Печатать книгуПечатать книгу

§ 28. Расійская Федэрацыя

Ключавая ідэя: перажыўшы эканамічнае і ваенна-тэхнічнае аслабленне ў 1990-я гг., Расія здолела ўмацаваць свой суверэнітэт і сёння аказвае значны ўплыў на геапалітычную сітуацыю ў свеце.

РСФСР, найбуйнейшая па тэрыторыі і насельніцтве саюзная рэспубліка, адыгрывала дамінуючую ролю ў СССР. Аднак, як і астатнія рэспублікі, уласнай дзяржаўнасці ў савецкі перыяд яна фактычна не мела. Працэс палітычнага рэфармавання і суверэнізацыі РСФСР пачаўся пасля выбараў дэлегатаў З’езда народных дэпутатаў РСФСР у сакавіку 1990 г. У выніку выбараў каля паловы дэпутацкіх месцаў атрымалі прадстаўнікі дэмакратычных сіл, лідарам якіх стаў першы сакратар Маскоўскага гаркама КПСС Б. М. Ельцын. У маі 1990 г. ён быў абраны старшынёй Вярхоўнага Савета РСФСР.

Важнымі крокамі на шляху пабудовы новай дзяржаўнасці РСФСР сталі прыняцце Дэкларацыі аб суверэнітэце 12 чэрвеня 1990 г. і заснаванне інстытута ўсенародна абранага прэзідэнта. Першым прэзідэнтам РСФСР быў абраны 12 чэрвеня 1991 г. Б. М. Ельцын. Расія аднавіла свае гістарычныя дзяржаўныя сімвалы і стала афіцыйна называцца Расійскай Федэрацыяй (РФ). Расійскае грамадства ўступіла ў перыяд складанай і супярэчлівай трансфармацыі.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ХІХ - пачатак ХХІ ст. 11 клас
Книга: § 28. Расійская Федэрацыя
Напечатано:: Гость
Дата: Суббота, 5 Июль 2025, 19:23

1. Радыкальная эканамічная рэформа

У выніку жнівеньскіх падзей 1991 г. і распаду СССР да ўлады ў Расійскай Федэрацыі прыйшлі радыкальна настроеныя рэфарматары. Іх лідары былі перакананымі прыхільнікамі канцэпцыі свабодных рыначных адносін і рашуча выступалі супраць дзяржаўнага кантролю над эканомікай. Яны лічылі, што вольны рынак зменіць эканоміку Расіі, сфарміруе сярэдні клас і закладзе ўстойлівыя асновы палітычнай дэмакратыі.

Стаўку зрабілі на манетарысцкія метады пераходу да рынку, для якіх характэрны жорсткія сродкі паскоранай лібералізацыі і так званая шокавая тэрапія, ужо ўжываная ў Польшчы і ў краінах Лацінскай Амерыкі. У 1992—1993 гг. рэфарматары ажыццявілі цэлы шэраг мерапрыемстваў, найважнейшымі з якіх былі ўвядзенне свабодных цэн, лібералізацыя гандлю, прыватызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў і жылля.

Вялікае значэнне надавалася змене статусу ўласнасці ў грамадстве. Урад меркаваў, што прыватызацыя прывядзе да фарміравання шырокага пласта ўласнікаў ў якасці сацыяльнай базы рыначнай эканомікі і дэмакратычнага грамадства і да павышэння эфектыўнасці вытворчасці.

Першыя вынікі рэформаў пераўзышлі самыя змрочныя асцярогі і мелі драматычныя наступствы. Цэны выраслі ў дзясяткі разоў замест меркаванага максімуму ў тры разы. Рост заробкаў і пенсій не паспяваў за ростам цэн. Працяг палітыкі «шокавай тэрапіі» прывёў да заняпаду прадпрыемстваў лёгкай і абароннай прамысловасці, сельскагаспадарчага комплексу. Большая частка насельніцтва апынулася за мяжой беднасці, а надзеі на фінансавую дапамогу Захаду не спраўдзіліся. У грамадстве шырылася масавая незадаволенасць палітыкай выканаўчай улады. Курс на радыкальныя рэформы не быў падтрыманы Вярхоўным Саветам РФ, які прапанаваў канцэпцыю большай сацыяльнай абароненасці насельніцтва.

2. Кастрычніцкія падзеі 1993 г. і прыняцце Канстытуцыі РФ

Восенню 1993 г. паміж заканадаўчай і выканаўчай галінамі ўлады паўстаў востры палітычны канфлікт. У цэнтры канфлікту стаяла пытанне аб форме дзяржаўнага ўладкавання Расіі: быць краіне парламенцкай або прэзідэнцкай рэспублікай. 21 верасня 1993 г. прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Б. М. Ельцын выдаў указ аб спыненні паўнамоцтваў вышэйшых органаў заканадаўчай улады — З’езда народных дэпутатаў і Вярхоўнага Савета. Замест іх меркавалася стварэнне прафесійнага парламента, які складаецца з дзвюх палат. Аднак Вярхоўны Савет не падпарадкаваўся ўказам, лічачы дзеянні прэзідэнта антыканстытуцыйнымі, і распачаў спробу стварэння новага ўрада. У адказ прэзідэнт Ельцын звярнуўся да сілавых мер. 3—4 кастрычніка будынак Вярхоўнага Савета быў заблакаваны, абстраляны і ўзяты штурмам прэзідэнцкімі войскамі, а кіраўнікі супраціву арыштаваныя.

Вынікам трагічных падзей стала радыкальнае змяненне палітычнай сістэмы расійскага грамадства. Новая Канстытуцыя, зацверджаная 12 снежня 1993 г., завяршыла працэс ліквідацыі сістэмы Саветаў народных дэпутатаў. Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі надзяляўся шырокімі паўнамоцтвамі, атрымаўшы права прызначаць кіраўніка ўрада, распускаць Дзяржаўную Думу і абвяшчаць новыя выбары. Такім чынам, Расія стала прэзідэнцкай рэспублікай.

3. Сацыяльна-эканамічнае і палітычнае развіццё Расіі ў 1994—1999 гг.

На хвалі сацыяльнага пратэсту ўрад Я. Ц. Гайдара, які складаўся з радыкальна настроеных рэфарматараў, у снежні 1992 г. быў адпраўлены ў адстаўку. Новым старшынёй урада РФ стаў В. С. Чарнамырдзін, былы міністр нафтагазавай прамысловасці СССР. Урад Чарнамырдзіна працягнуў радыкальныя рэформы, але больш адказна і прафесійна.

Радыкальная эканамічная рэформа ў цэлым завяршылася да сярэдзіны 1994 г. Яе вынікам стала разбурэнне камандна-адміністрацыйнай сістэмы кіравання эканомікай і стварэнне асноў рыначнай капіталістычнай эканомікі. Ураду Чарнамырдзіна ўдалося паступова знізіць тэмпы інфляцыі, забяспечыць рост заработнай платы, умацаваць рубель як плацежны сродак, папоўніць золатавалютныя рэзервы краіны.

Аднак многія праблемы так і не былі вырашаны. Эканамічная палітыка адміністрацыі прэзідэнта Ельцына на працягу 1990-х гг. была арыентавана на экспартныя галіны вытворчасці (нафта, газ і іншыя віды сыравіны). Вобласці Расійскай Федэрацыі, не звязаныя з вытворчасцю сыравіны, апынуліся ў крызісным стане. Узровень вытворчасці ў іх працягваў імкліва падаць. Перыядычна не выплачвалася зарплата работнікам цэлых галін народнай гаспадаркі, што прыводзіла да масавых антыўрадавых выступленняў. Расла колькасць ашуканскіх «фінансавых пірамід», выцягвання грошай у насельніцтва. Расія трапляла ва ўсё большую залежнасць ад замежных крэдытораў.

Істотна ўплываў на ўнутрыпалітычную сітуацыю чачэнскі канфлікт, які меў шматвяковыя карані. Абвяшчэнне Чачнёй поўнай незалежнасці ад Расіі прывяло да ваенных дзеянняў у снежні 1994 г., якія працягваліся да восені 1996 г. Але і пасля падпісання пагаднення аб міры гэтая рэспубліка фактычна развівалася як незалежная краіна, што пагражала цэласнасці Расійскай дзяржавы.

У сакавіку 1998 г. урад Чарнамырдзіна быў адпраўлены ў адстаўку. Пасля гэтага ў Расіі пачалася «ўрадавая чахарда», падчас якой за два гады змяніліся чатыры саставы ўрада. Да жніўня 1999 г. прэзідэнт Ельцын канчаткова вызначыўся з кандыдатурай свайго пераемніка на пасадзе прэзідэнта. Ім стаў кіраўнік Федэральнай службы бяспекі і сакратар Савета бяспекі У. У. Пуцін, які 16 жніўня 1999 г. быў вылучаны на пасаду старшыні ўрада РФ і зацверджаны Дзяржаўнай Думай.

Нягледзячы на ўсе цяжкасці, у 1994—1999 гг. у Расіі адбылася стабілізацыя эканамічнага становішча і намеціўся эканамічны ўздым, якому спрыяў рост сусветных цэн на нафту ў тры разы.

4. Расія ў пачатку XXI ст.

У канцы 1999 г. у палітычным жыцці Расіі адбылася важная падзея: 31 снежня прэзідэнт Ельцын добраахвотна сышоў са сваёй пасады. У адпаведнасці з Канстытуцыяй РФ выкананне прэзідэнцкіх абавязкаў было ўскладзена на старшыню расійскага ўрада Пуціна. На прэзідэнцкіх выбарах 26 сакавіка 2000 г. кіраўніком дзяржавы РФ быў абраны У. У. Пуцін, які атрымаў каля 52 % галасоў і апярэдзіў лідара камуністаў Г. А. Зюганава больш чым на 20 %. Пуцін захоўвае сваю пасаду аж да цяперашняга часу, з невялікім перапынкам. З 2008 па 2012 г. пост прэзідэнта Расіі займаў Д. А. Мядзведзеў.

Асноўнымі прыярытэтамі ўнутранай і знешняй палітыкі Пуціна сталі наступныя кірункі: умацаванне ролі дзяржавы, стабілізацыя сітуацыі ў эканоміцы і эканамічны рост, барацьба з тэрарызмам, інтэграцыя з Рэспублікай Беларусь, урэгуляванне адносін з еўрапейскімі краінамі — Германіяй, Францыяй, Вялікабрытаніяй і ЗША.

Новая адміністрацыя павяла рашучую барацьбу супраць розных праяў сепаратызму як галоўнай пагрозы тэрытарыяльнай цэласнасці Расіі. У многіх суб’ектах Расійскай Федэрацыі былі адменены заканадаўчыя акты, якія супярэчылі Канстытуцыі. Пуцін заняў прынцыповую пазіцыю ў адносінах да чачэнскіх тэрарыстаў. Яшчэ ў верасні 1999 г. яго ўрад пачаў контртэрарыстычную аперацыю, якая праз тры гады прывяла да нармалізацыі становішча ў Чачэнскай Рэспубліцы і замацавання яе ў складзе Расійскай Федэрацыі. Вялікая ўвага стала надавацца ўмацаванню ВПК і сілавых структур.

Адносна ўстойліваму эканамічнаму росту Расіі ў пачатку XXI ст. спрыялі не толькі выгадная для расійскіх тавараў і сыравіны кан’юнктура, але і структурныя змены ў эканоміцы: рэфармаванне падатковай і бюджэтнай сфер, ажыццяўленне зямельнай рэформы. Замест прагрэсіўнага метаду падаткаабкладання для фізічных асоб была ўстаноўлена адзіная 13-працэнтная стаўка падаходнага падатку. Уводзілася прыватная ўласнасць на зямлю. Праводзяцца ў жыццё законы, накіраваныя на падтрымку малога і сярэдняга бізнесу. У апошнія гады прыкметна ўзмацніўся сацыяльны складнік дзяржаўнай бюджэтнай палітыкі расійскага ўрада.

Нягледзячы на станоўчыя тэндэнцыі, эканоміка Расіі ўсё яшчэ адчувае вялікія цяжкасці. Эканамічнае развіццё па-ранейшаму носіць экстэнсіўны характар, захоўваецца залежнасць краіны ад экспарту нафты, газу, іншых прыродных рэсурсаў. Сур’ёзнымі праблемамі з’яўляюцца манапалізацыя шэрагу сыравінных галін і энергетычнай сістэмы, старэнне асноўных вытворчых фондаў, недастатковае ўкараненне новых тэхналогій, распаўсюджванне карупцыі ў дзяржаўным апараце і арганізаванай злачыннасці ў эканамічнай сферы, павольны рост узроўню жыцця насельніцтва.

5. Знешнепалітычныя выклікі

Пасля распаду СССР Расія скараціла свой ядзерны патэнцыял. Але яна па-ранейшаму валодае другім у свеце па аб’ёме ваенным і ядзерным арсеналам, што дазваляе ёй захоўваць статус і ўплыў сусветнай дзяржавы. ЗША, яе стары сапернік, спадзяваліся, што Расія будзе дапамагаць ім у вырашэнні разнастайных сусветных праблем. Аднак гэтага, па вялікім рахунку, так і не адбылося. ЗША і многія іншыя краіны Захаду занепакоены імкненнем рускіх аднавіць былую моц Расійскай дзяржавы. У сваю чаргу Расія з непакоем назірае за прасоўваннем НАТА на Усход, бачачы ў ім пагрозу сваёй нацыянальнай бяспецы.

Пытанні

1. Чаму эканамічныя рэформы пачатку 1990-х гг. атрымалі назву «шокавая тэрапія»?

2. Вызначце, які від рэспублікі (парламенцкая або прэзідэнцкая) склаўся ў 1990-я гг. у Расіі. Свой адказ аргументуйце.

3. Якія асноўныя праблемы стаяць перад Расіяй сёння?

4. Як складваюцца адносіны Расіі з былымі рэспублікамі Савецкага Саюза? Якія, на ваш погляд, перспектывы развіцця СНД?

5. Вызначце знешнепалітычныя прыярытэты Расійскай Федэрацыі на сучасным этапе.

6. У якой ступені Расія ўплывае на працэсы, якія адбываюцца за яе межамі? Наколькі шырока яна ўдзельнічае ў вырашэнні агульнасусветных праблем?

Прапануем абмеркаваць

Асаблівае меркаванне