§ 4-2. Узнікненне новых нацыянальных дзяржаў у Еўропе

1. Аб’яднанне Італіі

На працягу стагоддзяў Італія ўяўляла сабой стракатую сумесь дробных дзяржаў, або, як пагардліва адзначаў аўстрыйскі дыпламат князь К. фон Метэрніх, усяго толькі «геаграфічны тэрмін». Да сярэдзіны XIX ст. значная частка краіны ўваходзіла ў склад аўстрыйскай імперыі Габсбургаў.

З уласна незалежных італьянскіх дзяржаў вылучалася Сардзінскае каралеўства, якое ўключала ў сябе П’емонт і востраў Сардзінію. Яно валодала ліберальнай канстытуцыяй і праводзіла антыаўстрыйскую палітыку. Кароль Віктор Эмануіл II меў аўтарытэт сярод італьянскіх патрыётаў, якія выступалі за аб’яднанне Італіі. Яны бачылі ў ім падрыхтаванага і, што асабліва важна, легітымнага лідара. На самай справе Віктор Эмануіл ІІ не быў такім выдатным дзеячам, аднак валодаў добрым пачуццём здаровага сэнсу. Ён праявіў дастаткова мудрасці, калі прызначыў на пасаду прэм’ер-міністра графа Каміла дзі Кавура, які прытрымліваўся ліберальных поглядаў і адыграў важную ролю ў драматычным аб’яднанні Італіі. У пачатку свайго знаходжання на пасадзе ён умацаваў Сардзінію з дапамогай шматлікіх унутраных рэформ, якія зрабілі яе ўзорам італьянскай дзяржавы. У Сардзініі склалася металургічная і машынабудаўнічая прамысловасць, будаваліся чыгункі. Лібералы падтрымлівалі сувязі з нацыяналістычнымі, рэвалюцыйнымі арганізацыямі, якія дзейнічалі на ўсёй тэрыторыі Італіі.

Асноўнай перашкодай на шляху аб’яднання Італіі была Аўстрыя, якая кантралявала большую частку Паўночнай Італіі, і перш за ўсё Ламбардыю і Венецыю. Кавур разумеў: Сардзінія занадта малая, каб справіцца з Аўстрыяй без саюзнікаў. Таму ён імкнуўся дабіцца прыхільнасці Вялікабрытаніі і Францыі, прымаючы ўдзел на іх баку ў Крымскай вайне.

У вайне з Аўстрыяй, якая пачалася ў 1859 г.,  французскія і сардзінскія войскі нанеслі паражэнне аўстрыйцам. Ламбардыя перайшла да Сардзініі, Францыя атрымала Ніцу і Савою, але Венецыя засталася ў складзе Аўстрыі. У той момант ініцыятыву ўзяў на сябе Джузэпэ Гарыбальдзі, які ўдзельнічаў у вайне на баку П’емонта на чале Добраахвотніцкага корпуса. У адрозненне ад Кавура, які прызнаваў выключна дыпламатычныя і палітычныя сродкі барацьбы, ён быў чалавекам рэвалюцыйнага дзеяння. Гарыбальдзі здзейсніў знакаміты гераічны паход у Сіцылію і тым самым надаў новы імпульс аб’яднальнаму працэсу.

Гарыбальдзі сабраў свой корпус і на чале «тысячы» гарыбальдзійцаў, апранутых у ярка-чырвоныя кашулі, 11 мая 1860 г. высадзіўся ў Сіцыліі. У верасні 1860 г. он трыумфальна ўступіў у Неапаль, дзе быў абвешчаны дыктатарам усяго поўдня краіны. На падыходзе да Неапаля адбылася знакамітая сустрэча Віктора Эмануіла II і Гарыбальдзі, які перадаў уладу на поўдні каралю, а сам адасобіўся на востраве Капрэра. Знакаміты рускі рэвалюцыянер-дэмакрат і пісьменнік А. І. Герцэн, які падтрымліваў сяброўскія адносіны з Гарыбальдзі, з горыччу ўспамінаў аб ім: «Ён са жменяй людзей перамог армію, вызваліў цэлую краіну і быў адпушчаны з яе, як адпускаюць ямшчыка, калі ён давёз да станцыі».

У 1861 г. у Турыне сабраўся парламент ад усіх італьянскіх абласцей і аб’явіў аб стварэнні Італьянскага каралеўства на чале з П’емонцкім каралём Вікторам Эмануілам II.

У перыяд аўстра-прускай вайны 1866 г. Італія ўступіла ў саюз з пераможнай Прусіяй і далучыла Венецыю. Затым франка-пруская вайна прымусіла Напалеона адклікаць французскія войскі з Рыма, які быў далучаны да Італьянскага каралеўства. Свецкаму ўладаранню папы рымскага прыйшоў канец. У 1871 г. сталіца Італьянскага каралеўства была перанесена з Фларэнцыі ў Рым. Палітычнае аб’яднанне Італіі завяршылася.