§ 3-2. Напалеонаўскія войны і іх вынікі
1. Уплыў Французскай рэвалюцыі на Еўропу
Французская буржуазная рэвалюцыя была больш радыкальнай, чым рэвалюцыя XVII ст. у Англіі. У буйнейшай еўрапейскай краіне — Францыі — былі цалкам знішчаны феадальныя адносіны. Французская рэвалюцыя стала прыкладам радыкальных грамадска-палітычных пераўтварэнняў. Яна моцна паўплывала на ўсё наступнае гістарычнае развіццё.
Пад яе непасрэдным уплывам пачаўся ўздым антыфеадальных і антыманархічных рухаў у еўрапейскіх краінах. У Ірландыі ў 1797—1798 гг. успыхнула паўстанне, мэтай якога было стварэнне незалежнай Ірландскай рэспублікі. Узмацнілася барацьба за буржуазныя пераўтварэнні і незалежнасць Італіі. У Рэчы Паспалітай пад уплывам рэвалюцыйных ідэй у 1791 г. была прынята Канстытуцыя. Французская рэвалюцыя зрабіла ўплыў і на краіны Лацінскай Амерыкі, якія сталі на шлях барацьбы за незалежнасць.
У XVIII ст. Францыя значна ўзмацніла свае пазіцыі як каланіяльная імперыя, уступіла ў супрацьстаянне з Брытанскай імперыяй, стала яе галоўным канкурэнтам у Еўропе. Францыя, як і Вялікабрытанія, стварыла Ост-Індскую кампанію і развівала гандаль з Індыяй, якую называлі «жамчужынай брытанскай кароны». Французская рэвалюцыя прывяла да аслаблення Францыі, што было вельмі выгадна Вялікабрытаніі.
Аднак Напалеон Банапарт, які прыйшоў да ўлады пасля рэвалюцыі, кінуў выклік Вялікабрытаніі. Ён заключыў саюз з расійскім імператарам Паўлам. Абодва бакі дамовіліся аб сумесных дзеяннях супраць Вялікабрытаніі і паходзе ў Індыю. Вялікі атрад рускіх казакаў быў адпраўлены царом у паўднёвым накірунку, у Сярэднюю Азію. Збліжэнне Расіі і Францыі надзвычай устрывожыла англічан.
Хутка адбыўся замах на Напалеона. 24 снежня 1800 г., калі ён ехаў па адной з парыжскіх вуліц, выбухнула магутная бомба. Загінулі 12 чалавек, 28 атрымалі раненні. Напалеон толькі крыху спалохаўся. Начальнік паліцыі Фушэ не без падстаў намякаў, што заказчыкі замаху знаходзяцца ў Лондане.
Не прайшло і трох месяцаў пасля гэтай падзеі, як група змоўшчыкаў 12 сакавіка 1801 г. забіла рускага цара Паўла I. Удзел у змове прымаў англійскі пасол у Расіі. Новы імператар Аляксандр I адразу ўзнавіў гандаль з Вялікабрытаніяй і адмовіўся ад індыйскага паходу. З нагоды забойства Паўла I Напалеон сказаў: «Яны не патрапілі ў мяне ў Парыжы, затое забілі мяне ў Пецярбургу».