§ 30. Мадэрнізацыйныя працэсы ў краінах Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі

1. Сутнасць тэорыі мадэрнізацыі

У 1950-я гг. навукоўцамі-грамадазнаўцамі была створана тэорыя мадэрнізацыі для тлумачэння гістарычнага мінулага і сучаснасці. Згодна з гэтай тэорыяй мадэрнізацыя разглядаецца як працэс абнаўлення ўсіх сфер жыцця таго ці іншага грамадства. Яна выяўляецца перш за ўсё ў пераходзе ад традыцыйнага грамадства да сучаснага, ад аграрнага да індустрыяльнага. Першымі на гэты шлях сталі краіны Захаду. Іх развіццё называюць прыкладам першаснай мадэрнізацыі, гэта значыць мадэрнізацыі не запазычанай, а якая адбывалася дзякуючы ўнутраным фактарам. Другасная (даганяючая) мадэрнізацыя ажыццяўлялася як адказ на выклік з боку больш развітых заходніх краін.

Развіццё дзяржаў Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі з’яўляецца прыкладам даганяючай мадэрнізацыі. Элементы гэтага тыпу мадэрнізацыі, як, напрыклад, еўрапейскія культурныя і навукова-тэхнічныя дасягненні, пачалі ўкараняцца яшчэ ў перыяд існавання калоній. Пасля здабыцця імі незалежнасці дадзены працэс прыкметна паглыбіўся і набыў маштабны характар. Пры гэтым даганяючая мадэрнізацыя ў краінах, якія сталі на шлях развіцця, рабіла стаўку на індустрыялізацыю, з дапамогай якой, як лічылася, эканамічна адсталая краіна можа дасягнуць узроўню высокаразвітых дзяржаў.