§ 24. Навукова-тэхнічны прагрэс і фарміраванне постіндустрыяльнага грамадства
Ключавая ідэя: станаўленне постіндустрыяльнага грамадства непасрэдна звязана з глабальнай інфармацыйнай рэвалюцыяй.
Адным з фактараў, якія шмат у чым вызначылі гісторыю сучаснага грамадства, стала навуковатэхнічная рэвалюцыя (НТР). Дасягненні навукі і тэхнікі не толькі істотна змянілі характар вытворчых працэсаў, але і карэнным чынам паўплывалі на ўсё чалавечае жыццё. Найноўшыя тэхналогіі праніклі ў самыя аддаленыя куткі планеты, збліжаючы шляхі развіцця асобных краін і народаў.
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Сусветная гісторыя ХІХ - пачатак ХХІ ст. 11 клас |
Книга: | § 24. Навукова-тэхнічны прагрэс і фарміраванне постіндустрыяльнага грамадства |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Суббота, 5 Июль 2025, 21:51 |
1. Навукова-тэхнічная рэвалюцыя
Сучасная НТР пачалася ў індустрыяльна развітых краінах пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. Яна мела на ўвазе шырокае прымяненне ў прамысловасці найноўшых тэхналогій, іх укараненне не толькі ў вытворчы, але і ў кіраўнічы працэс, выкарыстанне новых відаў энергіі і матэрыялаў. Найважнейшай перадумовай НТР сталі навуковыя адкрыцці ў галіне ядзернай фізікі і квантавай механікі, дасягненні кібернетыкі, мікрабіялогіі, біяхіміі. Яе характэрнай рысай было ператварэнне навукі ў непасрэдную прадукцыйную сілу.
Адным з найбольш рэвалюцыйных адкрыццяў апошніх 60 гадоў стаў камп’ютар. Першыя электронныя камп’ютары, створаныя ў 1940-я гг., былі вельмі грувасткімі апаратамі. Амерыканская камп’ютарная машына Eniac важыла 28 тон і займала цэлы пакой. Пазней камп’ютары зрабіліся больш кампактнымі дзякуючы вынаходству чыпа на крамянёвай пласціне. Электронная і камп’ютарная тэхналогіі прынцыпова змянілі характар вытворчасці, рэзка павысілі прадукцыйнасць працы. Камп’ютары пачалі шырока прымяняцца ў адукацыйнай сферы і ў паўсядзённым жыцці. Без іх цяжка ўявіць жыццё сучаснага чалавека.
З’яўленне камп’ютараў прывяло да інфармацыйнай рэвалюцыі. Яе сутнасць заключаецца ў глыбокіх і якасных зменах ва ўсіх сферах жыццядзейнасці грамадства ў выніку шырокага ўкаранення новых сродкаў захоўвання, апрацоўкі і перадачы інфармацыі. Да 1990-х гг. камп’ютарная сетка звязала людзей, урады і бізнес па ўсім свеце. Аднак далёка не ўсе краіны маюць доступ да найноўшых камп’ютарных тэхналогій, што павялічвае разрыў паміж багатай Поўначчу і бедным Поўднем.
Пасля Другой сусветнай вайны чалавецтва ўступіла ў касмічную эру. Яна пачалася пасля таго, як у кастрычніку 1957 г. СССР запусціў на калязямную арбіту невялікі лятальны апарат, або спадарожнік, а ў 1961 г. у космас паляцеў першы ў гісторыі чалавецтва касманаўт — Ю. А. Гагарын. Гэтая падзея паклала пачатак «касмічнай гонцы», у якой сапернічалі дзве звышдзяржавы — СССР і ЗША. Абедзве краіны вывучалі магчымасці выкарыстання космасу ў ваенных мэтах і запускалі спадарожнікі-шпіёны на калязямную арбіту. Толькі пасля заканчэння «халоднай вайны» ЗША і Расія пачалі супрацоўнічаць у сферы асваення космасу, прыступіўшы да распрацоўкі сумесных касмічных праектаў.
Паступова і іншыя развітыя краіны, уключаючы Японію і Кітай, сталі асвойваць калязямную касмічную прастору. Цяпер спадарожнікі шырока выкарыстоўваюцца для вывучэння атмасферных з’яў і прагназавання надвор’я; ва ўмовах бязважкасці вучоныя праводзяць эксперыменты з новымі лекамі і вакцынамі.
2. Прарыў у медыцыне
У пасляваенную эру медыцына дасягнула неверагодных поспехаў. Навукоўцы вынайшлі новыя антыбіётыкі для барацьбы з хваробамі. Вакцыны ліквідавалі некаторыя з іх, напрыклад воспу, і прадухілілі распаўсюджванне іншых. Аднак у 1980—1990-я гг. з’явіліся новыя праблемы, звязаныя з распаўсюджваннем такіх смяротных хвароб, як ліхаманка Эбола і СНІД. Сапраўдным выпрабаваннем для чалавецтва стала эпідэмія каранавіруса, якая распачалася ў 2020 г.
Дзякуючы дасягненням у мікрахірургіі ў 1970-я гг. лекары навучыліся трансплантаваць органы для выратавання жыццяў людзей. Дзякуючы лазернай медыцыне хірургія стала больш бяспечнай. Навукоўцы таксама зрабілі шмат адкрыццяў у лячэнні некаторых відаў раку. Аднак даследаванні ў галіне медыцыны з’яўляюцца дарагімі, і часта іх вынікамі могуць скарыстацца перш за ўсё багатыя людзі.
Супярэчлівай галіной даследаванняў стала генная інжынерыя, звязаная са змяненнем спадчыннага апарату клеткі, які ўласцівы ўсім жывым істотам. Дасягненні ў гэтай галіне дазволілі стварыць новыя прэпараты для барацьбы са шматлікімі хваробамі. Генная інжынерыя зрабіла актуальным этычнае пытанне: наколькі далёка можа зайсці навука ў змене і нават стварэнні жыцця.
3. Зялёная рэвалюцыя
Важнай з’явай другой паловы ХХ ст. стала Зялёная рэвалюцыя. Яна ўяўляла сабой сукупнасць разнастайных агратэхнічных інавацый у сельскай гаспадарцы, накіраваных на паляпшэнне ўрадлівасці глебы і павышэнне прадукцыйнасці працы. Гаворка ідзе перш за ўсё аб шырокім выкарыстанні хімічных угнаенняў, вывядзенні больш прадуктыўных гатункаў раслін, ужыванні сучаснай тэхнікі і пашырэнні плошчаў, якія падлягаюць арашэнню.
Зялёная рэвалюцыя была выклікана неабходнасцю пракарміць насельніцтва планеты, якое няспынна расце. Яна стала магчымай дзякуючы бурнаму павелічэнню прамысловасці і развіццю навукі. Найбольшую патрэбу ў прадукцыі сельскай гаспадаркі адчувалі краіны, якія імкліва развіваюцца. Таму Зялёная рэвалюцыя закранула ў найбольшай ступені перанаселеныя краіны Азіі і Афрыкі, якія сталі на шлях незалежнага развіцця пасля Другой сусветнай вайны, напрыклад Індыю, якая, па многіх ацэнках, да пачатку 1960-х гг. знаходзілася на парозе масавага голаду.
Зялёная рэвалюцыя спрыяла павелічэнню аб’ёмаў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, змякчэнню харчовай праблемы ў краінах, якія развіваліся. Асабліва паспяховай яна была ў Мексіцы, Індыі, на Філіпінах, у Пакістане. Да канца ХХ ст. Індыя ператварылася ў найбуйнейшага сусветнага экспарцёра рысу. Менш паспяховай рэвалюцыя была ў большасці афрыканскіх краін.
Зялёная рэвалюцыя ажыццяўлялася з дапамогай амерыканскага капіталу і тэхналогій. Ля яе вытокаў стаялі два дабрачынныя фонды — Форда і Ракфелера. Абодва фонды, паводле статуту, ставілі сваёй мэтай падтрымку дэмакратыі і зніжэнне ўзроўню беднасці ў краінах, якія развіваюцца. Прадстаўленая імі праграма Зялёнай рэвалюцыі мела ярка выяўленую палітычную скіраванасць. Яна мела на мэце забеспячэнне насельніцтва прадуктамі харчавання і з прычыны гэтага ўмацаванне сацыяльнай стабільнасці, каб перашкодзіць распаўсюджванню камуністычных ідэй у краінах трэцяга свету. Выключна тэхналагічныя рашэнні праблем сельскай гаспадаркі былі задуманы ў якасці альтэрнатывы аграрным рэформам сацыялістычнага характару. Неверагодны рост ураджайнасці ў выніку прымянення найноўшых агратэхнічных дасягненняў амерыканскія ўлады назвалі ў 1968 г. Зялёнай рэвалюцыяй у процівагу «гвалтоўнай чырвонай рэвалюцыі» ў СССР і «белай рэвалюцыі шаха» ў Іране. Сёння пашыраецца выкарыстанне расліннай сыравіны для вытворчасці біяпаліва. Гэта пагражае скарачэннем плошчаў пад харчовымі культурамі ў сельскай гаспадарцы. Між тым у сувязі з ростам насельніцтва ў шэрагу краін склалася вельмі неспрыяльная сітуацыя з наяўнасцю пасяўных плошчаў. Напрыклад, прагназуецца, што на востраве Ява да 2050 г. на аднаго чалавека будзе прыпадаць 50 см2 тэрыторыі.
Зялёная рэвалюцыя сапраўды змякчыла вастрыню сацыяльнай напружанасці ў многіх краінах, якія сталі на шлях развіцця, прыкметна аслабіла сацыялістычныя рухі. Аднак з яе дапамогай поспехі былі дасягнуты толькі ў рэгіёнах з мяккім і вільготным кліматам. Акрамя таго, спатрэбіліся немалыя выдаткі на хімічныя ўгнаенні, пестыцыды і ірыгацыйныя збудаванні, якія маглі дазволіць сабе толькі багатыя фермеры — уладальнікі буйных аграрных гаспадарак. Таму большасць сялян не атрымалі выгады ад новых агратэхналогій. Больш за тое, не здольныя канкурыраваць з буйнымі аграрнымі гаспадаркамі, яны былі вымушаныя прадаваць свае зямельныя ўчасткі.
Шырокае прымяненне ядахімікатаў у сельскай гаспадарцы прывяло да збяднення і дэградацыі глеб. Развіццё земляробства застаецца нестабільным з-за вычарпання падземных вод, забруджвання навакольнага асяроддзя і змены клімату. З-за гэтых негатыўных працэсаў на 40 % скарацілася сусветная папуляцыя пчол, многія землі становяцца непрыдатнымі для вырошчвання какава-бабоў. Рост насельніцтва Зямлі запатрабуе да сярэдзіны ХХІ ст. павялічыць вытворчасць прадуктаў харчавання на 60 %. Ці справіцца Зялёная рэвалюцыя з гэтай задачай — пытанне, на якое няма адназначнага адказу.
4. Наступствы НТР
Навукова-тэхнічная рэвалюцыя, як і любая іншая грамадская з’ява, мае свае станоўчыя і адмоўныя бакі. Да ліку яе пазітыўных вынікаў адносяцца ў першую чаргу ўзрастанне ролі навуковых ведаў і развіццё адукацыі. Акрамя таго, НТР значна палегчыла працу чалавека, прывяла да патаннення прадукцыі і павышэння яе якасці. Яна спрыяла стварэнню больш камфортнага побыту чалавека, з’яўленню новых форм зносін і правядзення вольнага часу. Дзякуючы НТР людзі набылі вялікую мабільнасць і свабоду (звышхуткасны транспарт, мабільная сувязь, інтэрнэт, ноўтбукі і г. д.).
Вынікі НТР аказалі ўплыў на сацыяльную структуру і паўсядзённае жыццё чалавека. Узрасла роля мікраэлектронікі, якая дазволіла стварыць прынцыпова новыя сродкі для апрацоўкі інфармацыі. За 10—15 гадоў аб’ём інфармацыі павялічыўся ўдвая. У сувязі з гэтым змяняецца адукацыя, яе ўзроўні, сродкі і мэты.
Да негатыўных наступстваў НТР варта аднесці экалагічныя праблемы, шкодны ўплыў рознага роду сінтэтычных і хімічных матэрыялаў, якія акружаюць чалавека ў грамадскіх месцах і дома. Замена працоўных рук аўтаматычнай тэхнікай, ускладненне вытворчасці і незапатрабаванасць рабочых нізкай кваліфікацыі прывялі да росту беспрацоўя. Больш частымі сталі тэхнагенныя катастрофы (аварыі на Чарнобыльскай АЭС, атамнай электрастанцыі Фукусіма-1 і інш.). Чалавек становіцца ўсё больш залежны ад тэхнікі.
Тэхнагенныя катастрофы могуць прывесці да непапраўных наступстваў і гібелі чалавецтва. Таму ўзрасла адказнасць навукоўцаў за распрацоўку небяспечных для людзей тэхналогій. Пры разумным падыходзе дасягненні НТР могуць быць выкарыстаны для пераадолення крызісных з’яў у грамадстве. Неабходна спыніць распрацоўку ўзбраення і скіраваць намаганні на рашэнне такіх праблем, як экалагічны крызіс, голад і непісьменнасць.
Такім чынам, выкарыстанне найноўшых тэхналогій спрыяла паляпшэнню якасці жыцця людзей, якiя ўскладаюць вялікія надзеі на вырашэнне эканамічных, медыцынскіх і экалагічных праблем з дапамогай навукова-тэхнічнага прагрэсу. Аднак нават развітыя краіны свету апынуліся не ў стане справіцца з глабальнымі праблемамі чалавецтва.
Пытанні
1. Растлумачце значэнне паняццяў «навукова-тэхнічны прагрэс» і «навукова-тэхнічная рэвалюцыя».
2. Які ўплыў на жыццё чалавека аказала навукова-тэхнічная рэвалюцыя?
3. Амерыканскі сацыёлаг Д. Бэл вылучае тры тэхналагічныя рэвалюцыі. Вызначце, да якіх змен у вытворчасці яны прывялі. Дадзеныя прадстаўце ў выглядзе табліцы.
4. Завяршыце схему:
На аснове атрыманай абагульненай інфармацыі сфармулюйце вызначэнне паняцця «рэвалюцыя».
5. Чаму ў постіндустрыяльным грамадстве крыніцай грамадскага багацця становяцца веды і інфармацыя?