§ 26. Краіны Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Еўропы

1. Агульнадэмакратычны характар пераўтварэнняў 1944—1947 гг.

Драматычна склаўся лёс краін рэгіёну ў гады Другой сусветнай вайны. Польшча, Чэхія, Югаславія і Албанія былі акупаваны германскімі або італьянскімі войскамі. Балгарыя, Венгрыя, Славакія і Румынія выступілі ў якасці саюзнікаў фашысцкіх дзяржаў. Тэрыторыя рэгіёну на заключным этапе вайны стала арэнай бязлітасных баёў. Народы ўсходнееўрапейскіх дзяржаў зазналі вялізныя страты, эканоміка гэтых краін аказалася разбуранай.

Даволі складанай была палітычная сітуацыя. У ходзе антыфашысцкай барацьбы склаліся нацыянальныя (народныя) франты, у якіх аб’ядналіся самыя шырокія слаі насельніцтва — ад рабочых і сялян да інтэлігенцыі, чыноўнікаў і вайскоўцаў. Іх інтарэсы ў падобных структурах прадстаўлялі розныя палітычныя сілы — камуністы, сацыялісты, сацыял-дэмакраты, нацыяналісты, лібералы і інш. Гэта стала важным фактарам дэмакратычных пераўтварэнняў у рэгіёне, таму кіраўніцтва СССР у краінах Усходняй Еўропы ажыццяўляла паступовую саветызацыю. Адбываўся пакрокавы прыход да ўлады прасавецкіх камуністычных сіл.

У 1944—1945 гг. улада ў большасці ўсходнееўрапейскіх краін перайшла ў рукі народных франтоў, у якіх тон задавалі левыя сілы. У першыя пасляваенныя гады яны ажыццявілі пад кантролем Савецкага Саюза шэраг пераўтварэнняў, якія мелі дэмакратычных характар. Савецкае кіраўніцтва аказвала ўсебаковую падтрымку камуністычным партыям Усходняй Еўропы ў барацьбе за ўмацаванне іх пазіцый у дзяржаўным апараце сваіх краін. Аднак пытанне аб пабудове сацыялізму ў той час яно яшчэ не ставіла, паколькі не было зацікаўлена ў абвастрэнні сацыяльна-палітычнай сітуацыі ў дзяржавах, што знаходзіліся ў сферы геапалітычнага ўплыву СССР.

У кожнай з краін дэмакратычныя пераўтварэнні вызначаліся асаблівасцямі іх гістарычнага развіцця. Варта памятаць, што некаторыя з іх да нядаўняга часу былі манархіямі (Балгарыя, Румынія, Венгрыя, Югаславія). У іх усталёўвалася рэспубліканская форма праўлення. У іншых краінах буржуазна-дэмакратычная форма праўлення аднаўлялася. У Югаславіі, Балгарыі і Албаніі пераўтварэнні ад самага пачатку мелі антыкапіталістычны характар. Паколькі паўднёваславянская і албанская буржуазія супрацоўнічала з акупантамі, большая частка капіталістычнай уласнасці ў гэтых краінах была канфіскавана. У Балгарыі, напрыклад, не было памешчыцкага землеўладання, таму аграрная рэформа закранула інтарэсы сельскай буржуазіі. У цэлым жа аграрныя рэформы ажыццяўляліся пры адсутнасці нацыяналізацыі зямлі і прывялі да ліквідацыі памешчыцкага землеўладання.

У выніку дэмакратычных пераўтварэнняў, якія адпавядалі інтарэсам шырокіх слаёў насельніцтва, у краінах Усходняй Еўропы зацвердзілася палітычная сістэма, якая атрымала назву народнай дэмакратыі. Многія палітычныя дзеячы таго часу лічылі магчымым уласны, нацыянальны шлях да новага грамадства менавіта праз народную дэмакратыю, гэта значыць праз уладу класавага саюзу пралетарыяту, сялянства, дробнай гарадской буржуазіі, дэмакратычнай інтэлігенцыі, блока камуністаў і іншых палітычных партый.

Ідэя народнай дэмакратыі, імкненне да сацыяльнай справядлівасці і свабоды асобы былі вельмі популярнымі тады ва Усходняй Еўропе. Лідар польскіх камуністаў В. Гамулка лічыў, што дыктатура адной партыі не з’яўляецца неабходнай і мэтазгоднай. У тым жа духу выказваўся кіраўнік балгарскай кампартыі Г. Дзімітраў. Асаблівасцю балгарскага шляху да сацыялізму ён называў адсутнасць дыктатуры пралетарыяту. Аднак планам нацыянальнага шляху да сацыялізму ў краінах Усходняй Еўропы не наканавана было ажыццявіцца.