Друкаваць увесь падручнікДрукаваць увесь падручнік

§ 4-2. Узнікненне новых нацыянальных дзяржаў у Еўропе

Ключавая ідэя: Французская рэвалюцыя дала магутны імпульс абуджэнню нацыянальнай самасвядомасці народаў Еўропы, стварыла перадумовы для ўтварэння новых дзяржаў.

Крушэнне Венскай сістэмы міжнародных адносін прывяло да перагляду дзяржаўных межаў са спасылкай на нацыянальныя інтарэсы народаў, а таксама з меркаванняў канкрэтнай выгады. З часам такая палітыка стала называцца рэальнай (realpolitik), гэта значыць палітыкай, што праводзіцца любымі сродкамі, або палітыкай інтарэсаў. Упершыню пад гэтае вызначэнне патрапіла знешняя палітыка Ота фон Бісмарка.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ХІХ - пачатак ХХІ ст. 11 клас
Падручнік: § 4-2. Узнікненне новых нацыянальных дзяржаў у Еўропе
Надрукаваны: Гость
Дата: Аўторак 26 Жнівень 2025 12:06

1. Аб’яднанне Італіі

На працягу стагоддзяў Італія ўяўляла сабой стракатую сумесь дробных дзяржаў, або, як пагардліва адзначаў аўстрыйскі дыпламат князь К. фон Метэрніх, усяго толькі «геаграфічны тэрмін». Да сярэдзіны XIX ст. значная частка краіны ўваходзіла ў склад аўстрыйскай імперыі Габсбургаў.

З уласна незалежных італьянскіх дзяржаў вылучалася Сардзінскае каралеўства, якое ўключала ў сябе П’емонт і востраў Сардзінію. Яно валодала ліберальнай канстытуцыяй і праводзіла антыаўстрыйскую палітыку. Кароль Віктор Эмануіл II меў аўтарытэт сярод італьянскіх патрыётаў, якія выступалі за аб’яднанне Італіі. Яны бачылі ў ім падрыхтаванага і, што асабліва важна, легітымнага лідара. На самай справе Віктор Эмануіл ІІ не быў такім выдатным дзеячам, аднак валодаў добрым пачуццём здаровага сэнсу. Ён праявіў дастаткова мудрасці, калі прызначыў на пасаду прэм’ер-міністра графа Каміла дзі Кавура, які прытрымліваўся ліберальных поглядаў і адыграў важную ролю ў драматычным аб’яднанні Італіі. У пачатку свайго знаходжання на пасадзе ён умацаваў Сардзінію з дапамогай шматлікіх унутраных рэформ, якія зрабілі яе ўзорам італьянскай дзяржавы. У Сардзініі склалася металургічная і машынабудаўнічая прамысловасць, будаваліся чыгункі. Лібералы падтрымлівалі сувязі з нацыяналістычнымі, рэвалюцыйнымі арганізацыямі, якія дзейнічалі на ўсёй тэрыторыі Італіі.

Асноўнай перашкодай на шляху аб’яднання Італіі была Аўстрыя, якая кантралявала большую частку Паўночнай Італіі, і перш за ўсё Ламбардыю і Венецыю. Кавур разумеў: Сардзінія занадта малая, каб справіцца з Аўстрыяй без саюзнікаў. Таму ён імкнуўся дабіцца прыхільнасці Вялікабрытаніі і Францыі, прымаючы ўдзел на іх баку ў Крымскай вайне.

У вайне з Аўстрыяй, якая пачалася ў 1859 г.,  французскія і сардзінскія войскі нанеслі паражэнне аўстрыйцам. Ламбардыя перайшла да Сардзініі, Францыя атрымала Ніцу і Савою, але Венецыя засталася ў складзе Аўстрыі. У той момант ініцыятыву ўзяў на сябе Джузэпэ Гарыбальдзі, які ўдзельнічаў у вайне на баку П’емонта на чале Добраахвотніцкага корпуса. У адрозненне ад Кавура, які прызнаваў выключна дыпламатычныя і палітычныя сродкі барацьбы, ён быў чалавекам рэвалюцыйнага дзеяння. Гарыбальдзі здзейсніў знакаміты гераічны паход у Сіцылію і тым самым надаў новы імпульс аб’яднальнаму працэсу.

Гарыбальдзі сабраў свой корпус і на чале «тысячы» гарыбальдзійцаў, апранутых у ярка-чырвоныя кашулі, 11 мая 1860 г. высадзіўся ў Сіцыліі. У верасні 1860 г. он трыумфальна ўступіў у Неапаль, дзе быў абвешчаны дыктатарам усяго поўдня краіны. На падыходзе да Неапаля адбылася знакамітая сустрэча Віктора Эмануіла II і Гарыбальдзі, які перадаў уладу на поўдні каралю, а сам адасобіўся на востраве Капрэра. Знакаміты рускі рэвалюцыянер-дэмакрат і пісьменнік А. І. Герцэн, які падтрымліваў сяброўскія адносіны з Гарыбальдзі, з горыччу ўспамінаў аб ім: «Ён са жменяй людзей перамог армію, вызваліў цэлую краіну і быў адпушчаны з яе, як адпускаюць ямшчыка, калі ён давёз да станцыі».

У 1861 г. у Турыне сабраўся парламент ад усіх італьянскіх абласцей і аб’явіў аб стварэнні Італьянскага каралеўства на чале з П’емонцкім каралём Вікторам Эмануілам II.

У перыяд аўстра-прускай вайны 1866 г. Італія ўступіла ў саюз з пераможнай Прусіяй і далучыла Венецыю. Затым франка-пруская вайна прымусіла Напалеона адклікаць французскія войскі з Рыма, які быў далучаны да Італьянскага каралеўства. Свецкаму ўладаранню папы рымскага прыйшоў канец. У 1871 г. сталіца Італьянскага каралеўства была перанесена з Фларэнцыі ў Рым. Палітычнае аб’яднанне Італіі завяршылася.

2. Стварэнне Германскай імперыі

Ідэя аб’яднання Германіі лунала ў паветры ад пачатку XIX ст. У перыяд рэвалюцый 1848—1849 гг. яна набыла больш выразныя формы. У другой трэці XIX ст. эканамічная інфраструктура Прусіі — прамысловасць, банкаўская сістэма, дарогі і чыгуначныя зносіны — імкліва развівалася. У выніку Прусія ператварылася ў самую моцную з нямецкіх дзяржаў і далучылася да агульнагерманскага Мытнага саюза. Аўстрыя, наадварот, была выключана з Мытнага саюза і адставала ў эканамічным развіцці, што падрывала яе традыцыйнае вяршэнства ў Германскім саюзе — аб’яднанні, створаным галоўным чынам для таго, каб забяспечыць абарону ад магчымай знешняй агрэсіі. На працягу 1860-х гг. кароль Прусіі Вільгельм I, правіцель з дынастыі Гагенцолернаў, імкнуўся стварыць магутную прускую армію. Абражаны ўпартасцю Заканадаўчага сходу Прусіі, які быў супраць увядзення новых падаткаў, прызначаных для рэфармавання арміі, Вільгельм быў у кроку ад адрачэння, калі прызначыў князя Ота фон Бісмарка на пост міністра-прэзідэнта.

Непераўзыдзены майстар realpolitik, Бісмарк наступным чынам апісваў тое, якой, па яго меркаванні, павінна быць дзяржаўная палітыка: «Надзённыя пытанні сённяшняга дня нельга вырашыць пры дапамозе размоў і пастаноў большасці… але толькі жалезам і крывёю». Бісмарк, па сутнасці, ігнараваў меркаванне прадстаўнічага органа і даў зразумець, што манархія і вайскоўцы будуць дамінаваць у нямецкім палітычным жыцці на працягу бліжэйшых дзесяцігоддзяў. Не выпадкова яго называлі «жалезным канцлерам».

Бісмарк спланаваў тры вайны, каб завершыть аб’яднанне Германіі пад кіраўніцтвам Прусіі. Першай стала кароткая вайна з Даніяй (1864), супраць якой Прусія і Аўстрыя змагаліся разам, каб перадухіліць анексію датчанамі дзвюх княстваў — Шлезвіга і Гальштэйна — са шматлікім немецкім насельніцтвам. Пасля паражэння Даніі Прусія захапіла Шлезвіг, а Аўстрыя — Гальштэйн. Аднак саюз паміж двума прэтэндэнтамі на агульнагерманскае лідарства быў нядоўгім. Устрывожаная агрэсіўнай палітыкай Бісмарка Аўстрыя аб’явіла вайну Прусіі (1866). Прусія валодала новым і лепшым узбраеннем і выдатнай сістэмай чыгунак, па якіх войскі і ваенныя пастаўкі перамяшчаліся в любую кропку з неверагоднай хуткасцю. Прусія атрымала перамогу так хутка, што аўстра-прускі канфлікт стаў вядомы як Сямітыднёвая вайна.

Па мірным дагаворы Прусія атрымала тэрыторыі на поўначы Германіі, якія запоўнілі прамежак паміж усходнімі і заходнімі прускімі землямі, і ўключыла ў свой склад пяць мільёнаў чалавек. Германскі саюз быў распушчаны, і Аўстрыя назаўсёды адмовілася ад прэтэнзій на гегемонію ў адносінах да германскіх дзяржаў. Яна ўжо не магла супраціўляцца аб’яднанню Германіі пад уладай прускіх Гагенцолернаў.

У хуткім часе адбылося аб’яднанне 22 нямецкіх дзяржаў, размешчаных на поўнач ад ракі Майн, у Паўночнагерманскі саюз, які ўзначаліў прускі кароль. Быў створаны агульнагерманскі парламент — рэйхстаг, і мужчынам старэй 21 года было прадастаўлена выбарчае права. Аднак працэс аб’яднання Германіі ўсё яшчэ заставаўся незавершаным, паколькі чатыры каталіцкія дзяржавы ў Паўднёвай Германіі захоўвалі сваю незалежнасць. Канчатковаму аб’яднанню замінала Францыя, якая мела ўплыў на паўднёванямецкія дзяржавы (Баварыю, Бадэн, Вюртэмберг, Гесэн-Дармштат). І Бісмарк пачаў рыхтавацца да чарговай вайны.

Зручны момант надышоў, калі ўзнікла пытанне аб пераходзе ў спадчыну прастола ў Іспаніі. Прускі кароль прапанаваў заняць вакантны прастол у Мадрыдзе свайму далёкаму сваяку прынцу Леапольду Гагенцолерну. Занепакоены перспектывай быць акружаным Гагенцолернамі, Напалеон III выразіў настолькі моцны пратэст, што Вільгельм I пераканаў Леапольда знять сваю кандыдатуру. Незадаволены такой лёгкай дыпламатычнай перамогай, французскі імператар накіраваў свайго пасла на водны курорт у Эмсе, каб атрымаць ад прускага караля гарантыі таго, што кандыдатура Леапольда не будзе вылучацца ў будучыні. Прускі кароль цвёрда, але ветліва адхіліў патрабаванне Францыі і пазней накіраваў інфармацыю аб выніках перамоў Бісмарку ў Берлін. Кіраўнік урада ўбачыў у гэтым нязначным інцыдэнце, як ён сам прызнаваўся пазней, магчымасць «памахаць чырвоным сцягам» перад «гальскім быком». Ён адкарэктаваў тэлеграму караля, якая пазней стала вядомая як «Эмская дэпеша», такім чынам, што французскі пасол і кароль Прусіі выглядалі хіба што не смяротна пакрыўдзіўшымі адзін аднаго, і апублікаваў яе ў друку. Грамадскасць у абедзвюх краінах была абурана, але французы былі настроены больш ваяўніча, і ўрад Францыі першым аб’явіў вайну Прусіі ў ліпені 1870 г.

Як і чакаў Бісмарк, франка-пруская вайна (1870—1871) аб’яднала раздзеленых немцаў. Паказваючы барацьбу як нацыянальную вайну і распальваючы патрыятычныя настроі, Бісмарк уцягнуў у вайну дзяржавы Паўднёвай Германіі, і аб’яднаныя нямецкія арміі ўварваліся ў Францыю. Загартаваныя ў баях прусакі разграмілі слаба падрыхтаваныя і кепска ўзброеныя французскія войскі.

Без асаблівых цяжкасцей нямецкія войскі акружылі асноўныя сілы французаў у раёне Седана, і 1 верасня 1870 г. тут адбылася генеральная бітва, якая скончылася поўным разгромам асноўных сіл французскай арміі — паланеннем больш як 100 тыс. салдат і самога Напалеона III. Гэтак жа трагічна 27 кастрычніка 1870 г. скончылася 70-дзённая абарона Меца. Маршал Ф. Базен без бою здаў ворагу сваю амаль 200-тысячную армію —небывалы выпадак у гісторыі. Катастрофа Седана і Меца вызначыла вынік франка-прускай вайны, прывяла да рэвалюцыі ў Парыжы і канца Другой імперыі.

Яшчэ ў час ваенных дзеянняў 18 студзеня 1871 г. у Люстраной зале Версальскага палаца была абвешчана Германская імперыя, прускі кароль Вільгельм I стаў імператарам Германіі, Ота фон Бісмарк — першым рэйхсканцлерам. У склад новай імперыі ўвайшлі дзяржавы Паўночнагерманскага саюза, паўднёванямецкія дзяржавы і былыя французскія правінцыі Эльзас і Латарынгія, якія былі далучаны да Германіі па мірным дагаворы. Акрамя таго, Германія атрымлівала вялізную кантрыбуцыю. Так у Еўропе ўмацавалася новая цэнтралізаваная дзяржава, у якой бурна развівалася эканоміка і існавалі мілітарысцкія памкненні.

З’яўленне дзвюх новых буйных дзяржаў на еўрапейскім кантыненце прывяло да вялікіх змен у міжнародным жыцці. Францыя жадала рэваншу і вяртання страчаных тэрыторый. Палітычнае становішча ў Еўропе стала больш напружаным, і ў хуткім часе ўтварыліся блокі, якія супрацьстаялі адзін аднаму.

3. Змяненне палітычнай сітуацыі ў Еўропе

Апошняя французская рэвалюцыя стала вынікам паражэння Другой імперыі ў вайне з Германіяй. Галоўным вынікам вайны стала канчатковае крушэнне манархічнага ладу ў Францыі. Важнейшыя вехі на шляху станаўлення Трэцяй рэспублікі — гэта Вераснёўская рэвалюцыя 1870 г. і Парыжская камуна 1871 г.

Рэвалюцыя 4 верасня 1870 г. была стыхійнай. Яна адбылася хутчэй у адказ на капітуляцыю французскай арміі ў Седане. Другая імперыя пала без усялякага супраціўлення. Германскія войскі прыступілі да чатырохмесячнай аблогі Парыжа, які аказаўся ў складаным становішчы, паколькі ў той час стаяла суровая зіма. Абстаноўка ў гораде абвастралася. Рэспубліканскі ўрад баяўся сацыяльнага выбуху і ўсталявання дыктатуры кшталту якабінскай, таму вырашыў капітуляваць і прыняць умовы міру, прадыктаваныя Прусіяй.

Пасля падпісання перамір’я і зняцця аблогі заможныя парыжане выехалі з горада, засталіся толькі беднякі. 18 сакавіка 1871 г. пасля сутыкнення з урадавымі войскамі і правядзення камунальных выбараў была абвешчана Парыжская камуна — урад рабочых і дробных служачых. Ранейшы ўрад выехаў у Версаль, там жа з вызваленых з германскага палону вайскоўцаў была сфарміравана армія, якая ненавідзела парыжан, што ўзнялі мяцеж у час вайны.

Рэвалюцыйны ўрад камунараў паспеў ажыццявіць шэраг папулярных мерапрыемстваў. Важнейшыя з іх — замена пастаяннай арміі ўзброеным народам, увядзенне выбарнасці і змяняльнасці дзяржаўных чыноўнікаў, арганізацыя ўсеагульнай бясплатнай адукацыі, аддзяленне царквы ад дзяржавы, перадача прадпрыемстваў аб’яднанням рабочых, вызваленне парыжан ад запазычанасцей па аплаце кватэр.

У пачатку красавіка пачаліся ваенныя дзеянні паміж войскімі Версальскага ўрада і камунарамі. Міжусобная вайна была жорсткай з абодвух бакоў. Камуна аб’явіла: «Калі версальцы вядуць вайну як дзікуны, то возьмецца вока за вока і зуб за зуб». У парыжан практычна не было ніякіх шанцаў на поспех з прычыны адсутнасці дакладных планаў баявых дзеянняў, слабасці і непадрыхтаванасці ваеннага кіраўніцтва, неарганізаванасці ўрада, які ўяўляў сабой кааліцыю неаякабінцаў, сацыялістаў і анархістаў. У ходзе баёў камунары падпальвалі дамы на шляху версальскіх войскаў, версальцы расстрэльвалі камунараў. Усяго было забіта 30 тыс. чалавек. 28 мая 1871 г. Парыжская камуна пала.

Разгром Парыжскай камуны завяршыў рэвалюцыйную эру ў гісторыі Заходняй Еўропы. Асноўным сродкам грамадска-палітычных пераўтварэнняў сталі рэформы.

Войны 1850—1870-х гг. змянілі расстаноўку сіл у Еўропе. Пасля франка-прускай вайны аслабела Францыя. У выніку Крымскай вайны страціла свае пазіцыі Расія. Надзвычайнай магутнасці дасягнула Германская імперыя. Узнікла пагроза еўрапейскай раўнавазе. Саюз Аўстра-Венгрыі, Расіі і Германіі 1873 г. аказаўся нетрывалым. Пасля Берлінскага кангрэса 1878 г., які ўшчаміў інтарэсы Расіі, Германія і Аўстра-Венгрыя заключылі тайны абарончы дагавор. У 1882 г. да іх далучылася Італія, незадаволеная захопам Францыяй Туніса. Узнік Траісты саюз. У 1888 г. пасля адмовы Германіі Францыя прадаставіла Расіі крэдіт. У 1892 г. Францыя і Расія заключылі ваенную канвенцыю. Тым самым быў адноўлены баланс сіл у Еўропе.

Пытанні

1. Ахарактарызуйце ўнутрыпалітычнае і геапалітычнае становішча Германіі і Італіі ў сярэдзіне XIX ст. Чаму для гэтых краін важнейшай праблемай у XIX ст. стала аб’яднанне?

2. Параўнайце працэс аб’яднання Германіі і Італіі. Складзіце сінхранічную табліцу.

3. Прасачыце працэс змены тэрыторыі Італіі і Германіі ў ходзе аб’яднання. Ці змянілася тэрыторыя гэтых краін у цяперашні час?

4. Вызначце ўклад у аб’яднанне Італіі і Германіі палітычных дзеячаў гэтых краін. У чым праявілася палітычная мудрасць гэтых людзей? Дайце ацэнку іх дзейнасці.

5. У Італіі Д. Гарыбальдзі лічыцца нацыянальным героем. Каго можна лічыць нацыянальным героем? Прывядзіце гістарычныя прыклады і свае аргументы.

6. Як аб’яднанне Германіі і Італіі паўплывала на ўнутранае становішча гэтых краін? Як з’яўленне на карце Еўропы новых дзяржаў паўплывала на змяненне балансу сіл у Еўропе?

Прапануем абмеркаваць

Асаблівае меркаванне