§ 28. Расійская Федэрацыя

1. Радыкальная эканамічная рэформа

У выніку жнівеньскіх падзей 1991 г. і распаду СССР да ўлады ў Расійскай Федэрацыі прыйшлі радыкальна настроеныя рэфарматары. Іх лідары былі перакананымі прыхільнікамі канцэпцыі свабодных рыначных адносін і рашуча выступалі супраць дзяржаўнага кантролю над эканомікай. Яны лічылі, што вольны рынак зменіць эканоміку Расіі, сфарміруе сярэдні клас і закладзе ўстойлівыя асновы палітычнай дэмакратыі.

Стаўку зрабілі на манетарысцкія метады пераходу да рынку, для якіх характэрны жорсткія сродкі паскоранай лібералізацыі і так званая шокавая тэрапія, ужо ўжываная ў Польшчы і ў краінах Лацінскай Амерыкі. У 1992—1993 гг. рэфарматары ажыццявілі цэлы шэраг мерапрыемстваў, найважнейшымі з якіх былі ўвядзенне свабодных цэн, лібералізацыя гандлю, прыватызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў і жылля.

Вялікае значэнне надавалася змене статусу ўласнасці ў грамадстве. Урад меркаваў, што прыватызацыя прывядзе да фарміравання шырокага пласта ўласнікаў ў якасці сацыяльнай базы рыначнай эканомікі і дэмакратычнага грамадства і да павышэння эфектыўнасці вытворчасці.

Першыя вынікі рэформаў пераўзышлі самыя змрочныя асцярогі і мелі драматычныя наступствы. Цэны выраслі ў дзясяткі разоў замест меркаванага максімуму ў тры разы. Рост заробкаў і пенсій не паспяваў за ростам цэн. Працяг палітыкі «шокавай тэрапіі» прывёў да заняпаду прадпрыемстваў лёгкай і абароннай прамысловасці, сельскагаспадарчага комплексу. Большая частка насельніцтва апынулася за мяжой беднасці, а надзеі на фінансавую дапамогу Захаду не спраўдзіліся. У грамадстве шырылася масавая незадаволенасць палітыкай выканаўчай улады. Курс на радыкальныя рэформы не быў падтрыманы Вярхоўным Саветам РФ, які прапанаваў канцэпцыю большай сацыяльнай абароненасці насельніцтва.