§ 5-3. ЗША ў ХІХ — пачатку ХХ ст.
Ключавая ідэя: пасля завяршэння Грамадзянскай вайны пачалося бурнае эканамічнае развіццё ЗША, якія апярэдзілі ўсе астатнія краіны свету.
Злучаныя Штаты Амерыкі — адна з самых маладых дзяржаў свету. 250 гадоў па гістарычных мерках — зусім невялікі тэрмін. Але гэтага аказалася дастаткова, каб ЗША ператварыліся ў самую моцную і магутную дзяржаву свету. Складана адказаць на пытанне, чаму і як гэта адбылося. Зразумела толькі тое, што вытокі ўзвышэння ЗША варта шукаць у асаблівасцях іх гістарычнага развіцця.
ЗША ў ХІХ — пачатку ХХ ст. — гэта не толькі гісторыя эканамічнага ўздыму, грандыёзных поспехаў ва ўсіх сферах жыцця грамадства і дзяржавы, але і гісторыя нястрымнага пашырэння межаў дзяржавы, у тым ліку заваёвы суседніх тэрыторый.
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Сусветная гісторыя ХІХ - пачатак ХХІ ст. 11 клас |
Книга: | § 5-3. ЗША ў ХІХ — пачатку ХХ ст. |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Четверг, 21 Ноябрь 2024, 23:03 |
1. Экспансія ЗША на кантыненце
Заснаваныя ў XVII ст. трынаццаць брытанскіх калоній, як вядома, размяшчаліся ўздоўж усходняга ўзбярэжжа Паўночнай Амерыкі. Іх плошча складала ўсяго дзясятую частку сучасных ЗША. Паміж імі і Брытанскай Паўночнай Амерыкай была буферная зона — індзейскія тэрыторыі, якія сталі аб’ектам будучай каланіяльнай экспансіі Злучаных Штатаў.
Згодна з Парыжскім дагаворам 1783 г., падпісаным пасля вайны за незалежнасць брытанскіх калоній ад Англіі (1775—1783), тэрыторыя ЗША на захадзе магла пашырацца за кошт індзейскіх тэрыторый да межаў Брытанскай Паўночнай Амерыкі. Аднак прасоўванне амерыканскіх каланістаў на захад, углыб кантынента, на ўрадлівыя землі Вялікіх амерыканскіх раўнін, заступалі Апалацкія горы.
Асноўнымі транспартнымі артэрыямі доўгі час з’яўляліся буйныя рэкі Дэлавэр і Гудзон. Па іх да мора дастаўлялася прадукцыя сельскай гаспадаркі для адпраўкі ў Еўропу, а адтуль пасля перазагрузкі ў партовых гарадах паступалі прамысловыя тавары. Пры гэтым галоўную раку — Місісіпі — амерыканцы не маглі выкарыстоўваць. Яе вусце знаходзілася на тэрыторыі Луізіяны, якая належала іспанцам, а затым перайшла пад кантроль Францыі. І толькі ў 1803 г. адбылася так званая Луізіянская купля. ЗША набылі французскія тэрыторыі ў Паўночнай Амерыцы плошчай больш за 2 млн квадратных кіламетраў усяго за 15 млн долараў. Сёння тут часткова альбо цалкам размешчана тэрыторыя 15 штатаў.
У 1825 г. завяршылася будаўніцтва канала Эры, які злучыў сістэму Вялікіх азёраў з Атлантычным акіянам. Канал адыграў вялізную ролю ва ўнутраным гандлі, з яго пачалася экспансія на Сярэдні Захад. Ён фактычна аб’яднаў ЗША ў адзіную дзяржаву, ператварыў Нью-Ёрк у буйны цэнтр міжнароднага гандлю. Канал быў абвешчаны цудам інжынернай тэхнікі. Да яго ўводу ў эксплуатацыю інтарэсы большасці штатаў Поўначы замыкаліся на выкарыстанні мясцовых рэк, не звязаных адна з адной.
Звышдаходы ад гандлю былі кінуты на будаўніцтва вялізнай сеткі чыгунак. Яны ў яшчэ большай ступені, чым водныя артэрыі, садзейнічалі фарміраванню ўнутранага рынку краіны. Чыгункі на Поўначы зводзілі на нішто перавагу жыхароў поўдня ў басейне Місісіпі. Поўнач краіны вырвалася наперад у сваім эканамічным развіцці. Нью-Ёрк стаў багацейшым горадам, прывабліваючы вялізную колькасць новых жыхароў. Усё гэта прывяло да нераўнамернага прадстаўніцтва Поўначы і Поўдня ва ўрадзе ЗША.
ЗША спрабавалі набыць у Іспаніі Фларыду. Пасля адмовы амерыканцы фактычна анексіравалі яе ў 1819 г. Паводле дамоўленасці ЗША адмаўляліся ад Тэхаса, а Іспанія згаджалася, што прададзеная раней тэрыторыя Луізіяны распаўсюджваецца до Ціхага акіяна. Пасля вайны з Мексікай (1846—1848) Тэхас і ціхаакіянскія тэрыторыі Каліфорніі былі ўключаны ў склад ЗША.
Большую частку астатняй тэрыторыі ЗША набылі ў форме гандлёвай здзелкі. Каліфорнія, Арызона і Невада былі набыты ў Іспаніі за 18,25 млн долараў у 1848 г., за некалькі месяцаў да адкрыцця ў Каліфорніі радовішчаў золата. У 1853 г. зямля ўздоўж мяжы з Мексікай была выкуплена за 10 млн долараў. У 1867 г. ЗША набылі ў Расійскай імперыі Аляску за 7,2 млн долараў.
Экспансія ЗША на кантыненце ўсталёўвалася і пры дапамозе рабства. Спачатку еўрапейскія перасяленцы спрабавалі прымусіць да рабства амерыканскіх індзейцаў. Аднак тыя аказвалі супраціўленне. Еўрапейцаў жа, якія працавалі ў ЗША на кантрактнай аснове, было няшмат. У выніку ўзнік рынак афрыканскіх нявольнікаў. Ужо ў XVII ст. на ўсім амерыканскім кантыненце рабства стала істотнай часткай эканамічнага жыцця.
Працэс экспансіі ЗША на Захад суправаджаўся перамяшчэннем і знішчэннем індзейцаў. Сапраўднай катастрофай стала будаўніцтва чыгунак. Цягнікі парушалі шляхі міграцыі бізонаў, якія для індзейцаў з’яўляліся важнейшай крыніцай харчавання. Пачалося драпежніцкае вынішчэнне гэтых жывёл — спачатку чыгуначнікамі, а затым пасажырамі. Вось што пісаў у сувязі з гэтым адзін са злосных ненавіснікаў індзейцаў генерал Ф. Шэрыдан: «Паляўнічыя на бізонаў зрабілі за апошнія два гады больш для вырашэння вострай праблемы індзейцаў, чым уся рэгулярная армія за апошнія 30 гадоў. Яны знішчаюць матэрыяльную базу індзейцаў… Дашліце ім порах і свінец, калі заўгодна… і дазвольце ім забіваць, разбіраць на шкуры і прадаваць іх, пакуль яны не вынішчаць усіх бізонаў!» У ходзе барацьбы з індзейцамі цэлыя групы сапраўдных гаспадароў зямлі былі гвалтоўна пераселены з поўдня на захад ад Місісіпі.
2. Грамадзянская вайна і яе вынікі
У 1830-я гг. у ЗША ўзнікла з’ява, вядомая пад назвай абаліцыянізм. Сам тэрмін паходзіць ад лацінскага слова abolitio — «знішчэнне» або «адмена». Гэта быў грамадскі рух за адмену рабства і вызваленне чарнаскурых рабоў.
Вялікую ролю ў распаўсюджванні ідэй абаліцыянізму адыграў раман амерыканскай пісьменніцы Гарыет Бічэр-Стоўн «Хаціна дзядзькі Тома» (1852), у якім былі апісаны ўсе жахі рабства. Усё большая колькасць амерыканцаў, жыхароў поўдня, упэўніваліся ў неабходнасці вызвалення чарнаскурых рабоў. Лозунг адмены рабства выкарыстоўвалі таксама капіталісты. Прыкрываючыся справядлівай этыкай абаліцыянізму, яны імкнуліся разбурыць сельскагаспадарчы лад жыцця паўднёвых штатаў і падарваць іх эканамічную і палітычную самастойнасць.
У сакавіку 1861 г., пасля таго як Аўраам Лінкальн быў абраны прэзідэнтам ЗША, паўднёвыя штаты аб’явілі аб сваім аддзяленні ад Поўначы і ўтварэнні Канфедэратыўных Штатаў Амерыкі пад кіраўніцтвам Джеферсана Дэвіса. На падставе таго, што іх далучэнне да ЗША было добраахвотным, жыхары поўдня лічылі, што і аддзяліцца яны могуць па ўласным жаданні, з чым не былі згодныя жыхары поўначы. 12 красавіка 1861 г. канфедэраты атакавалі аб’яднаныя сілы Поўначы ў Форце Самцер ля варот Чарльстона, у Паўднёвай Караліне. Вайна за аддзяленне Поўдня пачалася.
Сілы бакоў былі няроўнымі. Паўночныя штаты мелі больш развітую прамысловасць і былі больш гутстанаселенымі. На Поўначы пражываў 21 млн чалавек, на Поўдні — 9 млн, 3 млн з іх былі рабамі. Праўда, паўднёвыя штаты валодалі адной важнай перавагай. Яны вялі вайну на сваёй тэрыторыі, маглі выкарыстоўваць унутраныя лініі камунікацый, мелі багаты вопыт вядзення баявых дзеянняў, на баку Канфедэрацыі ваявалі дасведчаныя і вядомыя афіцэры. Вайна суправаджалася ростам патрыятызму і ўпеўненасцю, што яна будзе нядоўгай. У арміі накіраваліся дзясяткі тысяч добраахвотнікаў.
У чэрвені 1861 г. Поўнач аб’явіла Поўдню марскую блакаду. Перавага на моры дазволіла жыхарам поўначы ўзяць пад кантроль гандлёвыя шляхі Канфедэрацыі на рацэ Міссісіпі, што значна ўскладніла становішча жыхароў поўдня.
У ліпені 1861 г. адбылася першая буйная сухапутная бітва Грамадзянскай вайны каля ракі Бул-Ран пры Манасасе (штат Вірджынія). Бітва была вельмі няўдалай для жыхароў поўначы. Федэральная армія была спынена і вымушана ўцякаць. Але і жыхары поўдня аказаліся не на вышыні. Іх камандзірам не ўдалося арганізаваць пераследаванне з магчымым наступленнем на Вашынгтон. Не хапала ні сіл, ні боепрыпасаў, ні харчу. У адказ на прапанову прэзідэнта Дэвіса, які прыбыў на поле бою ў самым канцы бітвы, пераследаваць праціўніка адзін з генералаў заявіў, што жыхары поўдня больш дэзарганізаваныя перамогай, чым жыхары поўначы паражэннем.
У 1862 г. жыхары поўначы наступалі на поўдні, а поўдня — упарта супраціўляліся. У жніўні 1862 г. адбылася другая бітва каля ракі Бул-Ран, у ходзе якой «паўночнікі» зноў прайгралі. У верасні 1862 г. войскі праціўнікаў сышліся ў самай кровапралітнай аднадзённай бітве вайны пры Энтытэме каля горада Шарпсберг (штат Мэрыленд). Больш як 4,5 тыс. чалавек загінулі. Войскі жыхароў поўдня адступілі.
30 снежня 1862 г. прэзідэнт ЗША А. Лінкальн падпісаў «Пракламацыю аб вызваленні рабоў», якая абвясціла чарнаскурых нявольнікаў Поўдня свабоднымі. Пракламацыя прымусіла замежныя дзяржавы не падтрымліваць Канфедэрацыю, у якой захоўвалася рабства. Брытанскі прэм’ер-міністр Пальмерстан не змог арганізаваць інтэрвенцыю на амерыканскі кантынент з-за супраціўлення грамадскасці Вялікабрытаніі.
1—3 ліпеня 1863 г. адбылася бітва на поўдні Пенсільваніі ў прадмесці невялікага горада Гетысберг — гэта была вырашальная бітва вайны. Жыхары поўдня адступілі, але «паўночнікі» не змаглі замацавацца на адваяваных рубяжах, і канфедэраты зноў занялі гэтыя тэрыторыі.
Да ліпеня 1863 г. сілы Поўначы ўзялі пад свой кантроль Місісіпі і большую частку прылеглых да ракі заходніх тэрыторый. Эканоміка паўднёвых штатаў прыходзіла ў заняпад, сістэма рабства была на мяжы краху, а ўрад ужо не кантраляваў сітуацыю. У студзені 1865 г. галодныя салдаты арміі канфедэратаў пачалі дэзерціраваць. 9 красавіка 1865 г. на судзе акругі Апаматакс у Вірджыніі афіцыйна была абвешчана капітуляцыя Поўдня.
14 красавіка прэзідэнт ЗША А. Лінкальн быў забіты. 18 снежня 1865 г. 13-я папраўка да Канстытуцыі пашырыла дзеянне «Пракламацыі аб вызваленні рабоў» на ўсю тэрыторыю ЗША, аднак зробленыя пасля вайны спробы ўраўнавання ў правах белых і чарнаскурых амерыканцаў пацярпелі крах.
3. Паскарэнне эканамічнага росту
Паскарэнню эканамічнага росту ЗША садзейнічалі перамога капіталістычнай Поўначы над рабаўладальніцкім Поўднем у Грамадзянскай вайне і стварэнне пасля гэтага адзінага капіталістычнага рынку. Адбываліся індустрыялізацыя пераважна аграрнай Амерыкі і ўсплёск іміграцыі ў ЗША.
Спрыяльнымі фактарамі для развіцця былі аддаленасць краіны ад яе галоўных канкурэнтаў і суседства са слабаразвітымі дзяржавамі Лацінскай Амерыкі. Важную ролю адыграла іміграцыя. У 1865—1918 гг. у краіну толькі з Еўропы прыбылі 27,5 млн чалавек. Яны забяспечылі рабочымі рукамі бурнае развіццё прамысловасці і сельскай гаспадаркі.
У канцы XIX — пачатку XX ст. ЗША сталі вядучай індустрыяльнай дзяржавай капіталістычнага свету: павялічылася вытворчасць чыгуну, здабыча вугалю, выплаўка сталі, амаль патроілася колькасць прамысловых рабочых. Пачаўся масавы выпуск стандартызаванай прадукцыі. Упершыню на паточную вытворчасць перайшла аўтамабілебудаўнічая кампання Г. Форда.
ЗША праводзілі пратэкцыянісцкую палітыку. Калі ў 1861 г. пошліна на імпартныя тавары складала 5—10 %, то ў 1897 г. — да 57 %. У пачатку XX ст. узраслі замежныя інвестыцыі ў ЗША, пераважна англійскія.
У 1860—1900 гг. вялізнага размаху дасягнула ўрбанізацыя: 20 млн чалавек перасяліліся з сельскай мясцовасці ў гарады. Насельніцтва гарадоў у гэты перыяд у сярэднім падвойвалася кожныя 20 гадоў. Нягледзячы на гэта, яно перавысіла сельскае толькі ў 1920 г. У Англіі гэта адбылося ў 1871 г., а ў Германіі — у 1895 г.
Аднак хуткасць эканамічнага росту па краіне была нераўнамернай. Поўнач і Захад хутка багацелі, а Поўдзень заставаўся слабаразвітым. Пасля Грамадзянскай вайны была зроблена спроба так званай рэканструкцыі Поўдня, у ходзе якой адмянялася рабаўладальніцкая сістэма. Гэта быў складаны і супярэчлівы працэс. Рабства было забаронена, але прынятыя дыскрымінацыйныя законы ператваралі чарнаскурых амерыканцаў у грамадзян другога гатунку.
На працягу XIX — пачатку XX ст. знешняя палітыка ЗША вызначалася «дактрынай Манро», агучанай прэзідэнтам Д. Манро ў пасланні Кангрэсу 2 снежня 1823 г. Яна ўтрымлівала ў сабе два асноўныя палажэнні: неўмяшанне амерыканскіх дзяржаў ва ўнутраныя справы Еўропы і, наадварот, неўмяшанне еўрапейскіх дзяржаў ва ўнутраныя справы Амерыкі. «Дактрына Манро» мела на мэце замацаванне лідарства ЗША на абодвух амерыканскіх кантынентах.
4. Прыток імігрантаў і іх амерыканізацыя
Рост колькасці насельніцтва ЗША быў абумоўлены галоўным чынам прытокам імігрантаў. У час Вялікага голаду 1845—1849 гг. у ЗША імігравала каля 2 млн ірландцаў-католікаў. У 1864 г. быў прыняты закон, які заахвочваў імігрантаў у ЗША. У 1870—1913 гг. у ЗША і Аўстралію імігравала 17,5 млн еўрапейцаў. Імігранты прыбывалі галоўным чынам з Англіі і Германіі. Такім чынам Амерыка набывала неабходныя для індустрыялізацыі кваліфікаваныя рабочыя рукі і тэхнічных спецыялістаў.
Росту насельніцтва ЗША перад Першай сусветнай вайной садзейнічала новая хваля іміграцыі — некваліфікаваных, нізкааплатных рабочых, перасяленцаў з Італіі, Аўстра-Венгрыі і Расіі. У 1900 г. насельніцтва Злучаных Штатаў дасягнула 71 млн, а ў 1913 г. — 96,5 млн чалавек.
Асіміляцыя ў ЗША аблягчалася тым, што ні адна этнічная група не складала большасці ў тым ці іншым раёне. Гэта паскарала і фізічнае змешванне, і ўзаемадзеянне культур. Імігранты паступова страчвалі нацыянальныя асаблівасці і родную мову. Узнік сплаў больш ці менш розных нацыянальнасцей. У адпаведнасці з мадэллю «плавільнага катла» фарміраванне амерыканскай нацыянальнай ідэнтычнасці ў XX ст. павінна было ісці па формуле «сплаўлення», змешвання, перапляцення розных этнічных элементаў і культурных традыцый.
5. Асаблівасці амерыканскай палітычнай сістэмы
Першыя партыі ЗША — федэралісты і рэспубліканцы — узніклі на мяжы XVIII—XIX стст. Федэралісты выражалі інтарэсы буржуазіі і плантатараў, выступалі за гандлёва-прамысловы шлях развіцця капіталізму. Рэспубліканцы выражалі інтарэсы зямельнай арыстакратыі, падтрымлівалі аграрны шлях развіцця, пашырэнне буржуазна-дэмакратычных рэформ.
У перыяд англа-амерыканскай вайны 1812—1814 гг. федэралісты атрымлівалі падтрымку ад англічан і таму зніклі з палітычнай арэны. Да канца 1820-х гг. у краіне панавала адна Рэспубліканская партыя. У 1828 г. у час выбарчай кампаніі была сфарміравана Дэмакратычная партыя. Яе лідар Э. Джэксан стаў новым прэзідэнтам ЗША. Новая Рэспубліканская партыя ўзнікла ў 1854 г. Яе прыхільнікі былі супраць рабаўладання і выступалі за развіццё банкаўскай справы, будаўніцтва чыгунак і фабрык, прадастаўленне фермерам зямлі бязвыплатна.
Сфарміраваўся іншы варыянт двухпартыйнай сістэмы, прадстаўлены дзвюма буржуазнымі партыямі — рэспубліканцамі і дэмакратамі. Па меры развіцця капіталізму сацыяльная база і праграмныя ўстаноўкі гэтых партый паступова збліжаліся. Абедзве партыі сталі прадстаўляць інтарэсы манапалістычнага капіталу і вялі барацьбу толькі за даходныя пасады ў дзяржаўным апараце.
Нягледзячы на некаторыя адрозненні, дэмакраты і рэспубліканцы ўяўляюць сабой адзіную палітычную сістэму абароны асноў капіталістычнага ладу. Чыста амерыканская асаблівасць сістэмы ў тым, што абедзве партыі не дапускаюць у свой гістарычна складзены саюз ніякую іншую палітычную сілу.
Пытанні
1. Прасачыце, як складвалася тэрыторыя ЗША. Якімі шляхамі далучаліся новыя тэрыторыі? Дадзеныя прадстаўце ў выглядзе табліцы.
2. Ахарактарызуйце Грамадзянскую вайну ў ЗША. Дадзеныя прадстаўце ў выглядзе табліцы. Што дае падставы лічыць Грамадзянскую вайну ў ЗША буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыяй?
3. У пачатку Грамадзянскай вайны Кангрэс ЗША ў сваім рашэнні запісаў, што вайна вядзецца «не ў мэтах ліквідацыі рабства, а для таго, каб... захаваць Саюз». Чаму ўсё ж рашэнне аб адмене рабства было прынята ў ходзе вайны?
4. Дайце тлумачэнне наступным фактам: колькасць індзейцаў, што жылі на цяперашняй тэрыторыі ЗША і Канады, скарацілася з 2—4 млн у перыяд да пачатку еўрапейскай каланізацыі да 200 тыс. да XX ст. Па выніках першага агульнафедэральнага перапісу насельніцтва 1790 г. колькасць жыхароў ЗША складала 3,9 млн чалавек, у 1915 г. у Злучаных Штатах пражывала 100 млн чалавек.
5. Растлумачце значэнне паняцця «двухпартыйная палітычная сістэма». Прывядзіце прыклады. Пакажыце яе моцныя і слабыя бакі.
6. Апішыце эвалюцыю палітычнай сістэмы, якая склалася ў ЗША ў XIX ст. Што ўяўляе сабой палітычная сістэма ЗША сёння?
7. Вызначце фактары, якія садзейнічалі паскарэнню эканамічнага росту ЗША. Вылучыце спецыфічныя рысы прамысловага перавароту ў Злучаных Штатах.