§ 24. Навукова-тэхнічны прагрэс і фарміраванне постіндустрыяльнага грамадства
1. Навукова-тэхнічная рэвалюцыя
Сучасная НТР пачалася ў індустрыяльна развітых краінах пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. Яна мела на ўвазе шырокае прымяненне ў прамысловасці найноўшых тэхналогій, іх укараненне не толькі ў вытворчы, але і ў кіраўнічы працэс, выкарыстанне новых відаў энергіі і матэрыялаў. Найважнейшай перадумовай НТР сталі навуковыя адкрыцці ў галіне ядзернай фізікі і квантавай механікі, дасягненні кібернетыкі, мікрабіялогіі, біяхіміі. Яе характэрнай рысай было ператварэнне навукі ў непасрэдную прадукцыйную сілу.
Адным з найбольш рэвалюцыйных адкрыццяў апошніх 60 гадоў стаў камп’ютар. Першыя электронныя камп’ютары, створаныя ў 1940-я гг., былі вельмі грувасткімі апаратамі. Амерыканская камп’ютарная машына Eniac важыла 28 тон і займала цэлы пакой. Пазней камп’ютары зрабіліся больш кампактнымі дзякуючы вынаходству чыпа на крамянёвай пласціне. Электронная і камп’ютарная тэхналогіі прынцыпова змянілі характар вытворчасці, рэзка павысілі прадукцыйнасць працы. Камп’ютары пачалі шырока прымяняцца ў адукацыйнай сферы і ў паўсядзённым жыцці. Без іх цяжка ўявіць жыццё сучаснага чалавека.
З’яўленне камп’ютараў прывяло да інфармацыйнай рэвалюцыі. Яе сутнасць заключаецца ў глыбокіх і якасных зменах ва ўсіх сферах жыццядзейнасці грамадства ў выніку шырокага ўкаранення новых сродкаў захоўвання, апрацоўкі і перадачы інфармацыі. Да 1990-х гг. камп’ютарная сетка звязала людзей, урады і бізнес па ўсім свеце. Аднак далёка не ўсе краіны маюць доступ да найноўшых камп’ютарных тэхналогій, што павялічвае разрыў паміж багатай Поўначчу і бедным Поўднем.
Пасля Другой сусветнай вайны чалавецтва ўступіла ў касмічную эру. Яна пачалася пасля таго, як у кастрычніку 1957 г. СССР запусціў на калязямную арбіту невялікі лятальны апарат, або спадарожнік, а ў 1961 г. у космас паляцеў першы ў гісторыі чалавецтва касманаўт — Ю. А. Гагарын. Гэтая падзея паклала пачатак «касмічнай гонцы», у якой сапернічалі дзве звышдзяржавы — СССР і ЗША. Абедзве краіны вывучалі магчымасці выкарыстання космасу ў ваенных мэтах і запускалі спадарожнікі-шпіёны на калязямную арбіту. Толькі пасля заканчэння «халоднай вайны» ЗША і Расія пачалі супрацоўнічаць у сферы асваення космасу, прыступіўшы да распрацоўкі сумесных касмічных праектаў.
Паступова і іншыя развітыя краіны, уключаючы Японію і Кітай, сталі асвойваць калязямную касмічную прастору. Цяпер спадарожнікі шырока выкарыстоўваюцца для вывучэння атмасферных з’яў і прагназавання надвор’я; ва ўмовах бязважкасці вучоныя праводзяць эксперыменты з новымі лекамі і вакцынамі.