога ляжала ідэя стварэння пад эгідай Германіі шырокай эканамічнай прасторы ў Цэнтральнай Еўропе. Германская праграма дзеянняў палягала ў тым, каб у выніку вайны стварыць мытны саюз, які ўключаў бы ў сябе еўрапейскія дзяржавы ад Францыі да Польшчы, ізаляваўшы такім чынам марскую дзяржаву Вялікабрытанію з аднаго боку і Расію з іншага.
У пачатку XX ст. у Германіі, якая на той момант з’яўлялася эканамічным лідарам Еўропы, быў адзначаны вельмі значны демаграфічны рост. Але пры гэтым з прычыны адсутнасці калоній яе рэсурсы былі абмежаванымі. Насельніцтва адчувала заўважнае зніжэнне жыццёвага ўзроўню. Германскія кіруючыя колы разглядалі «вялікую» вайну як магчымы інструмент вырашэння многіх праблем. У немалой ступені яны кіраваліся рэцэптам вядомаго брытанскага прадпрымальніка і каланізатара С. Родса: каб пазбегнуць грамадзянскай вайны паміж вярхамі і нізамі грамадства, трэба стаць імперыялістам, паколькі наяўнасць калоній садзейнічае расавай еднасці ў метраполіі.
Германія стварала магутны флот, будавала Багдадскую чыгунку, усё бліжэй падбіраючыся да брытанскіх колоній, што, натуральным чынам, не магло не непакоіць Вялікабрытанію. Сутыкненне паміж двума блокамі дзяржаў — Траістым саюзам і Антантай, якія існавалі ў пачатку ХХ ст., — было непазбежным.
Пытанні
1. Ахарактарызуйце Крымскую вайну. Які ўплыў яна зрабіла на ўнутранае і знешняе становішча Расіі?
2. Чаму Крымская вайна, якая пачыналася як руска-турэцкая, у выніку прывяла да вайны Расіі з кааліцыяй еўрапейскіх дзяржаў?
3. Растлумачце значэнне паняцця «ваенна-палітычны блок». Прывядзіце гістарычныя прыклады аб’яднання краін для барацьбы са знешнімі ворагамі.
4. Чаму ад Свяшчэннага саюза краіны, што ўваходзілі ў яго, перайшлі да супрацьстаяння?
5. Як геапалітычная сітуацыя ў Еўропе ў канцы XIX — пачатку ХХ ст. паўплывала на расстаноўку сіл і фарміраванне ваенна-палітычных блокаў?