§ 32. Заключэнне. Свет у пачатку ХХІ ст.

1. Новая стадыя развіцця цывілізацыі

На мяжы XX—XXI стст. надышоў пераломны момант у развіцці чалавецтва. Да нядаўняга часу вызначальным фактарам гістарычнага працэсу лічылася развіццё прадукцыйных сіл. І сапраўды, з пачатку прамысловай рэвалюцыі хутка мяняліся эканамічнае асяроддзе і матэрыяльныя ўмовы жыцця грамадства. Выкарыстоўваючы найноўшыя дасягненні навукі і тэхнікі, чалавек падпарадкаваў сабе сілы прыроды. Назіраўся імклівы рост прадукцыйных сіл і, адпаведна, аб’ёмаў вытворчасці прадметаў спажывання. Тэхнічныя дасягненні забяспечылі людзям камфортныя ўмовы існавання. Здавалася, што рост вытворчасці і магутнасці чалавека бязмежны.

Але ўжо сёння відавочна, што гэта не так. У выніку тэхнагеннай дзейнасці, накіраванай на падпарадкаванне прыроды, адбыліся змены, разбуральныя па сваіх наступствах. Асяроддзе чалавечага пражывання — вада, паветра, глеба, флора, фаўна — і нават само жыццё чалавека апынуліся пад пагрозай знішчэння. Практычна ўсе праявы чалавечай дзейнасці вядуць да забруджвання біясферы. Пагаршаецца крызіс гарадоў, у якіх засяроджана больш за палову насельніцтва Зямлі. Штогод знішчаецца каля 10 млн гектараў лясоў. Выміранне пагражае многім відам жывёл і раслін. Толькі ў 1980-я гг. штодня знікаў у сярэднім адзін від жывёл і штотыдзень — адзін від раслін. Пад пагрозай поўнага знішчэння знаходзяцца больш за 25 тыс. відаў вышэйшых раслін і больш за 1000 відаў млекакормячых і птушак. Ва ўмовах экалагічнага крызісу развіваюцца хваробы, не менш небяспечныя для чалавека, чым СНІД.

Калі раней лічылася, што грамадства існуе па сваіх законах, то зараз ужо нельга разглядаць чалавека і навакольнае асяроддзе асобна адзін ад аднаго. Грамадства і прырода — дзве ўзаемадапаўняльныя часткі адзінай сістэмы. Развіццё чалавечай цывілізацыі падышло да свайго крытычнага рубяжа. І шляхі пераадолення нарастаючых глабальных цяжкасцей, перш за ўсё вастрэйшага экалагічнага крызісу, можа паказаць толькі адпаведны навуковы падыход.