Печатать книгуПечатать книгу

§ 23. Свет пасля Другой сусветнай вайны

Ключавая ідэя: адметнай асаблівасцю новай эпохі з’яўляецца пераход ад біпалярнага свету да фарміравання новай палітычнай структуры, да новай сістэмы міжнародных адносін.

Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны найбольшы ўплыў у свеце мелі дзве вялікія дзяржавы — СССР і ЗША. Сфарміравалася сістэма міжнародных адносін, якая характарызавалася расколам свету на дзве грамадска-палітычныя сістэмы, што варагавалі паміж сабой, — капіталістычную і сацыялістычную. Да канца 1980-х гг. паміж імі ішла «халодная вайна» — ваеннае, палітычнае, ідэалагічнае і эканамічнае супрацьстаянне паміж СССР і яго прыхільнікамі з аднаго боку і ЗША і іх саюзнікамі з другога.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ХІХ - пачатак ХХІ ст. 11 клас
Книга: § 23. Свет пасля Другой сусветнай вайны
Напечатано:: Гость
Дата: Суббота, 5 Июль 2025, 21:57

1. Абвастрэнне супярэчнасцей паміж заходнімі дзяржавамі і СССР

Пасля Другой сусветнай вайны ЗША ператварыліся ў магутную эканамічную звышдзяржаву, дабіліся палітычнага лідарства на міжнароднай арэне, прычым дасягнулі гэтай мэты шляхам усталявання кантролю над сусветнай энергетычнай вуглевадароднай сістэмай, і перш за ўсё — над самай таннай у свеце (па ўзроўні выдаткаў на яе вытворчасць) блізкаўсходняй нафтай і цэнаўтварэннем на вуглевадародныя рэсурсы. Яны ж кантралявалі тэхналогію іх здабычы і перапрацоўкі.

З 1944 г. сусветнымі грашыма стала нацыянальная валюта ЗША — долар, а не золата, як было раней. Да сярэдзіны ХХ ст. амерыканцам належала каля 70 % усяго сусветнага запасу золата. Распаўсюджванне фінансавага ўплыву ЗША ў Еўропе адбылося шляхам эканамічнай дапамогі паводле плана Маршала. Еўрапейскія краіны аказаліся ўпісанымі ў падкантрольную Злучаным Штатам нафтадоларавую сістэму.

Дзякуючы ваенна-марской перавазе ЗША ўзялі пад свой кантроль сусветны марскі транспартны транзіт. У выніку гэтая дзяржава ажыццявіла эканамічную і палітычную экспансію планетарнага маштабу. Сёння амерыканскія ваенныя базы размешчаны ў 129 краінах свету.

2. Стварэнне міждзяржаўных ваенна-палітычных і эканамічных арганізацый і блокаў

Перамога ў вайне прывяла таксама да рэзкага ўзмацнння міжнароднага ўплыву СССР і фарміравання савецкай палітычнай сферы ўплыву ва Усходняй Еўропе і краінах Азіі.

У 1949 г. Злучаныя Штаты з мэтай абароны Еўропы ад савецкага ўплыву стварылі Арганізацыю Паўночнаатлантычнага дагавора, або Паўночнаатлантычны альянс (НАТА). Акрамя ЗША і Канады гэты ваенна-палітычны блок аб’яднаў 10 еўрапейскіх дзяржаў, пазней да яго далучылася Турцыя. Для стрымлівання камунізму былі створаны яшчэ чатыры антысавецкія блокі ў Азіі, у тым ліку СЕАТА (Арганізацыя дагавора Паўднёва-Усходняй Азіі) і СЕНТА (Арганізацыя цэнтральнага дагавора, альбо Багдадскі пакт).

Ва ўмовах варожага акружэння Савецкі Саюз умацоўваў і кансалідаваў уласныя сілы на міжнароднай арэне. У тым жа 1949 г. быў утвораны Савет эканамічнай узаемадапамогі (СЭУ) — міжурадавая эканамічная арганізацыя, створаная па рашэнні нарады прадстаўнікоў Албаніі, Балгарыі, Венгрыі, Польшчы, Румыніі, СССР і Чэхаславакіі.

У адказ на далучэнне ФРГ да НАТА ў 1955 г. быў падпісаны Варшаўскі дагавор — Дагавор аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе. Гэты дакумент аформіў стварэнне ваеннага саюза еўрапейскіх сацыялістычных дзяржаў пры вядучай ролі СССР, замацаваў афармленне біпалярнага свету. На аснове дагавора была створана Арганізацыя Варшаўскага дагавора (АВД).

У выніку Заходняя Еўропа трапіла ў эканамічную і ваенную залежнасць ад ЗША, а Усходняя — ад СССР. У сітуацыі «халоднай вайны» ва Усходняй Еўропе базіраваліся савецкія войскі. Краіны ўсходнееўрапейскага рэгіёну сталі развівацца ў адпаведнасці з савецкай эканамічнай мадэллю, СССР падтрымліваў у рэгіёне высокі ўзровень эканамічнага развіцця, і кожная з краін АВД захоўвала ўласную культуру і нацыянальную самабытнасць. Знешнепалітычная стратэгія калектыўнага Захаду на чале з ЗША заключалася ў выцісканні з гэтага рэгіёна Савецкага Саюза як пераемніка гістарычнай Расіі.

3. «Халодная вайна»

Афіцыйна пачаткам «халоднай вайны» лічыцца 5 сакавіка 1946 г., калі Чэрчыль выступіў са сваёй знакамітай прамовай у Фултане. Ён заявіў, што ЗША — самая магутная ў свеце дзяржава, якая ў саюзе з Вялікабрытаніяй і Канадай павінна супрацьстаяць распаўсюджванню ў свеце сацыялізму. Быў замацаваны статус СССР як нееўрапейскай дзяржавы, Масква не была ўключана ў агучаны ў прамове спіс еўрапейскіх сталіц. Пасля гэтай прамовы ў слоўніку заходніх гісторыкаў і палітыкаў для абазначэння гэтага рэгіёну з’явіліся словазлучэнні «Усходняя камуністычная Еўропа», «сацыялістычны лагер», «краіны пад ваенным кантролем СССР», «дзяржавы, якія ўзніклі з дапамогай савецкіх танкаў», «жалезная заслона» і г. д.

У інтэрв’ю карэспандэнту газеты «Праўда» ў адказ на гэта савецкі лідар І. В. Сталін параўнаў Чэрчыля з Гітлерам. Прамова Чэрчыля ў Фултане была ахарактарызавана як небяспечны акт, разлічаны на тое, каб пасеяць насенне разладу, распаліць вайну паміж саюзнымі дзяржавамі і ўскладніць іх супрацоўніцтва.

Завяршэннем «халоднай вайны» лічыцца Мальтыйскі саміт лідараў СССР і ЗША М. Гарбачова і Д. Буша — старэйшага, які прайшоў 2—3 снежня 1989 г. У аднабаковым парадку ў ходзе саміта Гарбачоў пайшоў на саступкі, якія забяспечылі ваенную і палітычную перавагу ЗША: адмовіўся ад «дактрыны Брэжнева», гэта значыць дамінавання СССР ва Усходняй Еўропе, пагадзіўся на вывад войскаў з тэрыторыі Еўропы і аб’яднанне Германіі, на скарачэнне наступальнага ўзбраення. У 1990 г. Гарбачоў атрымаў Нобелеўскую прэмію міру.

4. Распад еўрапейскай сістэмы сацыялізму

Пад уплывам прамовы Чэрчыля ў Фултане цэлая плеяда ўсходнееўрапейскіх пісьменнікаў і мастакоў увасобіла яе ідэі ў сваёй творчасці. Румынскі пісьменнік і гісторык рэлігій, прафесар Чыкагскага ўніверсітэта М. Эліядэ пісаў у 1952 г. аб усходнееўрапейскай культуры як аб процізаконна адабранай у Заходняй Еўропы («ампутаванай частцы яе цела»). Так узнік вобраз, які ў 1980-я гг. праз публікацыі чэшскіх, венгерскіх і паўднёваславянскіх пісьменнікаў (М. Кундэра, Д. Конрад, Д. Кіш і інш.) стаў ідэйным сцягам Захаду ў барацьбе за ўплыў у рэгіёне.

Паступова рыхтаваліся і выспявалі ідэалагічныя і палітычныя механізмы распаду сацыялістычнага лагера. Дамінуючай ідэяй знешняй палітыкі адразу пасля змены рэжымаў стала «вяртанне ў Еўропу», якое разумелася і як адраджэнне еўрапейскіх цывілізацыйных каштоўнасцей, і як інтэграцыя ў палітычныя структуры Заходняй Еўропы. Уступленне ў ЕЭС бачылася сродкам вырашэння эканамічных і палітычных праблем, які ў кароткі тэрмін дазволіць наблізіцца да заходніх стандартаў жыцця.

У «халоднай вайне» СССР пацярпеў паражэнне і неўзабаве распаўся. Восьмага снежня 1991 г. былі падпісаны Белавежскія пагадненні, 21 снежня 1991 г. — Алма-Ацінская дэкларацыя, якія заснавалі канфедэратыўны саюз былых савецкіх рэспублік — Садружнасць Незалежных Дзяржаў (СНД), 26 снежня 1991 г. была прынята Дэкларацыя Савета Рэспублік Вярхоўнага Савета СССР аб спыненні існавання Савецкага Саюза.

5. Працэсы інтэграцыі і дэзінтэграцыі ў сучасным свеце

Пасля Другой сусветнай вайны была ўсталявана Ялцінска-Патсдамская сістэма міжнародных адносін, вызначаны новыя межы для цэлага шэрагу дзяржаў. Узнікла большасць вядомых нам сёння міжнародных арганізацый. Глабалізацыя ахапіла эканамічную, палітычную і культурную сферы, што найбольш наглядна адлюстравана ў створаных міжнародных арганізацыях. У эканамічнай сферы гэта Сусветная гандлёвая арганізацыя, Сусветная мытная арганізацыя і інш. Сферу эканамічнай інтэграцыі захопліваюць і транснацыянальныя карпарацыі (ТНК), якія валодаюць вытворчымі падраздзяленнямі ў некалькіх краінах свету.

Прыкладам культурнай, рэлігійнай інтэграцыі можа служыць Сусветны савет цэркваў — міжнародная экуменічная арганізацыя, дзейнасць якой накіравана на збліжэнне розных хрысціянскіх канфесій.

Акрамя глабалізацыі інтэграцыйныя працэсы ў свеце выражаны і рэгіяналізацыяй. З аднаго боку, у сувязі з гэтым узніклі агульнасусветныя міжнародныя арганізацыі, якія ахопліваюць усе або некалькі рэгіёнаў свету, напрыклад, Арганізацыя Аб’яднаных Нацый. З іншага боку, узнікаюць рэгіянальныя арганізацыі, якія ахопліваюць розныя рэгіёны свету. У прыватнасці, МЕРКАСУР — агульны рынак краін Паўднёвай Амерыкі, эканамічнае і палітычнае пагадненне паміж Аргенцінай, Бразіліяй, Уругваем; Асацыяцыя дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі, Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва, Садружнасць Незалежных Дзяржаў, Еўрапейскі саюз.

Еўрасаюз унікальны з пункта гледжання інтэграцыйных і дэзінтэграцыйных працэсаў. Ён дасягнуў максімальнага ўзроўню інтэграцыі, якая выйшла на наднацыянальны ўзровень. Разам з тым натуральнае развіццё працэсу рэгіяналізацыі прывяло да выпрацоўкі канцэпцыі «Еўропы рэгіёнаў», якая адлюстроўвае ўзрослае значэнне этнарэгіёнаў, што прывяло да дэзінтэграцыйных працэсаў у рамках дзяржаў. У сувязі з неабходнасцю выраўноўвання і пераадолення разрыву ў развіцці асобных рэгіёнаў ва ўмовах узнікнення агульнага рынку ў Еўропе, з аднаго боку, сталі адбывацца перадача рэгіёнам максімальных паўнамоцтваў і замацаванне іх прамых адносін з інстытутамі ЕС. З іншага боку, ствараюцца трансгранічныя рэгіёны для размывання межаў і забеспячэння гарызантальнага «зрошчвання» рэгіёнаў, што часта суправаджаецца іх адчужэннем ад тэрыторыі ўласных дзяржаў. Патрабаванне дасягнення адзінства этнасу апраўдвае неабходнасць сцірання межаў паміж прыгранічнымі рэгіёнамі.

У ходзе «халоднай вайны» і ў выніку «аксамітных рэвалюцый» дэзінтэграцыйныя і інтэграцыйныя працэсы закранулі цэлы шэраг дзяржаў: была аб’яднана Германія, распаліся Чэхаславакія і Югаславія, зніклі такія міжнародныя арганізацыі як Савет эканамічнай узаемадапамогі і Арганізацыя Варшаўскага дагавора.

Пасля перамогі Захаду ў «халоднай вайне» быў усталяваны аднапалярны свет на чале з ЗША. Працэсы сусветнай эканамічнай, палітычнай, культурнай і рэлігійнай інтэграцыі і ўніфікацыі, гэта значыць глабалізацыі, сталі ісці на амерыканскі ўзор.

Сёння свет усё яшчэ нестабільны, ідуць працэсы перафарматавання карты свету, змены дзяржаўных межаў. Цэлы шэраг «каляровых рэвалюцый», узброены канфлікт у Паўднёвай Асеціі ў 2008 г., грамадзянская вайна ў Лівіі 2011, 2014—2020 гг., грамадзянская вайна ў Сірыі 2011—2020 гг., далучэнне Крыма да Расійскай Федэрацыі ў 2014 г., узброены канфлікт на ўсходзе Украіны 2014—2020 гг., вайна ў Нагорным Карабаху ў 2020 г. характарызуюць стан міжнародных адносін. На парадку дня стаіць пытанне аб неабходнасці ўсталявання новай міжнароднай сістэмы (так званай Ялты-2) і замацавання ў міжнародна-прававой сферы прынцыпу непарушнасці межаў і тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржаў (Хельсінкі-2), як гэта было пасля Другой сусветнай вайны.

Пытанні

1. Вылучыце асноўныя перыяды ў міжнародных адносінах другой паловы ХХ ст. Дайце кароткую характарыстыку кожнаму з іх.

2. Успомніце паходжанне тэрміна «халодная вайна», сфармулюйце яго абазначэнне. Якія былі прычыны пачатку «халоднай вайны»? Ці можна лічыць, што прычыны «халоднай вайны» звязаны з вынікамі Другой сусветнай вайны?

3. Якія падзеі міжнароднага жыцця можна разглядаць як праявы «халоднай вайны»? Складзіце табліцу. Калі і чым завяршылася «халодная вайна»?

4. Чаму стала магчымай біпалярная мадэль свету? Ці можна біпалярны свет лічыць устойлівым? Якія ўрокі варта вынесці з «халоднай вайны»?

5. У чым выяўляюцца інтэграцыйныя і дэзінтэграцыйныя працэсы ў свеце? Складзіце табліцу «Міжнародныя і рэгіянальныя арганізацыі, якія ўзніклі пасля Другой сусветнай вайны».

6. Ялцінска-Патсдамская сістэма міжнародных адносін была створана для падтрымання бяспекі і супрацоўніцтва дзяржаў пасля Другой сусветнай вайны. Наколькі ўстойлівай яна аказалася? Ці можна гаварыць аб яе разбурэнні?

7. Якія краіны сёння можна разглядаць як звышдзяржавы? Аргументуйце сваё меркаванне.

Прапануем абмеркаваць

Асаблівае меркаванне