§ 23. Свет пасля Другой сусветнай вайны
1. Абвастрэнне супярэчнасцей паміж заходнімі дзяржавамі і СССР
Пасля Другой сусветнай вайны ЗША ператварыліся ў магутную эканамічную звышдзяржаву, дабіліся палітычнага лідарства на міжнароднай арэне, прычым дасягнулі гэтай мэты шляхам усталявання кантролю над сусветнай энергетычнай вуглевадароднай сістэмай, і перш за ўсё — над самай таннай у свеце (па ўзроўні выдаткаў на яе вытворчасць) блізкаўсходняй нафтай і цэнаўтварэннем на вуглевадародныя рэсурсы. Яны ж кантралявалі тэхналогію іх здабычы і перапрацоўкі.
З 1944 г. сусветнымі грашыма стала нацыянальная валюта ЗША — долар, а не золата, як было раней. Да сярэдзіны ХХ ст. амерыканцам належала каля 70 % усяго сусветнага запасу золата. Распаўсюджванне фінансавага ўплыву ЗША ў Еўропе адбылося шляхам эканамічнай дапамогі паводле плана Маршала. Еўрапейскія краіны аказаліся ўпісанымі ў падкантрольную Злучаным Штатам нафтадоларавую сістэму.
Дзякуючы ваенна-марской перавазе ЗША ўзялі пад свой кантроль сусветны марскі транспартны транзіт. У выніку гэтая дзяржава ажыццявіла эканамічную і палітычную экспансію планетарнага маштабу. Сёння амерыканскія ваенныя базы размешчаны ў 129 краінах свету.