§ 32. Заключэнне. Свет у пачатку ХХІ ст.
Ключавая ідэя: свет у ХХI стагоддзі складаны, шматстайны і супярэчлівы.
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Сусветная гісторыя ХІХ - пачатак ХХІ ст. 11 клас |
Книга: | § 32. Заключэнне. Свет у пачатку ХХІ ст. |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Суббота, 5 Июль 2025, 17:55 |
1. Новая стадыя развіцця цывілізацыі
На мяжы XX—XXI стст. надышоў пераломны момант у развіцці чалавецтва. Да нядаўняга часу вызначальным фактарам гістарычнага працэсу лічылася развіццё прадукцыйных сіл. І сапраўды, з пачатку прамысловай рэвалюцыі хутка мяняліся эканамічнае асяроддзе і матэрыяльныя ўмовы жыцця грамадства. Выкарыстоўваючы найноўшыя дасягненні навукі і тэхнікі, чалавек падпарадкаваў сабе сілы прыроды. Назіраўся імклівы рост прадукцыйных сіл і, адпаведна, аб’ёмаў вытворчасці прадметаў спажывання. Тэхнічныя дасягненні забяспечылі людзям камфортныя ўмовы існавання. Здавалася, што рост вытворчасці і магутнасці чалавека бязмежны.
Але ўжо сёння відавочна, што гэта не так. У выніку тэхнагеннай дзейнасці, накіраванай на падпарадкаванне прыроды, адбыліся змены, разбуральныя па сваіх наступствах. Асяроддзе чалавечага пражывання — вада, паветра, глеба, флора, фаўна — і нават само жыццё чалавека апынуліся пад пагрозай знішчэння. Практычна ўсе праявы чалавечай дзейнасці вядуць да забруджвання біясферы. Пагаршаецца крызіс гарадоў, у якіх засяроджана больш за палову насельніцтва Зямлі. Штогод знішчаецца каля 10 млн гектараў лясоў. Выміранне пагражае многім відам жывёл і раслін. Толькі ў 1980-я гг. штодня знікаў у сярэднім адзін від жывёл і штотыдзень — адзін від раслін. Пад пагрозай поўнага знішчэння знаходзяцца больш за 25 тыс. відаў вышэйшых раслін і больш за 1000 відаў млекакормячых і птушак. Ва ўмовах экалагічнага крызісу развіваюцца хваробы, не менш небяспечныя для чалавека, чым СНІД.
Калі раней лічылася, што грамадства існуе па сваіх законах, то зараз ужо нельга разглядаць чалавека і навакольнае асяроддзе асобна адзін ад аднаго. Грамадства і прырода — дзве ўзаемадапаўняльныя часткі адзінай сістэмы. Развіццё чалавечай цывілізацыі падышло да свайго крытычнага рубяжа. І шляхі пераадолення нарастаючых глабальных цяжкасцей, перш за ўсё вастрэйшага экалагічнага крызісу, можа паказаць толькі адпаведны навуковы падыход.
2. Постіндустрыяльнае грамадства
У выніку навукова-тэхнічнай рэвалюцыі да канца XX ст. сфарміравалася грамадства новага тыпу. Яго называюць па-рознаму: постіндустрыяльнае, тэхнагеннае, інфармацыйнае, сучасны капіталізм. У постіндустрыяльным грамадстве навука стала непасрэднай прадукцыйнай сілай. На пярэдні план выйшлі інфармацыйныя тэхналогіі і новыя сродкі сувязі (факс, мабільны тэлефон, электронная пошта). Наладжаны масавы выпуск стандартнай бытавой тэхнікі. Карэнным чынам змяніўся транспарт. Менш чым за суткі чалавек можа патрапіць у любы куток планеты. У прамысловасць укараняюцца ядзерныя тэхналогіі. Дадзеныя касмічных спадарожнікаў выкарыстоўваюцца ў паўсядзённым жыцці. Магчымасці постіндустрыяльнага грамадства здаваліся неабмежаванымі.Аднак паскарэнне навукова-тэхнічнага прагрэсу суправаджалася негатыўнымі працэсамі, нарастаннем эканамічных цяжкасцей і сацыяльных супярэчнасцей. Рост народанасельніцтва ў другой палове XX ст. адбываўся такімі хуткімі тэмпамі, што ўжо цяпер адчуваецца абмежаванасць шэрагу рэсурсаў. Каля мільярда чалавек у свеце пастаянна галадаюць. Утварыліся два полюсы дзяржаў: развітыя, якія ўяўляюць сабой свайго роду «аазісы дабрабыту», і больш адсталыя краіны, якія развіваюцца (многія дзяржавы Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі). На долю так званага залатога мільярда (найбольш багатая частка насельніцтва планеты) прыпадае 83 % сусветнага даходу, а на долю астатніх жыхароў Зямлі — толькі 17 %.
Заснавальнік Рымскага клуба — найбуйнейшага аналітычнага цэнтра заходняга свету — А. Печэі так вызначыў супярэчнасці сучаснага постіндустрыяльнага грамадства: «Бескантрольнае рассяленне чалавецтва па планеце, няроўнасць і неаднароднасць грамадства, сацыяльная несправядлівасць, голад і недаяданне, шырокае распаўсюджванне беднасці, беспрацоўе, манія росту, інфляцыя, энергетычны крызіс, ужо існуючы або патэнцыйны недахоп прыродных рэсурсаў, распад міжнароднага гандлю і фінансавай сістэмы, пратэкцыянізм, непісьменнасць і састарэлая сістэма адукацыі, бунты моладзі. Адчужэнне, заняпад гарадоў, злачыннасць і наркаманія, выбух гвалту і ўзмацненне жорсткасці паліцэйскай улады, катаванні і тэрор, грэбаванне законам і парадкам, ядзернае вар’яцтва, палітычная карупцыя, бюракратызм, дэградацыя навакольнага асяроддзя, заняпад маральных каштоўнасцей, страта веры, адчуванне нестабільнасці».
3. Эвалюцыя двухполюснай структуры свету
У XX ст. свет тройчы дзяліўся на два лагеры, якія супрацьстаялі адзін аднаму. Вынікам гэтага падзелу сталі дзве сусветныя вайны, якія забралі дзясяткі мільёнаў чалавечых жыццяў. Пасля Другой сусветнай вайны склалася двухполюсная сістэма свету. Адзін полюс складала кааліцыя дзяржаў на чале з ЗША, другі — СССР і яго саюзнікі. Нягледзячы на «халодную вайну», пра двухполюсны свет можна гаварыць як пра адносна ўстойлівую сістэму. Важнымі фактарамі яго стабільнасці былі стварэнне міжнародных арганізацый і ўстанаўленне міжнародных правіл. Вялікае значэнне мела ўтварэнне Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, якая адыграла важную ролю ў забеспячэнні міру. Аднак пасля распаду Савецкага Саюза і заканчэння «халоднай вайны» абстаноўка на міжнароднай арэне змянілася. Як лічаць многія навукоўцы, двухполюсны свет стаў аднаполюсным на чале з ЗША. Адначасова адбылося далейшае паглыбленне эканамічнай палярызацыі «Поўнач — Поўдзень» (гэта значыць развітых краін і краін астатняга свету), якое тоіць у сабе пагрозу новых узброеных канфліктаў і глабальных сутыкненняў.
У гэтых умовах асаблівае значэнне набывае прынцып шматвектарнасці ў сусветным развіцці. Пад шматвектарнасцю варта разумець развіццё дружалюбных і прадказальных узаемаадносін з усімі дзяржавамі, якія адыгрываюць важную ролю ў сусветных справах.
4.Экалагічныя праблемы
Пытанні забруджвання навакольнага асяроддзя і абмежаванасці энергарэсурсаў набылі актуальнасць сярод сусветнай грамадскасці яшчэ ў пачатку 1970-х гг. Менавіта гэтым праблемам быў прысвечаны першы даклад Рымскага клуба «Межы росту» (1972).
У пошуках выйсця з існуючага глабальнага крызісу ў канцы 1980-х гг. развітыя краіны абвясцілі палітыку «ўстойлівага развіцця». У адпаведнасці з гэтай палітыкай мяркуецца пераход на «зялёную» энергетыку, якая не забруджвае прыроднае асяроддзе, гэта значыць на энергію, атрыманую ад сонечных батарэй, ветрагенератараў і біяпаліва. У 1972 г. была прынята Стакгольмская дэкларацыя ААН, якая ўстанавіла агульныя прынцыпы захавання навакольнага асяроддзя. Яна прыцягнула пільную ўвагу краін свету да неабходнасці вырашэння экалагічных праблем.
Экалагічныя праблемы непасрэдна звязаны з праблемамі энергаспажывання. Энергетычная праблема — гэта глабальная праблема забеспячэння чалавецтва энергіяй і палівам. Узнікла яна ў выніку росту спажывання мінеральных рэсурсаў у ХХ ст., а таксама дэмаграфічнага выбуху ў апошнія некалькі дзесяцігоддзяў. Да пачатку 2021 г. колькасць насельніцтва ў свеце склала каля 8 млрд чалавек, што амаль у чатыры разы больш, чым у 1930-я гг.
Сучасная энергетыка базіруецца пераважна на вуглевадародных энергетычных рэсурсах — гэта каменны вугаль, нафта і прыродны газ. Сёння ў свеце існуе востры дэфіцыт вуглевадародных энергетычных рэсурсаў у сувязі з іх нераўнамерным размеркаваннем.
Для абмежавання доступу краін свету да гэтых рэсурсаў пад прыкрыццём вырашэння экалагічных праблем краіны Захаду ўсталёўваюць своеасаблівыя квоты па іх выкарыстанні. Так, у 2016 г. было падпісана Парыжскае кліматычнае пагадненне, якое рэгулюе меры па зніжэнні вуглякіслага газу ў атмасферы, скарачэнні выкідаў парніковых газаў з 2020 г. У рамках яго выканання, напрыклад, у Еўрапейскім саюзе плануецца да 2050 г. зрабіць энергетыку на 70 % нізкавугляроднай, цалкам адмовіцца ад выкарыстання каменнага вугалю. Аднак, мяркуюць спецыялісты, гэта прывядзе да скарачэння вытворчых магутнасцей і эканамічных праблем. Да гэтага часу «зялёная», або чыстая, энергетыка з’яўляецца датацыйнай і займае мізэрную долю ў сусветным энергаспажыванні.
Што датычыцца атамнай энергетыкі, то яе доля ў сусветным энергаспажыванні таксама сёння крайне малая, каля 3 %. Аднак для некаторых краін атамная энергетыка мае прынцыповае значэнне. Напрыклад, для ЗША, Расіі або Францыі, у якой больш за 70 % электрагенерацыі складае атамная энергія.
Аварыя на атамнай электрастанцыі «Фукусіма» ў Японіі ў 2011 г. прымусіла Германію прыняць план па закрыцці да 2022 г. усіх нямецкіх АЭС. Францыя не гатовая ўзяць прыклад з Германіі і адмовіцца ад атамнай энергетыкі. Адмова ад атамнай энергетыкі, пераход на аднаўляльныя крыніцы энергіі прывядзе да значнага скарачэння энергаспажывання, прычыніць шкоду еўрапейскай эканоміцы і падарве план па вырашэнні праблемы змены клімату, паколькі прымусіць вярнуцца да выкарыстання вугалю.
Сёння пад эгідай барацьбы за захаванне навакольнага асяроддзя, скарачэнне выкідаў парніковых газаў, барацьбы з кліматычнымі зменамі ўвага грамадства адцягваецца ад рэальна вострай праблемы энергетычнага забеспячэння.
5. Праблемы вайны і міру
*Праблемы вайны і міру. У сувязі з дэфіцытам энергарэсурсаў, экалагічным крызісам і перавытворчасю тавараў і паслуг мадэль глабалізацыі «ўстойлівага развіцця», заснаваная на нафтадоларавай сістэме, дасягнула мяжы.
Міжнародная сістэма аднапалярнага свету на чале з ЗША разбураецца літаральна на вачах. Аднак Злучаныя Штаты імкнуцца захаваць сваё лідарства ў свеце і закрыць асноўным суб’ектам геапалітычнага проціборства, перш за ўсё КНР, доступ да самай таннай блізкаўсходняй нафты. Кантроль над гэтай нафтай — аснова магутнасці ЗША. Для дасягнення гэтай мэты выкарыстоўваюцца розныя сродкі. Важнейшы з іх — хаатызацыі Паўночнай Афрыкі, Блізкага Усходу і Цэнтральнай Азіі шляхам лакальных войнаў і каляровых рэвалюцый. Дэстабілізацыя блізкаўсходняга рэгіёна і мэтанакіраваная міграцыя з краін Азіі і Афрыкі, якая выклікала міграцыйный крызіс у Еўрасаюзе, закліканы перашкодзіць доступу Кітая ў ЕС. Палітыка міжнародных санкцый з боку Захаду ажыццяўляецца ў адносінах да Расіі.
Ва ўмовах глабальных змен, звязаных з пераходам ад капіталістычнай сістэмы сусветнага ўладкавання да новай, востра паўстае праблема глабальнай вайны. Да гэтага часу перадзел свету ажыццяўляўся шляхам рэгіянальных і дзвюх сусветных войнаў. Таму, як і напярэдадні Другой сусветнай вайны, сёння вельмі востра стаіць пытанне аб падтрыманні міжнароднай бяспекі. Важную ролю ў гэтым кірунку могуць адыграць Кітай і Расія.
Кітай зацікаўлены ў распаўсюджванні свайго ўплыву ў рэгіёне «еўразійскага энергетычнага эліпса» ад чарнаморскіх праліваў да Цэнтральнай Азіі. Пагроза стабільнасці Цэнтральнай Азіі з боку радыкальнага ісламу садзейнічае стратэгічнаму ўзаемадзеянню Расіі і Кітая па спалучэнні Эканамічнага пояса Шаўковага шляху (ЭПШШ) і Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС).
У 2001 г. была створана Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва (ШАС). Галоўнымі задачамі арганізацыі з’яўляюцца ўмацаванне стабільнасці і бяспекі, барацьба з тэрарызмам, сепаратызмам, экстрэмізмам, а таксама энергетычнае партнёрства. Кітай не мае дастатковых прыродных рэсурсаў для падтрымання існуючых аб’ёмаў вытворчасці. Рэсурсную базу Кітая якраз і павінен забяспечыць Эканамічны пояс Шаўковага шляху, паколькі ён ідзе праз багаты на рэсурсы Цэнтральнаазіяцкі рэгіён.
Такім чынам, ва ўмовах крызісу сусветнай фінансавай і энергетычнай сістэм заходні, атлантысцкі праект глабалізацыі можа змяніцца еўразійскім кантынентальным праектам «Адзін пояс — адзін шлях» на чале з Кітаем.
6. Глабалізацыя і яе вынікі. Фарміраванне «новага сусветнага парадку»
Глабалізацыя — гэта працэс сусветнай эканамічнай, палітычнай, культурнай інтэграцыі і ўніфікацыі.
Першы этап глабалізацыі звязваюць з Вялікімі геаграфічнымі адкрыццямі і каланізацыяй, калі заходняя цывілізацыя стала распаўсюджвацца на ўвесь свет.
Пасля Крымскай вайны і другой опіумнай вайны сярэдзіны XIX ст. пад уплыў Захаду трапілі Расія і Кітай. Замацаванне ў рамках гэтай мадэлі сусветнага лідарства ЗША адбылося шляхам усталявання іх кантролю над сусветнымі фінансамі і энергетычнай вуглевадароднай сістэмай пасля Другой сусветнай вайны. Акрамя таго, дзякуючы ваенна-марской перавазе ЗША паставілі пад свой кантроль сусветны марскі транспартны транзіт.
У сувязі з ростам уплыву ЗША ў свеце глабалізацыю нярэдка называюць амерыканізацыяй, або макданалізацыяй, што адлюстроўвае распаўсюджванне амерыканскага ладу жыцця на ўвесь свет.
Крызіс глабалізацыі амерыканскага ўзору прывёў да росту антыглабалізму. Асноўны тэзіс антыглабалізму заключаецца ў тым, што сённяшняя мадэль глабалізацыі сфарміравана пад пратэктаратам сусветнага капіталу і цягне за сабой вестэрнізацыю культуры незаходніх грамадстваў, іх прымус да заходняй мадэлі развіцця і пераўтварэнне ў сыравінныя прыдаткі Захаду, пазбаўленне іх права самастойнага развіцця, разрыў у даходах, узроўні спажывання, здароўі, адукацыі ў развітых дзяржавах і краінах, якія развіваюцца, а таксама спажывецкае і драпежніцкае стаўленне да прыроды, панаванне ідэалогіі неалібералізму і г. д.
Выйсце з сучаснага крызісу глабалізацыі пад эгідай ЗША многім экспертам бачыцца ў лічбавай трансфармацыі жыцця грамадства. Прычым цыфравізацыя прадстаўляецца як безальтэрнатыўны шлях развіцця глабалізацыі.
У 2015 г. на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе была прынята ініцыятыва «Лічбавае пераўтварэнне прамысловасці», якая ахапіла электраэнергію, здабычу энерганосьбітаў, аўтамабільную і хімічную прамысловасць, лагістыку, сферу спажывання і рэгулявання сацыяльных наступстваў цыфравізацыі ў сферы кіравання і палітыкі.
Аднак лічбавая трансфармацыя еўрапейскай прамысловасці, як мяркуюць многія спецыялісты, змяняе характар і арганізацыю не толькі вытворчага працэсу і спажывання, але і сістэму кіравання, і структуру грамадства ў рэчышчы знішчэння сацыяльных інстытутаў і гарантый.
У выніку сёння фарміруецца па сутнасці сеткавае кіраванне грамадствам, якое выціскае дзяржаву, чыя ўлада пад выглядам паслугі перадаецца транснацыянальным, рэгіянальным, мясцовым і нават прыватным структурам. Згодна з меркаваннем вядомага французскага глабаліста, былога прэзідэнта Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Жака Аталі, замест сусветнай капіталістычнай сістэмы плануецца стварэнне сістэмы нашмат больш жорсткага сацыяльнага расслаення.
Пытанні
1. Дайце азначэнне паняцця «глабальныя праблемы сучаснасці». Якія глабальныя праблемы неабходна будзе вырашыць чалавецтву ў XXI ст.?
2. Правядзіце класіфікацыю глабальных праблем чалавецтва, вылучыўшы палітычныя, сацыяльныя і экалагічныя. Дадзеныя прадстаўце ў выглядзе табліцы.
3. Растлумачце значэнне паняцця «ўстойлівае развіццё». Высветліце, якія мэты вызначаны ў дакуменце ААН «Парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 г.». Што прадпрымаецца ў нашай краіне для дасягнення гэтых мэт?
4. Высветліце, з якой мэтай створаны такія арганізацыі, як Рымскі клуб, Пагуошскі рух, Сусветны эканамічны форум. Што вы ведаеце пра іх дзейнасць?Які ўплыў яны аказваюць на жыццё ў сучасным свеце? Выкарыстоўвайце матэрыялы СМІ, рэсурсы сеткі інтэрнэт.
5. Акрэсліце значэнне паняцця «глабалізацыя». Ці можна сказаць, што глабалізацыя ўласцівая толькі сучаснаму свету? Як яна праяўляецца ў палітыцы, эканоміцы, духоўным жыцці?
6. Сучаснае грамадства характарызуюць як постіндустрыяльнае, інфармацыйнае, тэхналагічнае. Якія крытэрыі ляжаць у аснове гэтых характарыстык? Якія яшчэ характарыстыкі сучаснага грамадства вы б дадалі ў гэты рад?