Печатать книгуПечатать книгу

§ 26. Краіны Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Еўропы

Ключавая ідэя: у пасляваенны перыяд краіны Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Еўропы прайшлі шлях ад агульнадэмакратычных пераўтварэнняў да сацыялізму на савецкі ўзор, а затым да паскоранай «капіталізацыі» грамадства і збліжэння с Захадам, перажываючы на кожным з этапаў новыя цяжкасці і праблемы.

Паняцце Усходняя Еўропа выкарыстоўваецца ў гістарычнай літаратуры перш за ўсё ў геапалітычным значэнні і абазначае рэгіён, які склаўся гістарычна і знаходзіўся ў пасляваенныя дзесяцігоддзі пад кантролем СССР. Пасля распаду Савецкага Саюза ў дачыненні да гэтага рэгіёну стала ўжывацца выключна геаграфічнае паняцце — Цэнтральная і Паўднёва­Усходняя Еўропа (ЦПУЕ).

У першыя пасляваенныя гады дзякуючы падтрымцы СССР камуністы ўсталявалі сваю непадзельную ўладу практычна ва ўсіх краінах Усходняй Еўропы. Адмовіўшыся ад агульнадэмакратычных пераўтварэнняў, яны абвясцілі ў 1947—1949 гг. афіцыйны курс на пабудову ў гэтых дзяржавах асноў сацыялізму. У якасці ўзору была ўзята савецкая мадэль сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця: прыярытэт дзяржавы ў эканоміцы, паскораная індустрыялізацыя, калектывізацыя, фактычная ліквідацыя прыватнай уласнасці, дыктатура кампартый, гвалтоўнае ўкараненне марксісцкай ідэалогіі, антырэлігійная кампанія і г. д. Стварэнне Савета эканамічнай узаемадапамогі (СЭУ) (1949) і ваенна-палітычнай Арганізацыі Варшаўскага дагавора (АВД) (1955) завяршыла фарміраванне сацыялістычнага лагера.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ХІХ - пачатак ХХІ ст. 11 клас
Книга: § 26. Краіны Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Еўропы
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 16 Май 2025, 03:57

1. Агульнадэмакратычны характар пераўтварэнняў 1944—1947 гг.

Драматычна склаўся лёс краін рэгіёну ў гады Другой сусветнай вайны. Польшча, Чэхія, Югаславія і Албанія былі акупаваны германскімі або італьянскімі войскамі. Балгарыя, Венгрыя, Славакія і Румынія выступілі ў якасці саюзнікаў фашысцкіх дзяржаў. Тэрыторыя рэгіёну на заключным этапе вайны стала арэнай бязлітасных баёў. Народы ўсходнееўрапейскіх дзяржаў зазналі вялізныя страты, эканоміка гэтых краін аказалася разбуранай.

Даволі складанай была палітычная сітуацыя. У ходзе антыфашысцкай барацьбы склаліся нацыянальныя (народныя) франты, у якіх аб’ядналіся самыя шырокія слаі насельніцтва — ад рабочых і сялян да інтэлігенцыі, чыноўнікаў і вайскоўцаў. Іх інтарэсы ў падобных структурах прадстаўлялі розныя палітычныя сілы — камуністы, сацыялісты, сацыял-дэмакраты, нацыяналісты, лібералы і інш. Гэта стала важным фактарам дэмакратычных пераўтварэнняў у рэгіёне, таму кіраўніцтва СССР у краінах Усходняй Еўропы ажыццяўляла паступовую саветызацыю. Адбываўся пакрокавы прыход да ўлады прасавецкіх камуністычных сіл.

У 1944—1945 гг. улада ў большасці ўсходнееўрапейскіх краін перайшла ў рукі народных франтоў, у якіх тон задавалі левыя сілы. У першыя пасляваенныя гады яны ажыццявілі пад кантролем Савецкага Саюза шэраг пераўтварэнняў, якія мелі дэмакратычных характар. Савецкае кіраўніцтва аказвала ўсебаковую падтрымку камуністычным партыям Усходняй Еўропы ў барацьбе за ўмацаванне іх пазіцый у дзяржаўным апараце сваіх краін. Аднак пытанне аб пабудове сацыялізму ў той час яно яшчэ не ставіла, паколькі не было зацікаўлена ў абвастрэнні сацыяльна-палітычнай сітуацыі ў дзяржавах, што знаходзіліся ў сферы геапалітычнага ўплыву СССР.

У кожнай з краін дэмакратычныя пераўтварэнні вызначаліся асаблівасцямі іх гістарычнага развіцця. Варта памятаць, што некаторыя з іх да нядаўняга часу былі манархіямі (Балгарыя, Румынія, Венгрыя, Югаславія). У іх усталёўвалася рэспубліканская форма праўлення. У іншых краінах буржуазна-дэмакратычная форма праўлення аднаўлялася. У Югаславіі, Балгарыі і Албаніі пераўтварэнні ад самага пачатку мелі антыкапіталістычны характар. Паколькі паўднёваславянская і албанская буржуазія супрацоўнічала з акупантамі, большая частка капіталістычнай уласнасці ў гэтых краінах была канфіскавана. У Балгарыі, напрыклад, не было памешчыцкага землеўладання, таму аграрная рэформа закранула інтарэсы сельскай буржуазіі. У цэлым жа аграрныя рэформы ажыццяўляліся пры адсутнасці нацыяналізацыі зямлі і прывялі да ліквідацыі памешчыцкага землеўладання.

У выніку дэмакратычных пераўтварэнняў, якія адпавядалі інтарэсам шырокіх слаёў насельніцтва, у краінах Усходняй Еўропы зацвердзілася палітычная сістэма, якая атрымала назву народнай дэмакратыі. Многія палітычныя дзеячы таго часу лічылі магчымым уласны, нацыянальны шлях да новага грамадства менавіта праз народную дэмакратыю, гэта значыць праз уладу класавага саюзу пралетарыяту, сялянства, дробнай гарадской буржуазіі, дэмакратычнай інтэлігенцыі, блока камуністаў і іншых палітычных партый.

Ідэя народнай дэмакратыі, імкненне да сацыяльнай справядлівасці і свабоды асобы былі вельмі популярнымі тады ва Усходняй Еўропе. Лідар польскіх камуністаў В. Гамулка лічыў, што дыктатура адной партыі не з’яўляецца неабходнай і мэтазгоднай. У тым жа духу выказваўся кіраўнік балгарскай кампартыі Г. Дзімітраў. Асаблівасцю балгарскага шляху да сацыялізму ён называў адсутнасць дыктатуры пралетарыяту. Аднак планам нацыянальнага шляху да сацыялізму ў краінах Усходняй Еўропы не наканавана было ажыццявіцца.

2. «Саветызацыя» палітыкі кампартый

Да 1947 г. істотна змянілася міжнароднае становішча. У самым разгары была «халодная вайна». Нябачны фронт супрацьстаяння паміж ЗША і СССР закрануў і ўсходнееўрапейскія краіны. Ва ўмовах росту міжнароднай напружанасці і гонкі ўзбраенняў Савецкі Саюз імкнуўся да ўмацавання бяспекі каля сваіх заходніх межаў. Пад кантроль была пастаўлена знешняя палітыка ўсходнееўрапейскіх дзяржаў. Савецкае кіраўніцтва катэгарычна забараніла іх кіраўнікам прымаць дапамогу ад ЗША па «плане Маршала», прапанаваную ў 1947 г. Яе асабліва імкнуліся атрымаць Польшча і Чэхаславакія. Замест яе ўсходнееўрапейскія краіны набылі вельмі выгадныя ўмовы гандлю з СССР.

Па патрабаванні Савецкага Саюза ў краінах Усходняй Еўропы быў афіцыйна абвешчаны курс на пабудову асноў сацыялізму на савецкі ўзор. У 1947—1948 гг. камуністы стварылі фактычна аднапартыйныя ўрады і ўсталявалі сваю непадзельную ўладу. Пачаліся сацыялістычныя пераўтварэнні ў эканамічнай, палітычнай, сацыяльнай і духоўнай сферах.

У эканамічнай сферы ажыццяўлялася паскораная індустрыялізацыя. Прамысловасць, банкі і гандаль былі нацыяналізаваны. Уводзілася дзяржаўная размеркавальная сістэма матэрыяльных выгод. Фактычна былі ліквідаваны прыватная ўласнасць і свабодныя рыначныя адносіны. Аграрная рэформа ў большасці краін завяршылася калектывізацыяй.

Значнымі былі перамены ў палітычнай і сацыяльнай сферах. Уся паўната ўлады сканцэнтравалася ў руках кампартый. Шматпартыйная сістэма альбо ліквідавалася (Венгрыя, Румынія, Югаславія, Албанія), альбо толькі абвяшчалася пры захаванні ўсеагульнага выбарчага права. Праявы незадаволенасці існуючы рэжым душыў. Пераважная частка насельніцтва аказалася занятай у дзяржаўным сектары эканомікі. У ідэалагічнай сферы ўзмацнялася ўкараненне марксісцкага светапогляду.

3. Крызісы і ўзрушэнні

Нягледзячы на адносны эканамічны прагрэс, многія людзі ў краінах Усходняй Еўропы былі незадаволеныя палітыкай камуністычнай улады. Масавыя выступленні рабочых адбыліся ў ГДР (1953), Чэхаславакіі (1953). Да забастовак і ўзброеных выступленняў, жорстка разагнаных уладамі, справа дайшла ў Польшчы (1956).

Кіраўніцтва Венгрыі паспрабавала часткова пераадолець крайнасці гвалтоўнай калектывізацыі і ліквідаваць асноўныя прычыны ўнутрыпалітычнай нестабільнасці. Рэфарматарскі рух у 1953—1956 гг. узначальваў прэм’ер-міністр І. Надзь, які выступаў з рэзкай крытыкай сацыяльна-эканамічнага і ўнутрыпалітычнага курсу партыі. У ліпені 1956 г. ён быў абвінавачаны ў «рэвізіянізме» і «нацыяналізме» і зняты з пасады прэм’ер-міністра, але пад ціскам удзельнікаў акцый пратэсту адноўлены на гэтай пасадзе ў кастрычніку 1956 г. Ураду І. Надзя не ўдалося забяспечыць мірнае развіццё падзей, якія ўвайшлі ў гісторыю пад назвай будапешцкая восень. Краіна апынулася на мяжы грамадзянскай вайны: пачаліся ўзброеныя сутыкненні паміж рабочымі і сіламі правапарадку, пачасціліся выпадкі расправы над камуністамі. Надзь заявіў аб намеры ўрада выйсці з АВД і ператварыць Венгрыю ў нейтральную дзяржаву. У гэтых умовах кіраўніцтва СССР прыняло рашэнне аб неадкладных дзеяннях. Для «аднаўлення парадку» ў Будапешт былі ўведзеныя савецкія танкавыя часці. Венгерскія «змагары за свабоду» звярнуліся па дапамогу да Захаду. Аднак ніхто не адгукнуўся. Афіцыйная пазіцыя лідараў заходніх краін у гэтай сітуацыі сведчыла аб тым, што яны лічылі Усходнюю Еўропу выключна сферай савецкага ўплыву.

У 1968 г. да ліберальных рэформаў у Чэхаславакіі прыступіў А. Дубчак. Спрабуючы аслабіць партыйна-дзяржаўны кантроль над усімі сферамі жыцця, ён заклікаў да «сацыялізму з чалавечым тварам». Яго дзеянні былі расцэненыя савекім кіраўніцтвам як адмова ад пабудовы сацыялізму. Гэтая спроба таксама была спынена ўзброенымі сіламі краін АВД на чале з СССР. А. Дубчак быў зняты з пасады, а новае кіраўніцтва кампартыі Чэхаславакіі жорстка спыніла дзейнасць ідэалагічнай апазіцыі. Неўзабаве пасля падзей у Чэхаславакіі кіраўніцтва СССР стала абгрунтоўваць сваё права ажыццяўляць умяшанне ў справы любой дзяржавы сацыялістычнага лагера абаронай заваёў сацыялізму (дактрына Брэжнева).

З усіх краін сацыялістычнага лагера Югаславія і Албанія былі практычна адзінымі, на якія не распаўсюджваўся савецкі ўплыў. І. Броз Ціта ўсталяваў у Югаславіі камуністычнае праўленне, але праводзіў незалежны ад Масквы курс. Ён адмовіўся далучыцца да АВД і заявіў аб нейтралітэце ў «халоднай вайне». У краіне склалася так званая югаслаўская мадэль сацыялізму, якая ўключала самакіраванне на вытворчасці і элементы рыначнай эканомікі. У Югаславіі было больш ідэалагічнай свабоды, чым у іншых краінах сацыялістычнага лагера. Пры гэтым захоўвалася безумоўная манаполія на ўладу адной партыі — Саюза камуністаў Югаславіі.

У 1948—1949 гг. савецка-паўднёваславянскія адносіны дасягнулі крайняй ступені абвастрэння. Кіраўніцтва Югаславіі абвінавачвалася ў «здрадзе камуністычнаму руху», «трацкісцкім перараджэнні» і «буржуазным нацыяналізме». Па некаторых звестках, нават рыхтаваўся замах на Ціта. Толькі пасля смерці І. В. Сталіна пачалася паступовая нармалізацыя савецка-паўднёваславянскіх адносін.

Канфлікт паміж СССР і Югаславіяй меў шэраг адмоўных вынікаў для апошняй. У прыватнасці, СССР перастаў падтрымліваць тэрытарыяльныя прэтэнзіі Югаславіі да Аўстрыі, у выніку мяжа паміж гэтымі дзвюма дзяржавамі засталася нязменнай. Югаславія таксама не змагла атрымаць жаданыя рэпарацыі ад Аўстрыі. Канчаткова праваліўся план Балканскай федэрацыі, і ўвогуле Савецкі Саюз згубіў інтарэс да ідэі агульнаславянскага адзінства.

Адносіны паміж СССР і Албаніяй пагоршыліся пасля смерці І. В. Сталіна. Албанскае кіраўніцтва не прызнала рашэнні ХХ з’езда КПСС аб асуджэнні культу асобы памерлага правадыра. У 1961 г. паміж дзвюма краінамі адбыўся поўны разрыў адносін.

Ледзьве не самым праблемным саюзнікам СССР з’яўлялася Польшча. Падобна венграм і чэхам, палякі таксама імкнуліся да большай самастойнасці. Пасля хваляванняў і забастовак 1956 г. польскі ўрад правёў некаторыя рэформы, але незадаволенасць умяшаннем СССР ва ўнутраныя справы дзяржавы і невысокі ўзровень жыцця па-ранейшаму захоўваліся. Важную ролю ў дзейнасці польскай апазіцыі адыгрывала Рымска-каталіцкая царква.

У 1980 г. па ўсёй Польшчы пракацілася новая хваля рабочых выступленняў. Цэнтрам забастовачнага руху стаў Гданьск. Тут пры актыўным удзеле каталіцкіх дзеячаў і прадстаўнікоў апазіцыйных груповак была створана міжгаліновая прафсаюзная арганізацыя «Салідарнасць». Новы прафсаюз ператварыўся ва ўплывовую палітычную сілу. «Салідарнасць» разгарнула шырокую антыкамуністычную агітацыю і выступіла з патрабаваннем палітычных перамен і сацыяльнай справядлівасці. Улады адрэагавалі ўвядзеннем ваеннага становішча, забаронай «Салідарнасці» і арыштам яе лідараў. Польскае кіраўніцтва на чале з В. Ярузельскім часова стабілізавала сітуацыю.

4. «Аксамітныя рэвалюцыі»

У канцы 1980-х гг. савецкі лідар М. С. Гарбачоў адмовіўся ад дактрыны Брэжнева. Распачатая ў СССР перабудова дала штуршок апошняй серыі рэформаў ва ўсходнееўрапейскіх краінах, у якіх палітычная ініцыятыва пераходзіла ў рукі апазіцыйных, антыкамуністычных партый і рухаў. Важнай прычынай наступных падзей стала завяршэнне канфрантацыі паміж Захадам і Усходам.

Адной з першых на шлях радыкальных палітычных рэформаў стала Польшча. Была легалізаваная «Салідарнасць», упершыню ў пасляваеннай гісторыі краіны прайшлі свабодныя парламенцкія выбары (1989). Быў сфарміраваны першы некамуністычны ўрад на чале з прадстаўніком «Салідарнасці». Праз год на прэзідэнцкіх выбарах перамогу атрымаў лідар «Салідарнасці» Л. Валенса. Новае кіраўніцтва Польшчы пачало цяжкі пераход да рыначнай эканомікі.

Аналагічныя працэсы адбываліся ў іншых краінах Усходняй Еўропы. Масавыя забастоўкі і дэманстрацыі восенню 1989 г. прывялі да адхілення ад улады камуністычных урадаў у ГДР, Чэхаславакіі, Балгарыі, Румыніі.

У ГДР была разбурана Берлінская сцяна (1989). Адбылося ўз’яднанне нямецкага народа (1990). Пісьменнік-дысідэнт і змагар за правы чалавека В. Гавел быў абраны прэзідэнтам Чэхаславакіі. Распад сацыялістычнай дзяржаўнасці ў Венгрыі завяршыўся дэмакратычнымі выбарамі вясной 1990 г. У Румыніі масавыя дэманстрацыі перараслі ва ўзброеныя сутыкненні, якія сталі прычынамі многіх чалавечых ахвяр. Н. Чаўшэску, які адмовіўся пайсці на саступкі, быў адхілены ад улады і расстраляны без суда і следства. Імклівая змена ўлады і бяскроўны характар падзей, за выключэннем Румыніі, далі падставу назваць іх «аксамітнымі рэвалюцыямі».

Дэмакратычныя рэвалюцыі прывялі да распаду сацыялістычнай сістэмы, аднаўлення капіталізму ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне і змены расстаноўкі сіл у сусветным маштабе. АВД і СЭУ спынілі сваё існаванне (1991).

5. Аб’яднанне Германіі

Перабудова ў СССР, аслабленне Савецкай дзяржавы і яе наступны распад, уздым дэмакратычнага руху ў краінах Усходняй Еўропы прывялі да з’яўлення на палітычнай карце свету новых дзяржаў. У першую чаргу гэта адносіцца да аб’яднання Германіі, утварэння Чэхіі і Славакіі.

У выніку «аксамітных рэвалюцый» 1989 г. усходнееўрапейскія дзяржавы перайшлі пад пераважны палітычны кантроль Заходняй Еўропы і ЗША. У ГДР была разбурана Берлінская сцяна, і адбылося аб’яднанне Германіі. Гэтыя падзеі прывялі да карэнных змен геапалітычнай сітуацыі ў Еўропе, з’явілася рэальная магчымасць распаўсюджвання ўплыву Еўрапейскай супольнасці на ўсход.

Як і якім чынам адбылося аб’яднанне Германіі? У ФРГ яно афіцыйна называецца ўз’яднаннем або аднаўленнем нямецкага адзінства. Прававой асновай аб’яднання дзвюх нямецкіх дзяржаў стаў Дагавор аб канчатковым урэгуляванні ў адносінах да Германіі, заключаны ў Маскве 12 верасня 1990 г. паміж ГДР і ФРГ, а таксама Францыяй, СССР, Вялікабрытаніяй і ЗША. Былыя саюзнікі па Другой сусветнай вайне адмаўляліся ад усіх сваіх правоў у адносінах да Германіі. Такім чынам, вострыя праблемы, якія існавалі на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў, былі вырашаны ў кароткія тэрміны, нягледзячы на зацікаўленасць Вялікабрытаніі і Францыі ў замаруджванні аб’яднальнага працэсу. Адбылося гэта шмат у чым дзякуючы падатлівай палітыцы тагачаснага кіраўніцтва СССР на чале з М. С. Гарбачовым.

Дагавор 1990 г. не быў паўнацэнным мірным дагаворам дзяржаў — пераможцаў у Другой сусветнай вайне з Германіяй. Падпісанне паўнацэннага мірнага дагавора адкладалася на няпэўны тэрмін. Асобныя артыкулы Дагавора ўтрымлівалі абмежаванні суверэнітэту Германіі, уведзеныя яшчэ ў 1950-я гг. У прыватнасці, захоўвалася забарона на патрабаванне вываду замежных войскаў да падпісання мірнага дагавора, на развіццё некаторых відаў узбраенняў, а таксама забарона на прыняцце знешнепалітычных рашэнняў без кансультацыі з дзяржавамі-пераможцамі.

Уз’яднанне дзвюх дзяржаў прайшло ў форме ўваходжання ГДР і Заходняга Берліна ў склад ФРГ у адпаведнасці з канстытуцыяй заходнегерманскай дзяржавы. Гэта адбылося 3 кастрычніка 1990 г. З таго дня ГДР як дзяржава перастала існаваць. Дзяржаўныя органы ўлады былі скасаваны, армія распушчана, флот ліквідаваны. Фактычна ГДР была далучана да ФРГ.

6. Утварэнне Чэхіі і Славакіі

Гістарычна склалася так, што насельніцтва большасці ўсходнееўрапейскіх краін было шматнацыянальным па сваім складзе. Нацыяналізм стаў прычынай сепаратызму, адной з рухаючых сіл утварэння новых дзяржаў на тэрыторыі Чэхаславакіі.

У лістападзе 1989 г. з рэпрэсій супраць студэнцкай дэманстрацыі ў Чэхаславакіі пачалася «аксамітная рэвалюцыя», гэта значыць ціхая, спакойная. Важную ролю ў палітычных падзеях адыграў пісьменнік-дысідэнт і антыкамуніст Вацлаў Гавел. Па яго ініцыятыве 21 лістапада была створана палітычная арганізацыя «Грамадзянскі форум», якая аб’яднала ўсе апазіцыйныя сілы на чэшскіх землях. У Славакіі апазіцыйныя сілы аб’ядналіся ў арганізацыю «Грамадства супраць гвалту».

«Грамадзянскі форум» неўзабаве запатрабаваў адкрытых выбараў. З гэтага часу апазіцыя кантралявала далейшае развіццё падзей. Праз некалькі дзён Кампартыя Чэхаславакіі рашэннем парламента была пазбаўлена кіруючай ролі. 29 снежня 1989 г. парламент абраў лідара апазіцыі В. Гавела прэзідэнтам краіны. У красавіку 1990 г. Чэхаславакія была перайменавана ў Чэшскую і Славацкую Федэратыўную Рэспубліку (ЧСФР, Чэха-Славакія). Так былі закладзены прававыя асновы будучага распаду.

Адносіны паміж Чэхіяй і Славакіяй заўсёды былі складанымі, але ніколі не былі варожымі. Славацкія лідары лічылі, што іх рэспубліка знаходзіцца ў падпарадкаваным становішчы ў складзе федэрацыі. Пасля перайменавання краіны ў дзейнасці славацкіх і чэшскіх палітыкаў запанавалі сепаратысцкія тэндэнцыі. Рашэнне аб мірным падзеле краіны прыняў федэральны парламент 25 лістапада 1992 г. Маёмасць, фінансы і іншыя каштоўнасці былі падзелены прапарцыйна ў адпаведнасці з колькасцю насельніцтва зноў утвораных самастойных дзяржаў — Чэхіі і Славакіі.

Эпахальныя перамены, якія адбыліся ў краінах Усходняй Еўропы, сталі магчымымі з прычыны крайняга аслаблення, а затым і распаду Савецкага Саюза. Яшчэ пры існаванні СССР было спынена дзеянне Варшаўскага дагавора (1 ліпеня 1991 г.), што рабіла нелегітымным знаходжанне савецкіх войскаў на тэрыторыі Усходняй Еўропы. Цалкам натуральна, што новыя ўсходнееўрапейскія лідары запатрабавалі вываду савецкіх войскаў з тэрыторыі сваіх дзяржаў. У Еўропе застаўся адзін ваенна-палітычны блок — НАТА. Еўрапейская інтэграцыя стала хуткімі тэмпамі распаўсюджвацца на краіны былога савецкага блока.

7. Распад Сацыялістычнай Федэратыўнай Рэспублікі Югаславія (СФРЮ)

Бурныя ўзрушэнні ў краінах рэгіёна абвастрылі міжнацыянальныя і этнаканфесійныя адносіны. Не вытрымала выпрабавання часам агульная дзяржаўнасць чэхаў і славакаў, і Чэхаславакія мірна падзялілася на дзве дзяржавы — Чэшскую Рэспубліку і Славакію. Пытанне аб сваім прававым становішчы паднялі венгры ў Славакіі і румыны ў Венгрыі. Больш за 500 тыс. чалавек складаюць турэцкую дыяспару ў Балгарыі.

Асабліва негатыўныя наступствы мелі міжнацыянальныя і міжрэлігійныя канфлікты ў Югаславіі. Пасля ўвядзення шматпартыйнай сістэмы на выбарах у югаслаўскіх рэспубліках перамагалі нацыяналістычна настроеныя партыі. У выніку ў 1991—1992 гг. нацыянальны суверэнітэт абвясцілі пераважна каталіцкія Харватыя і Славенія, Македонія, Рэспубліка Боснія і Герцагавіна. Югаслаўская Федэрацыя фактычна распалася. Праваслаўныя Сербія і Чарнагорыя заключылі ў 1992 г. дагавор аб стварэнні новай федэратыўнай дзяржавы — Саюзнай Рэспублікі Югаславія (СРЮ). У гэты ж час пачалася вайна ў Босніі і Герцагавіне паміж сербскімі, харвацкімі і мусульманскімі фарміраваннямі, у якую былі ўцягнутыя Харватыя і СРЮ. У баснійскім канфлікце 1992—1995 гг. заходнія краіны адкрыта занялі антысербскую пазіцыю.

У 1998 г. успыхнулі ваенныя дзеянні паміж сербамі і албанцамі ў сербскім краі Косава, гэта значыць на тэрыторыі самой Югаславіі. Албанскія сепаратысты ставілі сваёй канчатковай мэтай заваяванне незалежнасці краю, які з’яўляўся гістарычным цэнтрам Сербіі. Падчас канфлікту краіны Захаду пайшлі на крайнія меры ў дачыненні да Югаславіі. Увесну 1999 г. войскі НАТА ажыццявілі беспрэцэдэнтную ў гісторыі пасляваеннай Еўропы бамбардзіроўку Бялграда, Косава і іншых раёнаў СРЮ. Пры гэтым натаўская авіяцыя выкарыстала бомбы з уранавай начынкай. Каля 2 тыс. мірных жыхароў загінулі, каля мільёна чалавек падвергліся радыяцыйнаму паражэнню. З дапамогай Захаду было ажыццёўлена звяржэнне рэжыму С. Мілошавіча ў Сербіі. Да ўлады прыйшлі сербскія празаходнія палітычныя сілы. У 2006 г. паўсталі дзве незалежныя дзяржавы — Сербія і Чарнагорыя. А ў 2008 г. незалежнасць абвясціў сербскі край Косава, акупаваны натаўскімі войскамі. Краіны Захаду першымі прызналі самаабвешчаную дзяржаву.

Такім чынам, да сённяшняга дня фактычна ўсе новыя паўднёваславянскія дзяржавы, за выключэннем, мабыць, Сербіі, апынуліся пад кантролем ЗША і іх саюзнікаў. Да НАТА далучыліся Славенія (2004), Харватыя (2008) і Чарнагорыя (2017). Акрамя таго, Славенія і Харватыя сталі членамі ЕС. Некаторыя паўднёва-славянскія дзяржавы ўступілі ў зону еўра і Шэнгена, а Македонія была перайменаваная ў Рэспубліку Паўночная Македонія.

8. Праблемы пераходнага перыяду

Новыя палітычныя сілы, якія прыйшлі да ўлады ў краінах Усходняй Еўропы, паставілі сваёй асноўнай мэтай паскораную «капіталізацыю» грамадства і збліжэнне з Захадам. У кожнай дзяржавы быў уласны вопыт трансфармацыі, у той жа час усе яны сутыкнуліся з падобнымі праблемамі.

Ва ўсіх былых краінах сацыялізму пачалося радыкальнае разбурэнне эканамічнага механізму, які існаваў раней: прыватызацыя, лібералізацыя рыначных адносін, дэмантаж ранейшай сістэмы дзяржаўнага рэгулявання. Дзяржава перастала падтрымліваць адносна нізкія цэны на асноўныя прадукты, спажывецкія тавары і паслугі. Да сярэдзіны 1990-х гг. былі ліквідаваны многія ранейшыя льготы, напрыклад, працяглыя дэкрэтныя адпачынкі або бясплатная адукацыя ў вышэйшых навучальных установах. Гэтыя рэформы, вядомыя таксама пад назвай «шокавай тэрапіі», прывялі да высокага ўзроўню беспрацоўя, росту коштаў і злачыннасці. Тавараў народнага спажывання стала больш, аднак значная частка насельніцтва не мела магчымасці іх набыць. Паскораная прыватызацыя і лібералізацыя цэн не прывялі да чаканай мадэрнізацыі эканомікі. Толькі ў Польшчы з 1992 г. назіраўся рост валавога нацыянальнага прадукту.

Расчараванне значнай часткі насельніцтва ў рэформах абумовіла рост уплыву левых партый сацыял-дэмакратычнага кірунку. У 1990-я гг. сацыялісты прыйшлі да ўлады ў Балгарыі, Румыніі, Венгрыі, Польшчы. Яны імкнуліся сумясціць ідэалы сацыяльнай справядлівасці з каштоўнасцямі рыначнай эканомікі, з палітычным плюралізмам. Такая палітыка шмат у чым садзейнічала аздараўленню эканомікі ў шэрагу постсацыялістычных краін Еўропы. Пры гэтым левыя сілы трымалі курс на збліжэнне з краінамі Заходняй Еўропы. У выніку ў 1999 г. Польшча, Чэхія і Венгрыя сталі паўнапраўнымі членамі НАТА. У пачатку ХХІ ст. большасць еўрапейскіх краін — былых членаў сацлагера ўвайшлі ў склад Еўрапейскага саюза.

Пытанні

1. Растлумачце значэнне паняцця «савецкая мадэль сацыялізму». Чаму з магчымых варыянтаў грамадскага развіцця ў краінах Усходняй Еўропы рэалізавалася менавіта гэтая мадэль?

2. Вызначце ўнутраныя і знешнія фактары краху сацыялізму ў краінах Усходняй Еўропы. Чаму разбурэнне сацыялістычнай сістэмы ў большасці краін адбылося ў ходзе хуткаплынных і бяскроўных «аксамітных рэвалюцый»?

3. Эканамічную стратэгію постсацыялістычных пераўтварэнняў ва ўсіх краінах Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Еўропы склала праграма «шокавай тэрапіі». У чым сутнасць гэтай праграмы?

4. Як аб’яднанне Германіі паўплывала на жыццё яе грамадзян і бяспеку Еўропы? Якія геапалітычныя вынікі мела аб’яднанне Германіі?

5. У чым паказальны вопыт Чэхіі і Славакіі? Як гэтыя краіны развіваюцца сёння ў эканамічным і палітычным плане?

6. Якія былі прычыны паўднёваславянскага крызісу? Якія меры былі прынятыя міжнароднай грамадскасцю для яго вырашэння? Наколькі эфектыўныя яе дзеянні ў гэтым рэгіёне?

7. Ахарактарызуйце палітычную карту ЦПУЕ ў пачатку ХХІ ст.

8. Чаму ў краінах ЦПУЕ адной з найбольш вострых і балючых праблем постсацыялістычнага развіцця стала нацыянальнае пытанне? З якімі яшчэ праблемамі сутыкнуліся краіны гэтага рэгіёну?

Прапануем абмеркаваць

Асаблівае меркаванне