§ 5-3. ЗША ў ХІХ — пачатку ХХ ст.

1. Экспансія ЗША на кантыненце

Заснаваныя ў XVII ст. трынаццаць брытанскіх калоній, як вядома, размяшчаліся ўздоўж усходняга ўзбярэжжа Паўночнай Амерыкі. Іх плошча складала ўсяго дзясятую частку сучасных ЗША. Паміж імі і Брытанскай Паўночнай Амерыкай была буферная зона — індзейскія тэрыторыі, якія сталі аб’ектам будучай каланіяльнай экспансіі Злучаных Штатаў.

Згодна з Парыжскім дагаворам 1783 г., падпісаным пасля вайны за незалежнасць брытанскіх калоній ад Англіі (1775—1783), тэрыторыя ЗША на захадзе магла пашырацца за кошт індзейскіх тэрыторый да межаў Брытанскай Паўночнай Амерыкі. Аднак прасоўванне амерыканскіх каланістаў на захад, углыб кантынента, на ўрадлівыя землі Вялікіх амерыканскіх раўнін, заступалі Апалацкія горы.

Асноўнымі транспартнымі артэрыямі доўгі час з’яўляліся буйныя рэкі Дэлавэр і Гудзон. Па іх да мора дастаўлялася прадукцыя сельскай гаспадаркі для адпраўкі ў Еўропу, а адтуль пасля перазагрузкі ў партовых гарадах паступалі прамысловыя тавары. Пры гэтым галоўную раку — Місісіпі — амерыканцы не маглі выкарыстоўваць. Яе вусце знаходзілася на тэрыторыі Луізіяны, якая належала іспанцам, а затым перайшла пад кантроль Францыі. І толькі ў 1803 г. адбылася так званая Луізіянская купля. ЗША набылі французскія тэрыторыі ў Паўночнай Амерыцы плошчай больш за 2 млн квадратных кіламетраў усяго за 15 млн долараў. Сёння тут часткова альбо цалкам размешчана тэрыторыя 15 штатаў.

У 1825 г. завяршылася будаўніцтва канала Эры, які злучыў сістэму Вялікіх азёраў з Атлантычным акіянам. Канал адыграў вялізную ролю ва ўнутраным гандлі, з яго пачалася экспансія на Сярэдні Захад. Ён фактычна аб’яднаў ЗША ў адзіную дзяржаву, ператварыў Нью-Ёрк у буйны цэнтр міжнароднага гандлю. Канал быў абвешчаны цудам інжынернай тэхнікі. Да яго ўводу ў эксплуатацыю інтарэсы большасці штатаў Поўначы замыкаліся на выкарыстанні мясцовых рэк, не звязаных адна з адной.

Звышдаходы ад гандлю былі кінуты на будаўніцтва вялізнай сеткі чыгунак. Яны ў яшчэ большай ступені, чым водныя артэрыі, садзейнічалі фарміраванню ўнутранага рынку краіны. Чыгункі на Поўначы зводзілі на нішто перавагу жыхароў поўдня ў басейне Місісіпі. Поўнач краіны вырвалася наперад у сваім эканамічным развіцці. Нью-Ёрк стаў багацейшым горадам, прывабліваючы вялізную колькасць новых жыхароў. Усё гэта прывяло да нераўнамернага прадстаўніцтва Поўначы і Поўдня ва ўрадзе ЗША.

ЗША спрабавалі набыць у Іспаніі Фларыду. Пасля адмовы амерыканцы фактычна анексіравалі яе ў 1819 г. Паводле дамоўленасці ЗША адмаўляліся ад Тэхаса, а Іспанія згаджалася, што прададзеная раней тэрыторыя Луізіяны распаўсюджваецца до Ціхага акіяна. Пасля вайны з Мексікай (1846—1848) Тэхас і ціхаакіянскія тэрыторыі Каліфорніі былі ўключаны ў склад ЗША.

Большую частку астатняй тэрыторыі ЗША набылі ў форме гандлёвай здзелкі. Каліфорнія, Арызона і Невада былі набыты ў Іспаніі за 18,25 млн долараў у 1848 г., за некалькі месяцаў да адкрыцця ў Каліфорніі радовішчаў золата. У 1853 г. зямля ўздоўж мяжы з Мексікай была выкуплена за 10 млн долараў. У 1867 г. ЗША набылі ў Расійскай імперыі Аляску за 7,2 млн долараў.

Экспансія ЗША на кантыненце ўсталёўвалася і пры дапамозе рабства. Спачатку еўрапейскія перасяленцы спрабавалі прымусіць да рабства амерыканскіх індзейцаў. Аднак тыя аказвалі супраціўленне. Еўрапейцаў жа, якія працавалі ў ЗША на кантрактнай аснове, было няшмат. У выніку ўзнік рынак афрыканскіх нявольнікаў. Ужо ў XVII ст. на ўсім амерыканскім кантыненце рабства стала істотнай часткай эканамічнага жыцця.

Працэс экспансіі ЗША на Захад суправаджаўся перамяшчэннем і знішчэннем індзейцаў. Сапраўднай катастрофай стала будаўніцтва чыгунак. Цягнікі парушалі шляхі міграцыі бізонаў, якія для індзейцаў з’яўляліся важнейшай крыніцай харчавання. Пачалося драпежніцкае вынішчэнне гэтых жывёл — спачатку чыгуначнікамі, а затым пасажырамі. Вось што пісаў у сувязі з гэтым адзін са злосных ненавіснікаў індзейцаў генерал Ф. Шэрыдан: «Паляўнічыя на бізонаў зрабілі за апошнія два гады больш для вырашэння вострай праблемы індзейцаў, чым уся рэгулярная армія за апошнія 30 гадоў. Яны знішчаюць матэрыяльную базу індзейцаў… Дашліце ім порах і свінец, калі заўгодна… і дазвольце ім забіваць, разбіраць на шкуры і прадаваць іх, пакуль яны не вынішчаць усіх бізонаў!» У ходзе барацьбы з індзейцамі цэлыя групы сапраўдных гаспадароў зямлі былі гвалтоўна пераселены з поўдня на захад ад Місісіпі.